– Слухай, мне пра гэта няма калі думаць, – нецярпліва адмахнуўся ад яе юнак. – Я ж з гэтымі бабулькамі яшчэ займаюся, дык яны мяне так загружаюць, што проста немагчыма трываць. Самае жахлівае – яны ніколі не лаюць мяне, калі я нешта не вывучыў ці не зразумеў, але так глядзяць, што я адразу пачынаю адчуваць сябе поўным ідыётам!
«Ты і ёсць поўны ідыёт!» – ледзь не выбухнула з прыкрасцю Бася, якая засталася незадаволеная адказам Міхала.
– Ты ад тэмы не ўхіляйся! – нібы жартам сказала яна. Юнак зрабіў выгляд, што не пачуў яе.
– Ой, слухай, мне ж на курсы ужо трэ ісці, – нечакана паведаміў ён, зірнуўшы на гадзіннік. – Столькі часу на паркоўку марнуецца, проста жах. Таму я лепей пабягу.
– І што тут паркавацца?! – Бася разгублена паглядзела на яго.
– Ды не, тут, вядома лухта, а вось каля ўніверсітэта не заўсёды атрымліваецца, – ужо намотваючы на шыю шалік, сказаў Міхал. – З тэкстам праўда сама разбярэшся?
– Так, – прабурчала дзяўчынка. – Мне і малюнкаў хапае.
– Калі што, ты мне можаш пазваніць і я табе проста па тэлефоне ўсё распавяду! Ну ўсё, бывай!
Ён імгненна знік, пакінуўшы Басю ў здзіўленні.
– Ага, табе дазвонішся, – прабурчала яна і адчула, як яе крыўда на Міхала пачынае расці з новай сілай. – Нават дадому праводзіць не прапанаваў!
У гэты момант юнак зноўку замільгаў сярод натоўпу, шукаючы вачыма Басю. Дзяўчынка ўзрадавалася была, што ён вярнуўся, але тут жа панурылася, калі Міхал жыццярадасна сказаў:
– Зусім забыўся: я ж цяпер маю электронны адрас! Ёсць куды запісаць?
– Так, дыктуй, – прабурчала Бася, выцягваючы з кішэні тэлефон.
Міхал сказаў ёй свой адрас і, узяўшы з яе слова, што яна абавязкова напіша яму гэтым жа вечарам, зноў пайшоў, чым канчаткова засмуціў Басю, якая так і засталася самотна сядзець у кавярні.
Раздзел 12
Вырашыўшы на некаторы час пакінуць убаку свае роздумы пра змяненні ў зносінах з Міхалам, Бася высветліла, што за апошнія пару тыдняў яна займела колькі сур’ёзных запазычанасцей у школе па такіх не самых сур’ёзных прадметах, як геаграфія і літаратура. Таму яна дала сабе ўстаноўку адкласці клапатлівую тэму сваіх думак і прысвяціць сябе вучобе – у рэшце рэшт, яе жыццё ж не засяроджваецца толькі на Міхале!
Калі з літаратурай дзяўчынка зладзіла дастаткова лёгка, адкруціўшыся мастацкім чытаннем вершаў на памяць, дык з геаграфіяй усё выходзіла значна горш. У той час як парачка завучак з паралельнага класа прыйшла да іх на ўрок, каб прадставіць свой грандыёзны праект пра мараходства, што славіўся на ўсю школу, дзяўчынцы выпала сесці за апошнюю парту і напісаць кантрольную работу, якую яна прапусціла з-за сваёй вандроўкі ў залюстроўе. Карпеючы над бясконцым спісам пытанняў, Бася адным вухам слухала натхнёныя гісторыі пра смелых мараплаўцаў і іх адкрыцці, пра якія, як ёй здавалася, і так усе ведаюць.
– Але самае надзвычайнае – гэта тое, як мараплаўцы пракладалі свой шлях! – Дакладчык з выразнасцю паглядзеў на слухачоў, кожны з якіх быў заняты сваёй справай.
– Ды няўжо? – ледзь не выбухнула Бася і ніжэй схілілася над сшыткам, строчачы чарговы адказ.
– Галоўнымі арыенцірамі, вядома, былі нябесныя свяцілы, а менавіта – Палярная зорка і Венера…
Бася натапырыла вушы, пачуўшы знаёмае слова.
– Калі з Палярнай зоркай усё зразумела – яна заўжды знаходзіцца ў адным месцы і бачная на працягу ўсяго цёмнага часу сутак, у бясхмарнае надвор’е, безумоўна, – дык Венера запальваецца ў небе два разы: раніцай і ўвечары…
– А хіба Ранішняя і Вячэрняя Венера – гэта не дзве розныя зоркі? – разгублена падала голас з канца класа Бася.
Дакладчык яўна быў незадаволены, што яму перашкодзілі, і абурана сцяў вусны.
– Калі дакладна казаць, дык гэта планета, – вырашыў злітавацца над дзяўчынкай яго таварыш. – Раней сапраўды думалі, што раніцай і ўвечары на небе з’яўляюцца дзве розныя зоркі, але насамрэч гэта адна і тая ж. Планета, – падкрэсліў ён.
– Справа ў тым, што арбіта Венеры меншая за арбіту Зямлі, такім чынам траекторыя руху іншая, і менавіта з гэтай нагоды планета паспявае апынуцца ў небе два разы, – раўніва заўважыў першы дакладчык, адчуўшы, як уся ўвага паволі пераключылася на яго аднакласніка. – А наконт памылкі, што Венера – гэта зорка…
Але Бася кінула слухаць іх далейшыя мудрагельствы. Яна адклала асадку і палезла ў торбу па раздрукоўкі запісаў са сшытка пана Альбрыхта, якія паўсюль цягала з сабой і пры кожным зручным моманце бралася даследаваць, тым больш веданне англійскай мовы, як яна паспела заўважыць, добра дапамагала з расшыфроўкай тэксту. Хутка перабраўшы старонкі, дзяўчынка адшукала раздзелы, прысвечаныя элементам Ранішняй і Вячэрняй Венеры, і прабегла па іх вачыма.
– Дык ён сам даў ім назвы! – ціхенька прамармытала Бася і палезла па тэлефон.
– Ты ўжо скончыла? – пачула яна над сваім вухам голас настаўніцы.
– Амаль, – дзяўчынка спешна дапісала апошні сказ і, з трэскам закрыўшы сшытак, аднесла яго да настаўніцкага стала.
Вырашыўшы не выпрабоўваць цярплівасць выкладчыцы, яна мужна дасядзела ўрок да канца і са званком пачала набіраць паведамленне: «Ёсць навіны пра Ключ. Давай сустрэнемся ўвечары!»