Зрэдку заглядаў у леснічоўку ўраднік. Часцей, чым звычайна, пачаў наведвацца аб’ездчык Абрыцкі. Ён невысокага росту, таўсматы, у вялікай заечай шапцы і хвацкім кажушку. У яго вялікія рыжаватыя вусы, у роце заўсёды дыміць крывая люлька. Прыязджае Абрыцкі верхам у сядле, а ў самыя маразы на важнецкім вазку.
Аб’ездчык лёгка злазіў з сядла, прывязваў да шула свайго каня, заходзіў на кухню, кашляў у кулак і пытаўся, дзе настаўнік, хоць сам чуў Кастусёў голас: у святліцы ішлі заняткі. Убачыўшы аб’ездчыка ці яго каня, настаўнік адпускаў дзяцей на перапынак, а сам выходзіў пагаварыць з Абрыцкім.
Аб’ездчык паводзіў сябе не па-людску: стаяў у парозе, не хацеў садзіцца, хоць дзядзька выдыгаў перад ім, як толькі мог:
— Проша, пане Абрыцкі, проша! Такі дарагі і жаданы госць...
Калі заходзіў Кастусь, аб’ездчык кожны раз пачынаў гаворку адным і тым жа запытаннем:
— Ну, як жывеш? Што робіш?
Відавочна, Абрыцкі атрымаў даручэнне сачыць, чым займаецца звольнены з пасады настаўнік. Гэтая місія была аб’ездчыку не вельмі па душы, але той, хто даваў даручэнне, не лічыўся з яго воляй. Крыўдзіла Абрыцкага і тое, што яму, пажылому ўжо чалавеку, даводзіцца пасвіць жаўтадзюбае птушанё, якое не баялася царскіх улад і не вельмі шанавала панства, што давала прытулак і хлеб яго сям’і. Кажуць, яблыка ад яблыні далёка не адкоціцца, а бач яно як... Міхал быў ляснік добры, служака хоць куды, а яго сын што думае. Вось і вучы мужыка на сваю галаву.
Напрадвесні адбылася ў Кастуся сутычка з аб’ездчыкам. Прымчаў Абрыцкі конна на падворак, накінуў повад на шула і, не прывітаўшыся, пачаў яшчэ з парога лаяць і бэсціць Уладзіка апошнімі словамі: той нешта не ўнаравіў, не так зрабіў, як яму загадаў аб’ездчык. Малыя са страху схаваліся на печ, за камінак. Кастусь, які займаўся з вучнямі ў святліцы, не вытрымаў, выйшаў і сказаў:
— Пасаромеліся б, пане аб’ездчык, так распускаць пры дзецях язык!
— Што?! Як ты сказаў? — вызверыўся Абрыцкі на Кастуся.
Настаўнік смела ступіў крок наперад і спакойна, але рашуча прамовіў:
— Зачыніце, калі ласка, пане аб’ездчык, дзверы з таго боку!
Абрыцкі не чакаў такога павароту, ён падаўся назад, спатыкнуўся аб парог і, як ачмурэлы, выскачыў з хаты...
Пасля гэтага здарэння аб’ездчык пачаў нагаворваць ляснічаму Рачкоўскаму, што ў Смалярні знайшоў прытулак «бунтаўшчык» і «забастоўшчык», і чакаў толькі выпадку, каб прычапіцца да Уладзіка і выгнаць яго са службы. Надыходзіў зручны момант для гэтага: вясною ў лясніцтве ішла ператасоўка леснікоў, іх пераводзілі з месца на месца. Калі ж пастарацца не проста перавесці Уладзіка Міцкевіча, а вытурыць яго з княжацкіх леснікоў, то адпадзе сам сабою абавязак дакладваць жандармскаму падпалкоўніку Солату пра настаўніка.
Доўга меркаваць, як гэта зрабіць, Абрыцкаму не трэба было. 3 восені ў лесе каля Цёмных Лядаў і Арцюхоў хадзіў паранены кімсьці ў нагу лось. Уладзіка цягалі да ляснічага на допыт, але ўсё абышлося: гэта была не яго віна.
Усю зіму кульгавага лося не было відаць, а нядаўна Абрыцкі ўбачыў яго каля Сверанава. На чарговай сесіі аб’ездчык накінуўся на Уладзю:
— Падбіты лось твая работа?
— Дальбог, паночку, не!
— Чакайце, чакайце! — прыгразіў Абрыцкі.— Ты і твой вельмі разумны браценік мяне папомніце...
Расказаў Уладзік дома пра гэту размову.
— Не зважай от,— махнуў рукой дзядзька Антось.— Дрэнчыць яго нейкая трасца...
Восенню ў лясніцтве не прыйшлі да пэўнага скутку адносна лася. Цяпер Абрыцкі зноў падварушыў гэтую справу, заявіў Рачкоўскаму, што ў яго ёсць дакладныя звесткі, чыіх рук гэта работа. Праўда, прозвішча вінаватага ён не назваў, але леснікі ўжо здагадваліся, каго ён мае на ўвазе.
Стары панскі служака Уладзіслаў Абрыцкі цвёрда вырашыў прагнаць Уладзю. Да гэтага ён рыхтаваўся старанна і ўмела. Многае залежала ад обер-аб’ездчыка Юзіка Арцюшэўскага. Трэба было яму ўбіць у галаву, што Міцкевіч кепска выконвае свае абавязкі, не даражыць службаю. Нібыта ён не аднаго лася ўлажыў, а што да сарнаў, то тым і ліку няма...
Хітраму старому воўку Абрыцкаму лёгка ўдалося настроіць Арцюшэўскага супраць Уладзіка. Праўда, той і сам быў крыху вінаваты. Неяк пайшоў Уладзя ў абход і, як на тое вяло, не ўзяў з сабою трубы. А тут адкуль ні вазьміся тройчы затрубіў у рог старшы, выклікае да сябе. У такім выпадку лесніку трэба падаць голас сваёй трубой і спяшацца на панскі кліч. Уладзіку нічога не заставалася рабіць, як загалёкаць на ўвесь лес:
— Чую! Чую! Іду, паночку!
Кінуўся ён напярэсцігі, а снег глыбокі ў кустах, правальваешся па пояс. Пакуль выйшаў на дарогу, рог чуваць ужо з другога боку, недзе каля Задвор’я. Кінуўся туды, упрэла спіна, твар заліло потам. За хвойнікам, каля вёскі, чакаюць яго конна Арцюшэўскі з Абрыцкім.
— Ты чаму, галгане, не адказваеш на мой сігнал? — накінуўся обер.
— Труба сапсавалася, паночку! — не знайшоў што іншае сказаць Уладзік.— Бляхару аддаў паправіць.
Нічога яны не адказалі, адразу пагарцавалі ў леснічоўку. Уладзік, змораны і збянтэжаны, паплёўся за імі ззаду.
Абрыцкі ўскочыў у хату і закрычаў:
— Дзе труба?!
У хаце ляжаў на палку хворы дзядзька Антось. Ён спрасонку адказаў: