— Значыць, так, юнача. Гулі скончыліся. Цяпер мы таньчым са смерцю. Князю Гераніму ў вочы не глядзець, кланяцца як мага часцей і ніжэй, не пераломішся, на каленькі падаць таксама не саромся. Не забывайся: ты — немец. Тупы нямецкі недавучаны студэнт, бурш, які ні слова па-тутэйшаму не разумее. Паколькі пры двары, і асабліва ў гарнізоне, на нямецкай мове гавораць амаль усе, калі давядзецца адкрыць рот, фразы паўтарай толькі тыя, якія мы з табой вывучылі. Калі што, я сам усё за цябе скажу. Ясна?
Пранцысь глядзеў на суровы твар Лёдніка і адчуваў, як па спіне пабеглі халодныя дрыжыкі. Раптам у замкавым двары нешта заляскатала, загрукатала… Наставаў час жалезнай чарапахі.
Вырвічу не давялося доўга гадаць, чаму Лёднік так пільна павучаў яго, як паводзіцца з гаспадаром гэтага замка. Прасцей было дагадзіць істэрычнай паненцы, якая адначасова патрабуе зачыніць вакно, бо дзьме, і свежага паветра, бо задушна. Цяжка было і ўстрымацца ад небяспечнага выразу твару пры поглядзе на князя. Бо яму сапраўды найбольш падыходзіла найменне «дзікі», як казалі пра яго тыя, хто ад яго не залежаў. Князь Геранім быў у сармацкім строі: цёмна-сіні кунтуш з залатымі шнурамі, кармазынавы жупан з дыяментавымі гузамі падперазаны шыкоўным літым пасам, такія ткалі тут жа, на славутай слуцкай персіярні, сабаліная шапка з велізарным дыяментам. Шабля-карабэла пералівалася рубінамі і смарагдамі. На бледнай з жаўтізной скуры недарэчна выглядалі чорныя густыя бровы і чорныя вочы, што блішчэлі, як у вар’ята. Нервовыя ноздры раздзімаліся, як быццам князь увесь час чакаў нападу — хаця хутчэй за ўсё менавіта так і было. Доўгія чорныя з сівізной вусы хавалі вузкія вусны. Відовішча яшчэ больш дзічэла, калі князь здымаў шапку, бо галава яго была зусім лысая, бліскучы чэрап нагадваў востры канец яйка. Дадаць яшчэ, што ўсё княскае аблічча пакрывалі зморшчыны, як пусты кашэль, пры гэтым сам князь быў шчуплы, але з вялікім жыватом, які звісаў над пасам, плечы прыўзнятыя, як у ваўка, што збіраецца скочыць на ахвяру… Ён нагадваў пракаветнага Кашчэя, людажэрнае паганскае боства пушчы.
Пранцысь, паціраючы спрацаваныя за раніцу важджаннем з жалезным нутром нямецкай машыны рукі, сціпла стаяў за спінай Пфальцмана, які захоплена на сумесі нямецкай, польскай і беларускай тлумачыў прызначэнне асобных дэталяў жалезнай чарапахі, якая ва ўсёй красе блішчэла пасярод двара і сапраўды магла выклікаць захапленне і спалох. Гэткі жалезны шкілет цмока з калёсамі і рычагамі ўнутры і паднятым «задам» — катлом і цыліндрам рухавіка. Не дарэмна Лёднік і Пранцысь сёння завіхаліся, дапамагаючы немцу падрыхтаваць машыну да дэманстрацыі.
— Хачу п-паглядзець, як яна п-працуе! — заікаючыся, высокім па-бабску голасам запатрабаваў князь. Слугі, што стаялі ў двары, усе як адзін падаліся назад, заазіраліся.
— Як загадае ваша мосць! — раскланяўся Пфальцман. — Толькі няхай прынясуць порах і ядры для гарматы!
Пранцысь заўважыў, што Лёднік зноў спахмурнеў: так было, калі ўсёведны доктар раніцай уцяміў, што папярэдне не заўважыў узброенасці чарапахі, на якую маглі ўсталёўвацца маленечкія гарматы. Цяпер, ясна, дакараў сябе, што не даацаніў вынаходніцтва аднакурсніка.
Як дамаўляліся, у чарапаху залезлі Лёднік і Пфальцман, папярэдне распранушыся да кашуль. Пранцысеваму слузе дасталася самая няўдзячная частка працы: ён павінен быў падтрымліваць агонь у катле, які награваў вялізную металічную колбу з вадой, адкуль пар ішоў у цыліндр. Усё сапраўды рабілася вельмі марудна. Пакуль вугаль распаліўся, закіпела ў колбе вада… Пакуль ціск пары зрабіўся дастатковы, зрушыліся з месца шатуны, скрануліся колы і колцы… Пфальцман ірвануў на сябе падважнікі, і металічныя шчыты чарапахі самкнуліся, так што машына разам з рухавіком аказалася пад бліскучым панцырам з вузкімі шчылінамі дзеля агляду, праветрывання і стральбы з пісталетаў. У машыны было мноства маленькіх колаў на рухомых восях, што, як меркавалася, зробіць яе неверагодна ўстойлівай і дазволіць мінаць перашкоды. З «галавы» чарапахі валіў чорны дым, яна свістала, сіпела, гула… Колы з ляскатам зрушыліся, а паколькі на кожным з іх была зробленая бліскучая металёвая налепка, здавалася, што пачвара перабірае лапамі, як велізарная сараканожка.
— Пайшоў! Пайшоў! Цмок пайшоў! — спалохана зашапталіся вакол. Крок, другі… Пахолкі і пахолікі, гайдукі і паюкі, венгрынкі і гусары, машталеры і турчаняты, што сабраліся ў двары, пачалі адыходзіць, хрысціцца, некаторыя ўчынілі гэтак жа, як камянецкія мужыкі, якія збеглі ад Пфальцмана. Жанчыны і дзеці вішчэлі… Здавалася, жалезную пачвару не стрымаюць ніякія сцены. Потым чарапаха застыла, з яе «пысы» высунулася маленькая кароткая гармата, скіравалася да ўсходняй сцяны…
— С-страляй! Валі! — узбуджана крычаў Геранім Радзівіл, прытопваючы нагой. Гармата выплюнула ядро… Сцяна вытрымала ўдар, хаця ў ёй утварылася заўважная выбоіна. Апошняя чэлядзь з крыкам рассыпалася ўбакі, двор апусцеў.
— С-слаба! Мала! — крычаў князь. Металёвая пласціна адыйшла, у адтуліну высунуўся спацелы, счырванелы твар Пфальцмана.