– На вашым месцы, дружа мой, я кінуў бы ламаць камедыю. Мяне вельмі ўразіла, што такі разумны і асцярожны чалавек, як вы, мог так па-дурному выкрыцца. Мяркую, не сквапнасць жа прымусіла вас абрабаваць бездапаможнага старога? – пасміхнуўся швейцарац.
– Вы абсалютна правы! – Пан Альбрыхт злёгку пакланіўся. – Мною больш рухала цікаўнасць, наколькі хутка выявіце сябе вы.
– Мабыць, у такім выпадку, вы будзеце ласкавы вярнуць мне пласціну, а таксама паказаць некаторыя са сваіх знаходак?
– Прашу прабачэння? – пан Альбрыхт зрабіў выгляд, што не разумее госця.
– Вяртайце пласціну, Штоф! – нецярпліва сказаў Эль-Анабі. – Вы ж самі прызналі, што забралі яе.
Пан Альбрыхт стомлена ўздыхнуў і палез у кішэню. Ён зняважліва кінуў пласціну на стол перад швейцарцам, за што той спапяліў яго позіркам і беражліва схаваў запаветны артэфакт. Пасля Эль-Анабі настойліва прамовіў:
– З вашага боку, мне здаецца, наіўна меркаваць, што гэтага будзе дастаткова. Я ж прасіў вас паказаць элементы, якія маеце вы.
– Элементы? – бязвінным тонам перапытаў пан Альбрыхт.
– Штоф, мы абодва выдатна ведаем, пра што ідзе гаворка! – нецярпліва ўсклікнуў на англійскай швейцарац, які дагэтуль размаўляў па-французску. – Пакажыце мне элементы Ключа.
– А-а, не давяраеце сваім памагатым, – задаволена працягнуў пан Альбрыхт.
– Я нікому не давяраю, нават сабе! – сказаў Эль-Анабі. – І тым не менш не прымушайце мяне прасіць маіх хлопцаў дапамагчы вам разгаварыцца.
– Якім жа гэта чынам? Як Новаку, я разумею? – пан Альбрыхт прыўзняў бровы.
– Менавіта, – кіўнуў швейцарац. – Але, прызнаюся, мне б гэтага надта не хацелася, бо я мяркую, што ў будучыні мы маглі б яшчэ пагутарыць. Таму вельмі спадзяюся, што вы ласкава распавядзеце ўсё самі, без ужывання дасягненняў фармацэўтыкі.
Пан Альбрыхт паразважаў імгненне, а потым, крэкнуўшы, падышоў да сейфа.
– А дарэчы, чаму ж вы самі не паварушыліся выняць мае рэдкасці? – пацікавіўся ён, набіраючы код.
– Гэта падалося мне непрыстойным, – пачціва адказаў Эль-Анабі.
Карціна з’ехала ўбок, і пан Альбрыхт аслупянеў перад адчыненымі дзверцамі сейфа.
– Што ж вы марудзіце? – занепакоіўся швейцарац і, ускочыўшы з фатэля, падышоў да пана Альбрыхта.
У сейфе нічога не было.
– Мяркуючы па ўсім, вам таксама не даводзіцца давяраць сваім маладым сябрам, – кпліва прамовіў Эль-Анабі, вяртаючыся да фатэля.
– Што? – Пан Альбрыхт прысеў на крэсла і спахмурнеў.
– Я бачыў іх у Рэймсе, – удакладніў швейцарац. – І дзяўчынку ў рэстарацыі таксама.
Пан Альбрыхт пасунуўся да стала і, незаўважна апусціўшы руку ў кішэню, націснуў колькі клавішаў на тэлефоне.
– А ты ўпэўнена, што гэта не іншы чалавек? Мо ён проста падобны да таго старога? – спытаўся Міхал у Басі, калі яны бадзяліся па Старым месцы, хаваючыся ад бандытаў, якія, па меркаванні дзяўчынкі, маглі іх пільнаваць.
– Ну вядома, упэўнена! – усклікнула тая. – Я ж казала табе, што ён меў на руцэ агромністы гадзіннік – якраз як той, што ў Рэймсе.
– Але гадзіннікі таксама могуць быць падобныя.
– Ды не! Прыгадай, які гадзіннік меў амерыканскі лётчык, а ён, дарэчы, казаў, што гэта самая сучасная мадэль. У тыя часы такіх хранометраў, як у швейцарца, – Бася фыркнула, – і быць не магло! Да таго ж ты б бачыў, як ён на мяне зірнуў!
– Думаеш, пазнаў? – занепакоена прамовіў юнак.
– Не выключана. Годзе, хадзем да цябе, бо я ўжо змярзаць пачынаю, – сказала Бася і паглядзела на чыстае цёмна-сіняе неба, на якім пачалі з’яўляцца зоркі. – Здаецца, падмарожвае.
– Хадзем, – безуважліва пагадзіўся Міхал, а потым спахапіўся: – А што гэта мы павінны ісці да мяне?
– Ну а куды? – утаропілася ў яго дзяўчынка.
– Не, так блага, – пакруціў галавой юнак. – Зараз я праводжу цябе дадому, а потым вярнуся да сябе і буду чакаць навін ад пана Альбрыхта.
– Па-першае, зараз дадому я не пайду ні пры якіх умовах, а па-другое, ты можаш і не дачакацца ніякіх навін, – безапеляцыйна заявіла дзяўчынка.
– Ты думаеш, што гэты Эль-Анабі і яго заб’е? Бася цяжка ўздыхнула.
– Не ведаю, – працягнула яна. – Мо і не, хто ведае.
– Мне ўсё-такі здаецца, што табе трэ вярнуцца да бацькоў, – трывожна прамовіў Міхал, спыніўшыся і ўзяўшы яе дзяўчынку за плечы.
– Вось толькі не трэ мяне зноў злаваць! – Бася выслабанілася і пакрочыла наперад.
– Што значыць «зноў»? – не зразумеў Міхал.
Дзяўчынка гучна хмыкнула і працягнула моўчкі ісці ў бок дома, дзе жыў юнак.
– Бася, я не разумею, чаго ты!
– Не разумее ён, – прабурчала яна. – А хто з дзеўкамі па «Акропалісе» валэндаўся?
Міхал зрабіў выгляд, што не можа прыгадаць такога выпадку са сваёй біяграфіі.
– Я цябе бачыла, – Бася паглядзела на юнака.
– А, дык ты пра маіх калег з курсаў! – пляснуў сябе па лбе Міхал. – Сапраўды, мы ж пасля заняткаў зайшлі з імі папіць кавы…
– Ну-ну, бачыла я тваіх калег, – дзяўчынка пакрыўджана сцяла вусны.
Крыху пачакаўшы, юнак гулліва пацікавіўся:
– Баська, а ты мяне раўнуеш?
Тая, нічога не адказаўшы, падскочыла да яго і з імпэтам брыкнула ў шчыкалатку. Юнак закрахтаў, паціраючы нагу.
– Балюча? – тонам, які не абяцаў нічога добрага, пацікавілася Бася.
– Ага, – Міхал урэшце пакінуў нагу ў спакоі і пачаў тэатральна кульгаць.