— І не павінен быў чуць, — раздражнёна патлумачыў Сапега. — Каб не нарабілася шуму, скрадзенае падмянілі падробкай. І цяпер Папа хацеў сапраўдную святыню вярнуць сабе. Але Аляксандр Солтан, пабываўшы ў Ерусаліме, у Рым не вярнуўся. Паехаў у Партугалію, Францыю, Англію… А калі вярнуўся на радзіму, каталікі яго з амбонаў у Вільні сабакам абзывалі. І ніякай граматы ад Папы ў яго не мелася пра заступніцтва. Затое ў Полацкай Сафіі за здароўе Солтана пачалі кожны дзень служыць малебны. Значыць, туды святыню перадаў, спадзеючыся абараніць братоў па веры, а манахі яе схавалі ў сутарэннях.
— Дык што гэта за святыня, ваша княская мосць? — з нецярплівасцю прашаптаў Пранцысь.
Сапега адвёў вочы.
— Яна доўга пераходзіла з рук у рукі, з’яўляючыся часткай імператарскіх рэгаліяў. Імператар Канстанцін, Отан Вялікі, Карл Вялікі, Барбароса… Усе з ёй у руках каранаваліся. Карацей, уладальнік гэтай рэліквіі — уладар над уладарамі! — голас Сапегі аж узвысіўся ды сарваўся на дыскант ад захаплення. — Калі б хтось у Рэчы Паспалітай яе займеў! Тады і Багінскія, і Чартарыйскія, і Пацы — усе збяруцца пад ягоны сцяг!
Сапега відавочна ўяўляў на месцы шчасліўца сябе.
— Рамфея! — выдыхнуў уражаны Лёднік здагадку, і Сапега кінуў на занадта абазнанага доктара засцярожлівы позірк.
— Няважна… Галоўнае, Іван Рэніч ведаў, дзе яна знаходзіцца. І сабе яе дакладна не забраў. Але толькі абраны чалавек можа прайсці ў сутарэнні, і такі чалавек можа прывесці свайго пераемніка толькі добраахвотна, пасля належных выпрабаванняў. Таму Марцін Радзівіл і ўгаворваў Рэніча па-добраму… Але калі той памёр, захавальніцай полацкай таямніцы стала ягоная дачка.
— Чаму вы так у гэтым упэўнены? Яна сама прызналася? — напружана папытаўся Лёднік. Сапега выпрастаўся, відаць, зусім знудзіўшыся вымушаным знаходжаннем у адной паставе, і зноў забегаў па пакоі, загаварыўшы на поўны голас.
— Прызналася, не прызналася — больш няма каму! Паміж захавальнікамі павінна быць альбо крэўная, альбо духовая еднасць. Таму й паненка пакуль жывая, і, напэўна, здаровая. Цяпер Геранім Радзівіл спадзяецца стаць захавальнікам… і ўладальнікам рэліквіі. А гэтага дапусціць нельга!
Сапега нарэшце спыніўся, у сваім узбітым хмаркай парыку падобны да вушастага красналюдка-гнома.
— Вырашана — адпраўляецеся з Пфальцманамі! Пастарайцеся ўвайсці да Гераніма ў давер, хоць гэта практычна немагчыма. У замку можаце разлічваць на дырэктара тэатра Пучыні. Радзівіл ягоную жонку змусіў разам з іншымі актрысамі ўвасабляць мармуровыя статуі багінь падчас балю. Небарака не вытрымала ганьбы й памерла. Зрэшты, усе слугі, прыслужнікі і прыдворныя свайго пана ненавідзяць люта, — пасміхнуўся Сапега. — Але ж усе запалоханыя да мышынага віску. І яшчэ адзін чалавек вам прыдасца… Пайсці з вамі не зможа — там яго добра ведаюць, але ж каб дастаць князя Гераніма, жыцця не пашкадуе.
Сапега высунуўся за дзверы і гукнуў:
— Ігнась!
Праз хвілю ў кабінет зайшоў высокі дужы шляхцюк у сармацкім строі, з пышнымі светлымі вусамі і доўгім чубам. Вочы шляхцюка пазіралі ўпэўнена, як у дасведчанага воя.
— Знаёмцеся, пан Ігнась Мянчынскі! Брат апошняй жонкі князя Гераніма. Калі прыехаў заступацца за сястру, князь адправіў яго назад у карэце на авальных колах. Так?
— Так! — скрозь сцятыя зубы адказаў шляхцюк, і ягоныя вочы — нават у цьмяным святле свечак гэта было відно — палыхнулі агнём нянавісці за перажытую ганьбу.
— Сястра пана Мянчынскага зараз у бяспецы, у бацькоў, таму пан Ігнась нічым не звязаны. І дапаможа вам, калі што, са сваймі жаўнерамі…
Твар пана Мянчынскага нават засвяціўся ад прадчування помсты — было зразумела, што паляціць за ворагам, калі даць сігнал, як выжал за дзіком… Пранціш шчыра пазайздросціў вусам пана Ігнася. А яшчэ крыўдна зрабілася пры думцы, што Лёднік, як заўсёды, разумее ў пачутым куды больш за свайго гаспадара.
У цемры і дажджы агні паходняў здаваліся размытымі плямамі. Пфальцманы былі шчаслівыя і перапоўненыя ўдзячнасцю — бо ўпэўненыя, што толькі дзякуючы сувязям высакароднага юнака іх адпусцілі. Фрау Эльза гладзіла Пранціша па непаслухмяных кудзерах з сапраўднай мацярынскай ласкай, відаць, прыкідваючы, што магла б мець такога гожага сына. Можна было спадзявацца, што сапраўдных імёнаў сваіх калегаў яны не выдадуць. Чакаць, пакуль развіднее, ніхто не стаў. І праз гадзіну жалезная чарапаха ўкацілася ў браму слуцкага замка.
Лёдніка і Пранціша, прабачце, гера Лотмана і ягонага асістэнта Франца Магнуса пасялілі ў пакоі малога палацу Ніжняга замка, побач з Пфальцманамі. Не ў самым шыкоўным пакоі, але там усё-ткі меўся вялізны ложак на саксонскі манер, які Лёднік, як належала слузе, саступіў Пранцысю, а сам, падкурчыўшы доўгія ногі, улёгся на атаманцы ля каміну.