– Незвычайныя ў яго загадкі, – сказаў тата.
– Ну, гэта ж пан Альбрыхт, – дзяўчынка ўжо пашкадавала, што прынесла нататнік, і ўсімі сіламі намагалася скончыць абмеркаванне.
– Трэ будзе неяк завітаць у яго краму, – пераглянуліся бацькі.
– А ён усё роўна зараз у шпіталі, – вырашыла хаця б тут не маніць Бася: калі яны раптам зойдуць у краму старога і даведаюцца, што там адбылося, то пытанняў паўстане яшчэ больш, і адказваць на іх будзе значна складаней.
– У шпіталі? Штосьці сур’ёзнае? – адразу ўсхваляваліся мама з татам.
– Нешта з сэрцам, – туманна сказала дзяўчынка. – Усётакі ён ужо далёка не малады.
– Усё роўна, – працягнула матуля. – Неяк нечакана. Зусім нядаўна вы ездзілі на мора…
– Ну, бывае такое. Добра, што гэта здарылася не там, а ў го радзе. – Размова пра старога ўжо пачала надакучваць ёй, і Бася зноў звярнулася да бацькі: – А калі можна будзе напісаць твайму таварышужурналісту?
– Чакай, мабыць, тады пана Альбрыхта трэба наведаць? – спыніў ён дачку.
– На гэта ён мае пляменніка, – нагадала мужу мама.
– Ну добра, – трохі паразважаўшы, пагадзіўся тата і сказаў дачцэ: – Тады хадзі зрабі здымкі старонак, а я дам табе адрас Стасіса і папярэджу яго, што ты напішаш.
– Дзякуй, татулечка! – Бася падхапілася і моцна абняла бацьку.
– «Дзякуй» зашмат, лепей грашыма, – павучальна прамовіў тата, узняўшы ўказальны палец.
– Адпрацую! – азвалася дзяўчынка і, смеючыся, пабегла наверх, каб узяць фотаапарат.
Раздзел 4
З моманту, як Бася адправіла фотаздымкі з нататніка Эль-Анабі, прайшло некалькі дзён. Дзяўчынка і не чакала, што татаў сябар па вайсковых гадах адкажа ёй адразу, аднак паштовую скрынку правярала акуратна па некалькі разоў на дзень. Яна вырашыла, што не будзе забіваць сабе галаву думкамі пра пазбяганне бязлітаснага лёсу, прызначанага люстрам ёй і Міхалу, пакуль не даведаецца, аб чым рабіў запісы араб. А нешта падказвала Басі, што яны абавязкова будуць згадваць Ключ. Таму дзяўчынка забараніла сабе пустыя хваляванні і чакала новых звестак, без якіх яна не магла рухацца далей.
Хаця пан Альбрыхт і казаў, што невядома, калі можа спрацаваць прынцып балансу, Бася паразважала і прыйшла да высновы, што дома хавацца нельга. Перш за ўсё, кожны дзень ёй трэба хадзіць у школу. Да таго ж вонкавыя пагрозы ў асобе Эль-Анабі і яго наймітаў на дадзеным этапе адпалі, ніякіх ваенных канфліктаў, на шчасце, не планавалася. Са здароўем у яе ўсё было добра, хаця цяпер яна пільна прыслухоўвалася да свайго арганізма ў любую вольную хвіліну.
Заставаўся толькі які-небудзь форсмажор, але тут проста трэ было асцярожна пераходзіць дарогу і ўвогуле азірацца.
Карацей, за сябе Бася не турбавалася. А вось за Міхала – увесь час. Вядома, яна не магла кантраляваць кожны яго крок, няхай і хацелася. Насамрэч ёй было б дастаткова ўсяго толькі штодзень бачыцца з ім ці на худы канец сазвоньвацца, каб ведаць, што ў яго ўсё ў парадку. Але ён упарта не даваў ажыццявіць гэтую простую патрэбу. Увесь час заняты: то курсы, то нейкія іншыя бясконцыя справы, а зараз яшчэ і праца будзе. Дзяўчынцы здавалася, што ўсё ідзе да таго, каб неўзабаве сустракацца не часцей, чым адзін раз у месяц, а можа, і радзей. Але гэта ніяк не ўваходзіла ў яе планы. Тым больш што жылі яны не ў лесе і не ў пустыні, а ў шматлюдным горадзе, дзе на яе месцы ў любое імгненне мог з’явіцца нехта іншы. Гэта хвалявала да такой ступені, што ажно млела патыліца. Таксама хваляваў матацыкл. Навошта толькі яна расказала пра яго Міхалу? Бяспечнейшы від транспарту ёй чамусьці у галаву не прыйшоў, хаця ліха, у прынцыпе, паўсюль знайсці можна.
За трывожнымі роздумамі Бася і не заўважыла, як падышла нядзеля, а гэта значыла, што прыйшоў паўнавартасны выхадны і нішто не перашкаджала ёй прыемна правесці яго з Міхалам. Усё ж такі нельга сказаць, што ў мінулую сустрэчу яны пасварыліся. Ну не пагадзіліся наконт пана Альбрыхта, бывае. Таму можна было не баяцца проста патэлефанаваць юнаку і запрасіць куды-небудзь схадзіць.
Пасля снедання Бася пайшла да сябе і набрала яго нумар, аднак аўтаматычны голас паведаміў ёй, што абанент недаступны.
«Няўжо спіць?» – здзівілася дзяўчынка, зірнуўшы на гадзіннік, які паказваў палову на адзінаццатую.
Падумаўшы, што Міхалу можна дазволіць такую раскошу, хаця позні пад’ём, як ёй здавалася, і не ўваходзіў у яго звычку, Бася ўключыла камп’ютэр. Ёй прыйшло у галаву, што варта паглядзець, куды б можна было сёння схадзіць, каб атрымаўся не звычайны шпацыр па звыклым маршруце – усё ж не лета – і не маркотнае сядзенне ў якой-небудзь кавярні, адкуль юнак так і наравіў кудысьці збегчы, а насычаная праграма, якая б спадабалася ім абаім.
Адшукаўшы некалькі варыянтаў, дзяўчынка зноўку пацягнулася за тэлефонам, але Міхал паранейшаму быў недаступны. Басі гэта катэгарычна не спадабалася, хаця сказаць, чаму канкрэтна, яна не магла. Таму яна проста вырашыла пачакаць. Як на злосць, надвор’е толькі паляпшалася, восеньскае сонца заззяла так, што нават пачыналі слязіцца вочы.
– А ведаеш што? – у дзвярах з’явілася мама. – Мы з татам вырашылі, што сёння проста ні ў якім выпадку нельга сядзець дома.