Пфальцман паспеў увярнуць нешта пра тое, што ягоная мосць князь Радзівіл і сам найвыдатны знаўца ўсіх навук і рамёстваў, але на князя найшла істэрычная прага дзеяння. Ён, зразумела, пад прыглядам чатырох янычараў[12]
у наматаных паўзверх бабровых шапак белых чалмах, цягаў немцаў па ўсім палацы, распавядаючы пра грандыёзныя задумы, якія часткова пачаў здзяйсняць. Вялікі палац Ніжняга замку быў сапраўды велізарны, але аднапавярховы, крыты гонтай — драўлянай чарапіцай, з высокім цокальным паверхам. Пры князі Гераніме тут дадаліся дзве алькежы — бакавыя прыбудовы, паўкруглы выступ з фасаду, падраслі дзве вежы — князь відавочна імкнуўся дагнаць у раскошы свайго слуцкага жытла нясвіжскага пляменніка Пане Каханку. А Радзівіл усё яшчэ шмат планаваў, пра што натхнёна і распавядаў сваім нямецкім спадарожнікам: зладзіць аранжарэю з кактусаў, дзівосных калючых раслінаў з Амерыкі, каб раслі аж пад самую столь, правесці перагаворныя трубы, каб з любога пакою гукнуць у такую — і пачуюць у самым далёкім памяшканні. Зрабіць шкляны пакой, у якім будзе штучнае мора, каб назіраць за жыццём марскіх пачвараў — пераплюнуць Пане Каханку, у якога рыбы над шкляной столлю плавалі… Паказаў паноптыкум, у якім сабраў дзівосы — ад васковых лялек у чалавечы рост, што ўмелі таньчыць і прамаўляць, да заспіртаваных двухгаловых цялятаў, вялізны глобус і нават мадэль сонечнай сістэмы — мядзяная зямля на ёй магла рухацца вакол пазалочанага сонца, бронзавы месяц — вакол зямлі. І Пранцысь, які паслухмяна насіў за Лёднікам ягоны доктарскі сакваяж, раптоўна пабачыў перад сабой іншага чалавека, таго, які б мог адбыцца — але застаўся толькі часткай натуры разбэшчанага дэспата. Чалавека дапытлівага, смелага ў здагадках, прагнага да ведаў… Так, ён у звычайных абставінах быў бы таксама не самым дасканалым чалавекам — крыўдлівы, лёгка раздражняўся б… Але калі ён павінен быў бы займацца нейкай карыснай, канкрэтнай справай, то ў пачвару, якая пакутуе сама і мучыць іншых, ператварыцца б не змог.Уласна кажучы, ад немцаў патрабавалася толькі згаджацца і захапляцца. Нарэшце князь спыніўся ў нядаўна адбудаванай галерэі, завешанай фамільнымі партрэтамі і габеленамі з выявамі слаўных бітваў, у якіх бралі ўдзел Радзівілы, бліснуў дзікімі чорнымі вачыма.
— А цяпер я пакажу вам Сільфіду. Я злавіў яе сам, прывабіў мудрасцю сваёю. Але тут, на зямлі, у грубым матэрыяльным асяроддзі, Сільфіды пачуваюцца нядобра. І вы, гер Лотман, павінны параіць, як падлячыць гэтую нябёсную істоту, якая зараз прыняла аблічча і цела зямной жанчыны. Гаварыць з ёй я вам забараняю, але агледзець, толькі асцярожна і ў маёй прысутнасці, вы яе зможаце. Але запомніце: калі пасля вашага візіту гэтая істота надалей расхварэецца, я вельмі, вельмі расчаруюся ў вас, мае шаноўныя немцы.
Пфальцман збляднеў і выцер лоб насоўкай, працягваючы захоплена-прыніжана ўсміхацца. Лёднік толькі моўчкі схіліўся, а Пранціш зноў адчуў ганебны для шляхціца страх: вар’ят! Гэты Геранім сапраўдны вар’ят! Не менш, чым ягоны брат. Ці справіцца на гэты раз Лёднік? Гэта ж не чалавека лячыць… Што за пачвару ці прывіда князь у сябе трымае?
РАЗДЗЕЛ СЁМЫ
СІЛЬФІДА СЛУЦКАГА ЗАМКУ
Да Сільфіды трэба было падымацца на верхнюю пляцоўку правай вежы. Там знаходзіліся акаваныя жалезам дзверы з замкамі і засовамі, ды яшчэ два вартавыя мэнчыліся. Пфальцман застаўся на лесвіцы, справядліва лічачы, што чым менш магнацкіх таямніцаў ведаеш, тым даўжэй пражывеш. Дзверы цяжка расчыніліся, нібыта вечка ўсыпальніцы. Першым зайшоў князь, за ім — Лёднік і Пранціш.
Убранне невялікага пакоя было падобным да ўсходняй казкі: пяшчотных колераў шаўковыя шпалеры і покрывы, карункавыя фіранкі, чырвоны пухнаты кілім, на ім рассыпаныя яркія аранжарэйныя кветкі… Святло прасявалася скрозь вітражы — малюнак на іх выяўляў кветкі лілеі. Паветра, здавалася, можна пакратаць рукою, бо ў ім таньчылі, звіваліся, раставалі струменьчыкі дыму ад усходніх курэнняў. Дадавала прыкрага мёртвага водару нібы знятая з вітража вялізная кветка лілеі ў срэбнай вазе. Але ўся гэтая раскоша не заўважалася пры поглядзе на істоту, што нерухома сядзела на засланай белым кілімам канапе і безуважна пазірала перад сабой вялізнымі сінімі вачыма. Пранцысь аж спатыкнуўся… Яму стала б крыўдна за Паланэйку Багінскую, якая на фоне гэтай жанчыны, нашмат за яе старэйшай, здавалася гэткай звычайнай кірпаносай дзеўчынёхай, каб ён загадзя не ведаў, што мае справу з істотай незямнога паходжання. Сільфідзе — можна быць такой гожай.