28 чэрвеня Міхал зноў прынёс газету, у якой паведамлялася, што ў Сараева разам з жонкай быў забіты эрцгерцаг Фердынанд.
– Добра, што заўтра мы вяртаемся! – з палёгкай сказала Бася. – Ты не ўяўляеш, што тут хутка распачнецца.
– Шчыра кажучы, нават уяўляць не хачу, – прызнаўся Міхал. – Лепей я даведаюся пра гэта з кніг. Ці ты мне распавядзеш.
Увесь наступны дзень сябры вартавалі ў люстраным пакоі. Яны зноў пераапрануліся ў сваю вопратку з ХХІ стагоддзя, забілі праход у кабінет дошкамі, надаўшы яму ранейшы выгляд, акрамя таго, пакінулі на падлозе лямпу і новы пачак запалак на выпадак, калі пану Альбрыхту раптам прыйдзе ў галаву вярнуцца ў 1914 год.
Калі па люстры пачалі мільгаць невыразныя цені, Міхал і Бася звыкла ўсталі плячо ў плячо і, дачакаўшыся, пакуль знікнуць іх адлюстраванні, сінхронна працягнулі рукі да шкляной паверхні. Сябры тут жа апынуліся ў ХХІ стагоддзі, дзе іх ужо чакаў пан Альбрыхт, чый твар выяўляў адначасова нецярплівасць і палёгку.
– Ну што? – намагаючыся не выдаць сваё хваляванне, спытаў ён.
– Ну вядома, ні вам добрага дня, ні як вы пачуваецеся, – прабурчала Бася. – Самі ж мне нядаўна заўвагу рабілі! Адразу вам Венеру давай.
– Па вашых жыццярадасных абліччах я зразумеў, што з вамі ўсё добра, – эгаістычна заявіў пан Альбрыхт. – Але тым не менш мне карціць даведацца, дзе Венера.
– У нас, не хвалюйцеся! – супакоіў яго Міхал і працягнуў старому невялічкі мяшэчак, куды быў схаваны кабашон.
Пан Альбрыхт асцярожна ўзяў мяшэчак у рукі і, паклікаўшы за сабой Басю і Міхала, прайшоў у кабінет. Сябры паспяшаліся за ім.
– Дарэмна мы яе адразу аддалі. Трэ было прыкінуцца, што мы забылі Венеру з таго боку, – прашаптала Бася юнаку. – Вось тлуму было б!
– Не смешна, – прабурчаў Міхал, відаць, прыгадаўшы, як стары адрэагаваў на вестку пра страту манеткі. – Яму тады блага зрабілася, немаведама, што б зараз было. З ім так жартаваць нельга.
Тым часам пан Альбрыхт выняў з мяшэчка Венеру і праз лупу дбайным чынам яе агледзеў. Потым ён узяў са стала сшытак, у якім быў апісаны механізм дзеяння Ключа, і разгарнуў старонку, дзе была намалявана Венера і зроблены подпісы да яе.
– А што, кожны элемент таксама апісаны, як і агульная прылада? – здзівілася Бася.
– Зразумела, але гэтыя запісы недастаткова дакладныя. Я ж распавядаў вам, што рабіць копіі па іх немагчыма. Але ўсё ж такі, мяркуючы па тым, што тут напісана, – пан Альбрыхт паглядзеў праз кабашон на святло, а потым праверыў малюсенькае кляймо, – магу зрабіць выснову: гэты камень – менавіта тое, што мы шукалі!
Міхал з Басяй задаволена зірнулі адно на аднаго.
– Ведалі б вы, з якой цяжкасцю мы яе атрымалі! – шматзначна заявіла дзяўчынка, падрыхтаваўшыся ва ўсіх фарбах апісаць старому іх прыгоды.
– О, я з асалодай выслухаў бы зараз усе дэталі вашай вандроўкі, але мне на дадзены момант трэба пабыць аднаму, каб больш уважліва даследаваць Венеру, а потым неабходна будзе пайсці… – раптам замітусіўся стары, відаць, жадаючы хутчэй пазбавіцца Міхала і Басі.
– То бок далей вы будзеце збіраць Ключ без нас? – з крыўдай у голасе выказала здагадку дзяўчынка.
– Ні ў якім выпадку! – усклікнуў пан Альбрыхт, хаця яго тон не здаўся ёй пераканаўчым. – Я толькі хацеў сказаць, што мне трэ добра пра ўсё паразважаць, пра нашы далейшыя дзеянні. Проста пакуль, сябры мае, вам лепш не выяўляць уласнай ініцыятывы з пункту гледжання практыкі. Справа ж у бліжэйшы час можа прыняць сур’ёзны кірунак…
– Здарылася штосьці яшчэ? – занепакоіўся Міхал.
– Не, што вы! – стары паспяшаўся запэўніць юнака ў адваротным. – Дзякуй богу, нічога кепскага больш не адбылося. Проста мне здаецца, што для перастрахоўкі будзе лепей, калі да пары вы не будзеце так часта з’яўляцца ў маёй крамцы і вернецеся да звычайнага ладу жыцця, – параіў стары, зноў трапятліва схіліўшыся над кабашонам і цалкам паглыбіўшыся ў свае думкі.
– Але рэч у тым, што ў Рэймсе мы сутыкнуліся з паліцыяй, – важка прамовіў юнак.
– Паліцыяй? – безуважліва перапытаў пан Альбрыхт, а потым, асэнсаваўшы сказанае, сур’ёзна спытаў: – Пры якіх абставінах?
Міхал з Басяй сцісла распавялі яму пра візіт да Штэрнаў і яго наступствы, пасля чаго стары з яшчэ большым імпэтам узяўся ўпэўніваць іх у тым, што цяпер сябрам трэ як мага радзей заходзіць да яго, бо рэймская паліцыя магла быць як непаразуменнем, так і сведчаннем таго, што пра Венеру ведаў і нехта іншы. І, магчыма, гэты іншы меў дачыненне да бандытаў з Прагі. Аднак, убачыўшы на тварах юнака і дзяўчынкі поўную нязгоду, пан Альбрыхт сказаў:
– Калі хочаце, вы можаце заняцца тэарэтычным бокам пытання.
– Значыцца, нам можна ўзяць ваш сшытак і элементы? – Бася недаверліва паглядзела на старога.
– Не, гэтага я вам, вядома, не дазволю, аднак вы можаце сфатаграфаваць старонкі сшытка і як мае быць ва ўсім разабрацца, – велікадушна прапанаваў пан Альбрыхт.
– Добра, – нехаця працягнула Бася і, ускочыўшы на ногі, пацікавілася: – Куды вы схавалі маю торбу з фотаапаратам?
Пан Альбрыхт паказаў ёй на фатэль, што стаяў за метр ад дзяўчынкі.