Канчаткова заблытаўшыся ў сваіх пачуццях, Бася вырашыла да пары адкласці клапотныя думкі і зноў накіравалася да ваннага пакоя, падумаўшы, што будзе няблага на ўсялякі выпадак памыць свае блузу і спадніцу: раптам Міхал усё-такі злітуецца і яны пойдуць на шпацыр?
Неўзабаве юнак вярнуўся і прынёс харчы і свежую газету.
– Трымай, гэта табе, – працягнуў ён газету, прымірэнча гледзячы на Басю. – Я падумаў, што раз мы не збіраемся выходзіць, дык будзьма даведвацца, што робіцца ў свеце, хаця б так. Усё ж такі весялей.
– Дзякуй, – дзяўчынка ўсміхнулася, узрадаваўшыся, што ён усё ж думае пра тое, каб ёй было добра.
Пасля таго, як яны паелі, Бася разгарнула газету і ўзялася даследаваць яе. Больш за ўсё ёй спадабалася чытаць аб’явы ды анонсы.
– Глядзі-ка, а тут недалёка паказваюць кіно! – распавяла яна Міхалу. – Цікава, якія ў іх карціны? Мо сходзім паглядзець?
У юнака, які пасля абеду супакоена адкінуўся на спінку крэсла і нават заплюшчыў вочы, рэзка змянілася аблічча.
– Я ж сказаў табе, што мы нікуды не пойдзем!
– Патлумач мне, што адбудзецца, калі мы проста сходзім з табой у кінатэатр і пашпацыруем па парку?
– Ты забылася, як у Рэймсе мы ледзь паспелі забраць Венеру і тут жа прыбеглі паліцыянты, якія намагаліся нас арыштаваць?
– Ну і што? – Бася ўпарта скрыжавала рукі на грудзях.
– Як што? – разгубіўся Міхал. – Ты не думала, што гэта падкопы тых бандытаў, што гэтаксама пільнуюць Ключ?
– Але мы нікога не бачылі, хто мог бы за намі сачыць!
– А як жа той разбойнік, што ўвязаўся за намі пасля вячэры?
– Ды гэта хтосьці з тых красунчыкаў, якія сядзелі ў забягалаўцы. Ён, напэўна, зразумеў, што мы маем грошы, і проста вырашыў нас абрабаваць! – парыравала Бася.
– А я так не думаю, – запярэчыў юнак.
– Табе паўсюль ворагі мрояцца! – дзяўчынка пакруціла галавой.
– Бася, як ты не ўцяміш, што проста так за намі паліцыю ніхто б не выправіў. Вядома, гэта можа быць і звычайнае супадзенне, што той мярзотнік пайшоў за намі, але паліцыя не была выпадковасцю, я ў гэтым упэўнены.
– Паслухай, паліцыю паклікала дачка Штэрна. Ты ж сам чуў, як яна клапацілася пра каралі. Яна проста не разумее, у чым іх таямніца, і вырашыла, што мы ўзялі ды абрабавалі яе бацьку! Вось і паведаміла паліцыі. І няма тут аніякай містыкі, – Бася не хацела пагаджацца з Міхалам.
Крыху памаўчаўшы, той прамовіў:
– Што, калі Штэрна таксама забілі?
– Што значыць «таксама»? – не зразумела дзяўчынка.
– Як таго чэха, Новака, – патлумачыў Міхал.
– Кінь! Хто яго забіў? – фыркнула Бася.
– Не ведаю. А раптам гэта сапраўды так, і яго дачка вырашыла, што гэта мы?
– Міхал, не вярзі лухту! Прайшло занадта мала часу паміж момантам, калі мы ад яго пайшлі, і момантам, калі мы вярнуліся да гатэля, дзе нас ужо чакала паліцыя. Ды за гадзіну яго б ніхто не паспеў забіць! Для гэтага ў дом трэ было запусціць яшчэ кагосьці і дазволіць яму зайсці ў пакой да старога!
– Але гэтая Мацільда ж збіралася паклікаць лекара.
– Ну так, а лекар, вядома, прыйшоў і першае, што зрабіў, – прыбіў старога, – саркастычна прамовіла Бася. – Не, чакай! Гэта Мацільда ўзяла ды прыдушыла свайго татку з-за прагнасці, а звярнуць на нас вырашыла.
– Бася, кінь! – раззлаваўся Міхал і ўзвысіў голас. – Ты паводзіш сябе, як дурная. Зразумей жа ўрэшце, што нам тут на кожным кроку пагражае небяспека!
– Не, гэта ты паводзіш сябе, як дурны, ва ўсім намагаешся знайсці небяспеку, якой няма! – выбухнула Бася. – І кінь бясконца пакрыкваць на мяне! Я табе не малодшая сястра і не павінна слухацца цябе!!!
Міхал хацеў быў нешта адказаць, але толькі шумна ўцягнуў паветра і, са скрыгатам ад’ехаўшы на стуле ад стала, узняўся і накіраваўся да дзвярэй. Бася, злосна сапучы, азірнулася на яго.
– Пайду пераапрануся, – суха сказаў ён, на хаду сцягваючы з сябе кашулю.
Яна ўбачыла ў яго на спіне некалькі глыбокіх брыдкіх шнароў, якія, мяркуючы па ўсім, загаіліся зусім нядаўна. Бася пачула, як да горла падбіраецца камяк, і здушана прамовіла ўслед юнаку:
– Міхалачак, прабач мне, калі ласка. Я цяпер заўжды буду рабіць, як ты кажаш.
Міхал павярнуўся ў дзвярным прахоне і збянтэжана паглядзеў на Басін збялелы твар. Яна жаласна ўсміхнулася яму і спешна павярнулася да акна, употайкі змахваючы з вачэй раптам набеглыя слёзы, што ніяк не хацелі спыняцца. Юнак пастаяў яшчэ крыху ў разгубленасці, на разумеючы, што здарылася з Басяй і што яму ў гэтым становішчы рабіць.
– Я ў ванную, – прамармытаў ён, камечучы ў руках кашулю, і пайшоў.
– Дурная! – злуючыся на сябе, прашаптала Бася і засталася ў сталовай, дарэмна намагаючыся супакоіцца і прывесці сябе да ладу.
Усе дні, што меліся правесці ў Вільні 1914 года да меркаванага вяртання дамоў, Міхал і Бася мірна суіснавалі, больш не кранаючы тэму пераследу бандытамі і гіпатэтычных шпацыраў па горадзе. Замест гэтага яны зрабілі дбайны аналіз атрыманага крыштальнага кабашона і грунтавалі здагадкі наконт астатніх элементаў Ключа, а таксама таго, як ён можа дзейнічаць. Сябры паспрабавалі адшукаць якую-небудзь інфармацыю ў кнігах, што стаялі ў шафах пана Альбрыхта, але, да свайго здзіўлення, знайшлі толькі прыгодніцкія раманы.