Рэшту вечара Бася правяла надзьмуўшыся і на Міхала, і на бацьку, прычым на другога яна злавалася зза праяўленай з яго боку несправядлівасці, а вось першы не толькі пазбавіў з самага ранку настрою, але яшчэ і зрабіўся падставай для гэтай самай несправядлівасці. Таму юнак заслугоўваў самага страшнага пакарання, аднак больш за ўсё дзяўчынку засмучвала тое, што ён аб сваіх правіннасцях нават не ведаў. Але адзінае, што яго выратоўвала, дык гэта перыядычныя ўзгадванні пра баланс, хаця ў асобныя моманты Бася сама была гатовая выступіць у ролі найвышэйшай сілы, каб усе атрымалі па заслугах.
Ужо перад самым сном, калі дзяўчынка чысціла зубы, раптам зазваніў тэлефон. Спешна адпляваўшыся ад пены і апаласнуўшы рот, Бася схапіла ручнік і, на хаду выціраючы твар, падбегла да ложка, дзе пакінула слухаўку.
– Баська, прывітанне! – пачула яна голас Міхала, які гучаў весела, але неяк стомлена. – Ты мне сёння званіла?
– І званіла, і пісала, потым нават пакрыўдзілася, але пакуль не ведаю, як паводзіць сябе далей. Залежыць ад таго, што ты мне раскажаш, – прамовіла яна.
– А я і ўчора, і сёння ўвесь дзень быў на працы, вось толькі зараз дадому дабраўся, уключыў тэлефон.
– Што гэта за праца ў цябе такая? – здзівілася Бася.
– Тут доўга распавядаць, таму ўсё пры сустрэчы!
– Ага, я сёння якраз і хацела з табой сустрэцца.
– Мне зараз будзе складана вызваліцца на выхадныя, – паведаміў Міхал. – Затое будні ёсць свабодныя.
– Нішто сабе! – усклікнула Бася. – А ў мяне, між іншым, усё наадварот.
– І што будзем рабіць?
– Ну, не ведаю. Бацькі вунь увогуле забараняюць мне з табою бачыцца…
– Чаго?! – не зразумеў юнак.
– Чагочаго, – перадражніла яго дзяўчынка. – Сумняваюцца наконт цябе.
– Гэта з якой прычыны? – сур’ёзным тонам спытаў Міхал.
– Калі шчыра, то я тут выпадкова сказала, што была ў цябе дома, а тата неяк востра гэта ўспрыняў…
– Ну, Баська! – дакарыў яе юнак. – Вось хто цябе за язык цягнуў?
– А што тут такога? Асабіста я не разумею, – пацепнула плячыма дзяўчынка.
– Я б на яго месцы таксама раззлаваўся.
– От ужо мне гэтыя вашыя дзікунскія забабоны! – уздыхнула яна. – Падумаеш, зайшла ў госці…
– Напэўна, твае бацькі больш не пусцяць мяне ў дом… – бедаваў Міхал.
– Затое бабуля скардзілася, што ты да яе даўно не заходзіў. Так што можам употайкі сустракацца ў яе, – супакоіла яго Бася і тут жа павалілася спінай на ложак, давячыся ад рогату.
– Кінь здзекавацца, калі ласка, – папрасіў юнак. – Зза цябе я трапіў у двухсэнсоўнае становішча, а адказваць яўна давядзецца мне аднаму.
– Ды годзе табе, усё добра. – Дзяўчынка села і надала сабе дзелавы выгляд, няхай Міхал яе і не бачыў. – Насамрэч тата сказаў, што сустракацца можна, але рэдка і толькі калі ён дома. Так што я пагавару з ім, каб ён унёс цябе ў свой графік.
Яна зноўку зарагатала і кінулася на бок, няўрокам націснуўшы шчакой кнопку адбоя. Войкнуўшы, Бася заспяшалася перазваніць сябру, пакуль ён не паспеў пакрыўдзіцца.
– Выбачай, нешта адключылася. Дык калі ты да нас завітаеш?
– Тут бы спачатку разабрацца, ці можна ўвогуле да вас завітаць, – адгукнуўся юнак і крыху пасоп у слухаўку. – А мо мне самому патэлефанаваць твайму бацьку?
– Уу, не! – адразу адхіліла такую ідэю яна. – Гэта ён палічыць як мінімум нахабствам, так што твой званок толькі ўзмацніць яго незадавальненне. Ты лепей проста да нас прыходзь, праўда.
– Я падумаю, – сказаў Міхал.
– Ну падумай. А пакуль дабранач! – пажадала Бася і адключылася першай.
Усё ж такі прыемна было ўсведамляць, што ён таксама перажывае і, акрамя таго, нават трохі пабойваецца яе бацькоў. З гэтай шчаслівай думкай Бася і заснула.
Раздзел 5
Нягледзячы на Басіна запрашэнне, у бліжэйшыя дні Міхал у госці так і не зайшоў. Таму ёй нічога не заставалася, акрамя як нагадаць яму пра гэта. Аднак юнак памятаў пра сумневы, якія з’явіліся ў яе бацькоў, і не выказваў асаблівага жадання паказвацца ім на вочы.
– Тады хадзем куды-небудзь у горад, – прапанавала дзяўчынка падчас тэлефоннай размовы.
– А табе дазволяць? – спытаў ён.
– Ну вядома, дазволяць! Ужо неяк я дамоўлюся, – фыркнула Бася. – Напрыклад, у нас у школе раздаюць квіткі на канцэрт сярэднявечнай музыкі. Не хочаш схадзіць?
– Вось гэта без мяне, – адразу адмовіўся Міхал.
– Чаму? Яна ж такая прыгожая! Дый увогуле, гэта адгалосак з тваіх часоў, – прыцішыла яна голас, каб бацькі раптам не пачулі яе і не сталі зноў задаваць недарэчныя пытанні.
– Ніколі цярпець не мог такую музыку, – суха прамовіў юнак.
– Ды годзе!
– Ну праўда, не люблю, – паўтарыў Міхал.
– Добра, буду ведаць, – дзяўчынка пачала пракручваць у галаве варыянты.
– А можа, ты да мяне ў Тракай прыедзеш? – раптам сказаў юнак.
– Ты пераязджаеш?! – спудзілася Бася.
– Ды не. Проста якраз там я і працую, – патлумачыў ён. – У замку.
– Ого! – усклікнула дзяўчынка. – Водзіш экскурсіі як сучаснік яго жыхароў часоў кіравання Жыгімонта ІІ Аўгуста?
– Папершае, я ніколі не ездзіў у Трокі падчас кіравання Жыгімонта ІІ Аўгуста, а падругое, для мяне знайшлася іншая работа.
– Давай распавядай, а то ўсё цямніш-цямніш, нічога канкрэтнага ад цябе не даведацца, – патрабавальным тонам сказала Бася.
– Я працую рыцарам.