Аднак нудзіўся сёлета ён не так доўга. Як толькі зірнула па-вясноваму на турэмны двор сонца, яго неспакой і ўтрапенне як рукой зняло. Мабыць, дапамагло тое, што ён пачаў пісаць вершаванае апавяданне «Як дзядзька ездзіў у Вільню і што ён там бачыў». У аснову яго была ўзята гісторыя Антосевых паездак, звязаных з афармленнем продажу зямлі, на якую пры куплі бралі пазычку ў Віленскім зямельным банку. Кастусь расказаў гэтыя падзеі дзядзьку Карусю, а той насеў:
— Вазьмі напішы. Такі цікавы твор атрымаецца, а я зраблю да яго малюнкі.
Узяўся Кастусь і так уцягнуўся ў работу, што зноў, як апантаныя, пабеглі дні. Гэта цешыла аўтара, і ён не здаваў тэмпу. Даўно Кастусь заўважыў: калі творча працуецца, то і на сэрцы весялей, і час ідзе хутчэй.
Перастане пісаць — і нэндза агортвае душу. Таму, яшчэ водзячы Антося з Грышкам Верасам па Вільні, ён задумаў паказаць любімага дзядзьку не толькі ў гарадскіх, нязвыклых для яго абставінах, а павесці ў Ласток і Альбуць, каб і самому прайсціся незабыўнымі сцежкамі маленства.
Лежачы на турэмным сенніку, ён у думках пераносіўся ў далёкае мінулае, і ўсё перажытае паўставала перад яго вачыма нанова, у паэтычным святле і прыгажосці. Было тады ўсё: і голад, і холад, але цяпер успаміналіся толькі радасныя і вясёлыя падзеі. Памяць быццам адсейвала ўсё кепскае і захоўвала толькі добрае і прыемнае. Што ён даў бы, каб хоць на адзін дзянёк вырвацца з турэмнай задухі і з дзядзькам Антосем заглянуць на Нёман, пасядзець за хатнім сталом, паслухаць песні лясных жаваранкаў...
Яшчэ ў самым разгары была работа над вершаваным апавяданнем, яшчэ дзядзька Антось падыходзіў толькі к банку, а Кастусю не давалі спакою, прасіліся на паперу радкі:
Мой родны кут, як ты мне мілы!..
Забыць цябе не маю сілы!
Не раз, утомлены дарогай,
Жыццём вясны мае убогай,
К табе я ў думках залятаю
I там душою спачываю...
Былі ў яго паасобныя сцэнкі дамашняга побыту, складзеныя ім даўно і не раз чытаныя зімовымі вечарамі яшчэ ў Альбуці:
Хадзіў па лесе зранку бацька,
У Нёмне рыбу вудзіў дзядзька,
А старшы хлопец пасвіў статка,—
Адна у хаце з дзецьмі матка...
А ззаду, узяўшысь за спадніцу,
За ёй ішоў Юзік-шаляніца,
Ахвотнік рэпай пажывіцца
Або ў садок у вішні ўбіцца...
Даўно напісаны былі і іншыя замалёўкі, асабліва шмат іх прысвячалася дзядзьку Антосю. Інакш і быць не магло: дзядзька ўмеў ладзіць з пляменнікамі, заўсёды знаходзіў для іх цікавую гульню ці забаўку.
Закончыўшы вершаванае апавяданне пра дзядзькавы прыгоды ў Вільні, Кастусь пераключыўся на альбуцкія ўспаміны. Памалу ажывалі даўно знаёмыя мясціны: ціха шумелі асіны, што разам з хвоямі абступалі леснічоўку, булькала ў алешніку крынічка, а на старых пахіленых вербах прабіваліся першыя кволыя лісточкі... Цудадзейную сілу мае паэтычнае слова! Дзякуючы яму не толькі ўзнаўляліся ў памяці мілыя сэрцу драбніцы даўняга клопату і радасці, але і лячыліся балючыя турэмныя раны.
Зноў вярнуўся колішні творчы настрой, бадзёрасць і сіла. Увесь час паміж ранішняй і вячэрняй прагулкай на астрожным двары ён сядзеў над новым творам. Былі ўжо амаль цалкам закончаны раздзелы «Раніца ў нядзельку» і «Леснікова пасада», «Смерць ляснічага», але пэўнага плана паэмы ў Кастуся яшчэ не было. Ён увесь час думаў над тым, каб неяк скампанаваць, аб’яднаць у адзінае цэлае вершаванае апавяданне пра дзядзькавы прыгоды і новыя раздзелы. Трэба было знайсці нешта такое, што звязала б разрозненыя раздзелы. Але што?
Рашэнне з’явілася нечакана. Кастусю прыйшла чарга кухарыць, у памочнікі да яго напрасіўся Цярэшка. Сядзелі яны ўдвух, абіралі бульбу, гаварылі пра волю: у ліпені 1911 года Мацей адбываў свой трохгадовы тэрмін.
— Абрыдла тут мэнчыцца,— казаў Цярэшка.— Рукі даўно сумуюць па плузе і касе... Зямля для селяніна — родная маці. Яна мілая і дарагая карміцелька...
«Зямля — вось што аснова»,— прыйшлі раптам на памяць бацькавы словы. Бедны, не дачакаўся ён свае зямлі. Праз цяжкія выпрабаванні і пакуты набылі сваю палоску маці з дзядзькам Антосем і Уладзікам. Аддалі зямлі яны многа сіл і яшчэ аддадуць, але ці знойдуць шчасце, якое шукаюць?..
Вядома, зямля — найпершая ўмова сялянскага шчасця, яна аснова яго дастатку і дабрабыту. Так думаў бацька, так думае маці, так здаецца і яму, Кастусю. Аднак маскоўскі рабочы Аляксандр Голуб, якога нядаўна пасадзілі ў іхнюю камеру, кажа, што селяніну мала свае зямлі, каб па-людску жыць на свеце. Трэба яму перш за ўсё свабода.
Як бы там ні было, а зямля ёсць зямля. Яна пакуль што аснова сялянскага жыцця. Таму хай зямля будзе ў цэнтры ўвагі паэмы. Можа, і назваць паэму «Зямля»? Бацька збіраўся на сваёй зямлі пачынаць жыццё нанова, на новы лад... Дык няхай і паэма называецца «Новая зямля». Яму яшчэ самому няясна, як выкіруецца сюжэт, але хочацца паказаць дзядзьку Антося, бацьку і маці так, каб усе пабачылі працавітага беларуса, зразумелі яго душу і сэрца. Зачын, здаецца, зроблены някепскі. Дзядзька Карусь хваліць. Дый яму і самому падабаюцца некаторыя мясціны.