Возчык згадзіўся адвезці іх за горад, але абяцання даставіць сяброў да самага лагера амерыканскіх пілотаў не стрымаў. Міхалу і Басі выпала прадзірацца да месца, дзе мусіла адбывацца прадстаўленне, пешшу, з нагоды чаго яны моцна папрамакалі. Калі сябры, урэшце, адшукалі амерыканцаў, тыя якраз накрывалі самалёты на ноч і збіраліся адпачываць. Убачыўшы нечаканых гасцей, лётчыкі вельмі здзівіліся і нават спярша насцярожыліся. Але Бася напусціла на сябе роспачны выгляд і ўзялася ўпрошваць амерыканцаў перавезці іх з Міхалам праз мяжу з Нямеччынай, выдумаўшы на хаду рамантычную гісторыю пра тое, што яе бацька забараняе ёй ажаніцца з юнаком і яны вырашылі збегчы, але крыважэрны татка пусціў следам за імі паліцыю і жадае перашкодзіць шчасцю каханкаў.
– Малю вас, дапамажыце нам! – папрасіла Бася і нават сама здзівілася, калі па шчацэ ў яе раптам скацілася слязінка.
Убачыўшы гэта, амерыканцы ўсе як адзін выявілі на сваіх абліччах спачуванне. Адзін з іх, што якраз быў падобны да красунчыка з плаката, кінуў хуткі погляд на Міхала, які з недаверам разглядаў у гэты момант самалёты, а потым бойка сказаў:
– Калі лэдзі гатова на такую рызыку дзеля свайго кахання, то абавязак сапраўднага джэнтльмена – дапамагчы ёй! Я адвязу вас.
Бася так узрадавалася гэтай заяве, што ў наступнае ж імгненне кінулася яму на шыю, радасна смеючыся, аднак у Міхала гэта выклікала яўную незадаволенасць.
– Вы ўпэўнены, што хочаце ляцець разам з гэтым джэнтльменам? – спытаў амерыканец, заўважыўшы пагрозу ў вачах юнака.
– Вядома! – цвёрда прамовіла Бася і, устаўшы побач з Міхалам, узяла яго за руку.
– А’кэй! Мы можам пагутарыць сам-насам? – звярнуўся ён да ўяўнага жаніха.
– Ён не размаўляе па-англійску, – заспяшалася растлумачыць Бася.
– Не-не, я, здаецца, зразумеў яго, – запратэставаў Міхал і адвёў амерыканца ўбок.
Бася ўбачыла, як яны аб чымсьці пашапталіся, а потым юнак выняў з кішэні грошы і перадаў вялікую іх частку ў рукі пілоту.
– Заводзь! – бесклапотна крыкнуў свайму таварышу значна павесялелы лётчык і, надзеўшы шлем, зухавата заскочыў у кабінку, запрашаючы Міхала і Басю рушыць за ім услед.
– Што ты яму напляла? – падазрона спытаў юнак, дапамагаючы дзяўчынцы забрацца ў самалёт.
– Ды так, нічога асаблівага, – бязвінным тонам сказала Бася, пры гэтым адчайна пачырванеўшы.
– Вернемся дадому – буду вывучаць англійскую, каб дакладна ведаць наступным разам, пра што ты так натхнёна брэшаш, – паабяцаў Міхал, забраўшыся на сядзенне запаснога пілота побач з дзяўчынкай. – Вось толькі як нам тут з табой удваіх змясціцца?
У кабінцы сапраўды было цесна, таму, перад тым як больш-менш уладкавацца, сябрам давялося як след папіхацца. Пакуль амерыканцы рыхтавалі самалёт, пілот павярнуўся да Басі з Міхалам, што карчом сядзелі з кіслымі тварамі, і спытаў:
– Ну як, камфортна?
– Ніштавата, – слаба ўсміхнулася дзяўчынка.
Пілот штосьці пакруціў у сябе на запясці і, наблізіўшы руку да Басінага твару, пахваліўся:
– Дарэчы, апошняя мадэль.
– Што? – не зразумела Бася, намагаючыся разглядзець у змроку, што ж ён ёй паказвае.
– Як што? Наручны гадзіннік. Акурат такі ж, які мае Сантас-Дзюмон, – значна прамовіў амерыканец.
– Хто? – перапытала дзяўчынка, адчуваючы сваю паўнюткую некампетэнтнасць.
– Вы што, не ведаеце? – лётчык быў яўна расчараваны. – Гэта ж знакаміты авіятар! Колькі год таму ён першы надзеў наручны гадзіннік падчас палёту.
Бася нарэшце разглядзела на яго руцэ невялікі прастакутны цыферблат на тонкім скураным раменьчыку.
– Ах, вось што! Надзвычайна! – са спазненнем выявіла яна захапленне. – А свеціцца ў цемры?
– А што, і такое ёсць? – здзівіўся амерыканец.
– Я не ведаю, ці ўжо вырабляюць такія гадзіннікі, – Бася паспяшалася замяць свой промах. – Але я, здаецца, чула, што падобныя распрацоўкі вядуцца. Гэта ж мусіць быць зручна, – усміхнулася яна.
– Сапраўды, – збянтэжана прамармытаў ён, відаць, задумаўшыся, дзе б яму адшукаць такі гадзіннік.
– Гатова! – завёўшы вінт, крыкнуў нехта збоку.
– Спадзяюся, нам хопіць паліва! – абаяльна усміхнуўся амерыканец.
– Што ён сказаў? – закрычаў над вухам у Басі Міхал.
– Усё выдатна! – адгукнулася яна.
– Ад вінта! – зычна крыкнуў амерыканец, і яго таварышы дружна паразбягаліся па баках, каб ачысціць месца для ўзлёту.
– Ты ўпэўнена, што мы не бразнемся аб зямлю на гэтай разваліне? – зноўку падаў голас Міхал, калі яны цяжка ўзнімаліся ў неба, але ў адказ Бася толькі нема енчыла.
Амерыканец радасна рагатаў і ўсяляк падбадзёрваў сваіх пасажыраў. Калі ён да таго разышоўся, што падчас палёту нават павярнуўся да Басі і Міхала, юнак у каторы раз закрычаў дзяўчынцы:
– Скажы гэтаму ідыёту, каб глядзеў наперад!