Яна выскачыла з машыны і пабегла следам за панам Альбрыхтам, які паспеў ужо знікнуць за дзвярыма рэстарацыі. Каля ўвахода яе сустрэў злосны швейцар, што рабіў выгляд, нібы не бачыць дзяўчынку.
– Я з дзядулем! – сказала яму Бася.
– З якім дзядулем? – стомлена ўдакладніў швейцар.
– Ды вунь жа, у капелюшы пайшоў! – дзяўчынка няпэўна махнула рукою. – Ну што мне, тэлефанаваць яму, каб ён вярнуўся?
Швейцар недаверліва зірнуў на яе, але ўсё-такі прапусціў Басю ўнутр. Яна пракралася да ўвахода ў залу і асцярожна паглядзела з-за дзвярэй, шукаючы вачыма двух старых. Яны сядзелі каля акна і вялі гутарку. Раптам Эль-Анабі адвёў позірк ад свайго суразмоўцы і паглядзеў проста на Басю. Дзяўчынка адхіснулася.
Не было ніякага сумневу ў тым, што гэта той жа чалавек, на якога яна наляцела ў Рэймсе.
Крыху падумаўшы, ці паспеў ён яе заўважыць альбо ёй проста здалося, Бася ўпэўніла сябе ў апошнім і куляй кінулася назад, нават не зважаючы на абурэнні дарэшты раззлаванага швейцара. Пастаяўшы трохі перад рэстарацыяй, яна палезла па тэлефон і, насуперак уласным устаноўкам, набрала нумар Міхала.
– Баська, прывітанне! – тут жа пачула яна радасны голас юнака.
– Ну што, гад, вызваліўся ўжо? – пракрычала дзяўчынка ў слухаўку. – Ненавіджу цябе!
Яна адключыла тэлефон і сярдзіта засапла. «Д’ябал, не па тое ж тэлефанавала», – з прыкрасцю падумала Бася, і ў тое ж імгненне ў яе затромкаў мабільнік.
– Н-да? – абыякава прамовіла яна ў слухаўку.
– Бася, гэта ты званіла? – з асцярогай спытаў Міхал.
– Я-я, – прабурчала дзяўчынка. – У нас праблемы. Пан Альбрыхт у небяспецы.
Раздзел 13
– А вы паліце люльку? – пацікавіўся Ахмед Эль-Анабі ў пана Альбрыхта.
– Прызнацца, рэдка, – адгукнуўся той. – Але ад добрага тытуню ніколі не адмаўляюся.
– Тады дазвольце пачаставаць вас выдатным гатункам! – швейцарац выняў з кішэні залатую тытунёўку.
– На жаль, я пакінуў сваю люльку дома, – развёў рукамі пан Альбрыхт.
– Тады, спадзяюся, вам будзе цікава паглядзець на яшчэ адну з маіх рэдкасцяў. Між іншым, яна мае сакрэт. Паспрабуйце адчыніць!
Ён, хітра пасміхаючыся, працягнуў пану Альбрыхту тытунёўку. Той, не паспеўшы ўцяміць, што робіць, змясціў з невялічкай скрыначкі наперад верхнюю палову і перавярнуў часткі тытунёўкі так, што донца і вечка, шчоўкнуўшы, злучыліся і высунуўся маленечкі язычок, на які і націснуў стары, пасля чаго скрыначка адчынілася, паказаўшы пану Альбрыхту жменьку духмянага тытуню. Эль-Анабі выявіў на сваім абліччы дабрадушнае здзіўленне.
– Дружа мой, я разгублены! Да гэтага моманту адзіным чалавекам, што выкрыў сакрэт маёй штучкі, была любая ўнучка! – сказаў ён.
Пан Альбрыхт паспрабаваў старанна схаваць сваю збянтэжанасць.
– Як вы даведаліся, як яе адчыніць? – пацікавіўся швейцарац. – Вы ўжо сутыкаліся з такой канструкцыяй?
– Мабыць, смешна прагучыць, але мой лекар, калі ў мяне пачаўся рэўматызм, параіў займацца з кубікам Рубіка. Адсюль і звычка ўсё круціць.
Сэрца пана Альбрыхта адчайна стукала: ён ілгаў. Яму ўжо сустракалася гэткая ж скрыначка раней, але тады на разгадку сакрэту спатрэбілася значна больш часу.
Скончыўшы з гарачым, Эль-Анабі на кароткі час адлучыўся, пакінуўшы на стале тытунёўку і запальніцу. Пан Альбрыхт агледзеўся па баках і выцер сурвэткай пот, што павыступаў на лбе. Зрабіўшы глыбокі ўдых, ён хуткім рухам працягнуў руку за скрыначкай і паўтарыў усе неабходныя маніпуляцыі, але, калі зноўку з’явіўся язычок, стары націснуў не на яго, а на ледзь заўважную пімпачку збоку. Зверху адчынілася тонкае вечка, што хавала пад сабой адпаліраваную срэбную пласціну, якую пан Альбрыхт выняў і паклаў у нагрудную кішэню пінжака. Зачыніўшы тытунёўку і вярнуўшы яе на стол, стары надаў сабе нязмушаны выгляд і ўзяўся назіраць за наведвальнікамі рэстарацыі. Неўзабаве швейцарац вярнуўся. Выпіўшы кавы і расплаціўшыся па рахунку, паджылыя людзі выйшлі на двор.
– Не хочаце пашпацыраваць перад сном? – спытаў пан Альбрыхт.
– З асалодай згадзіўся б, але я маю яшчэ адну важную справу, што звязана з маім візітам у Вільнюс, – сказаў Эль-Анабі. – Таму наступным разам, дружа мой!
Яны развіталіся. Швейцарац вярнуўся ў гатэль, а пан Альбрыхт у прыўзнятым настроі рушыў на Сціклю. Тым не менш, на выпадак сачэння, ён вырашыў прайсці ў кватэру праз антыкварную краму. Падышоўшы да дзвярэй і крыху парыўшыся ў кішэні, стары выняў адтуль ключы, але, крануўшы замочную шчыліну, са здзіўленнем зразумеў, што крама незамкнёная. Уважліва азірнуўшыся па баках, пан Альбрыхт пхнуў дзверы і зрабіў крок унутр. У краме ўсё было на сваіх месцах. У старога з’явіўся слабы спадзеў, што гэта прадавец забыўся замкнуць краму, але, убачыўшы святло з-пад дзвярэй свайго кабінета, пан Альбрыхт кінуў сумнявацца ў добрасумленнасці падначаленага. Расчыніўшы дзверы, ён убачыў Эль-Анабі, што сядзеў у фатэлі насупраць стала, а таксама двух малойчыкаў, якія занялі месца каля акна.
– Якая нечаканая сустрэча! – усклікнуў пан Альбрыхт.
– Няўжо? – прыўзняў брыво Эль-Анабі.
Пан Альбрыхт працягваў выяўляць на сваім абліччы здзіўленне.