Стыхійны дух быў апрануты па апошняй палацавай модзе — белая сукенка з шоўку і карункаў, неверагодна тонкі стан, зацягнуты ў гарсэт, высокі парык, упрыгожаны перлінамі, набелены і нарумянены твар, падведзеныя чорным выгінастыя броўкі, мушка на правай шчацэ… Дыяменты ззялі на дасканалай скуры пані гэтак натуральна, як раса на пялёстках белай ружы. У яе абліччы былі і вытанчанасць, і веліч, якая можа сыходзіць толькі знутры, з душы. Праўда, калі першае захапленне прайшло, Пранцысь заўважыў, што Сільфіда сапраўды пачуваецца не дужа добра: на твары з тонкімі, нібыта вытачанымі рысамі заўважныя дарожкі, якія ўтвараюцца на пудры ад слёз, вялікія вочы з даўжэзнымі чорнымі вейкамі пачырванелыя, дасканалыя вусны — з горкай складкай… А рукі такія тонкія, белыя, аж празрыстыя. І нат не зварухнулася, позірк не перавяла, як быццам зусім страціла ахвоту да жыцця.
Князь Геранім загаварыў, намагаючыся змягчыць голас:
— Даражэнькая, я прывёў выдатнага доктара. Яго завуць гер Барталамей Лотман, ён немец, не разумее ні слова па-нашаму, так што не спрабуй з ім загаварыць, не траць дарма сілаў. Але ён неадменна дапаможа табе пачувацца больш бадзёра! У нас жа яшчэ столькі спраў, дарагая мая панна!
Пры апошніх словах гаспадара палаца Сільфіда трохі падала прыкметы жыцця, куточкі яе вуснаў пакрывіліся. Лёднік, які, падобна, быў уражаны выглядам незямной істоты яшчэ больш за Пранцыся, да зласлівай радасці апошняга, наблізіўся да стыхійнага духу і павольна апусціўся перед ім на калена, так, што ягоны твар апынуўся проста перад сінімі сумнымі вачыма… І тыя раптоўна пашырыліся, у іх нешта палыхнула, ад чаго Сільфіда падалася яшчэ больш прыгожай. Яна перарывіста ўздыхнула і трохі адкінулася назад.
— Не бойся, даражэнькая, доктар не зробіць табе нічога кепскага, — супакойваюча прагаварыў князь Геранім. Але Пранцысь бачыў, што ў вачах Сільфіды быў не спалох, а… нешта іншае. Між тым Лёднік асцярожна, як быццам дакранаўся да крохкага крышталю, узяўся за тонкую руку Сільфіды. Намацаў пульс, пяшчотна-пяшчотна, нібы лашчачы злоўленую птушку… Потым праверыў пульс на другой руцэ… Пранцысь стаяў збоку, таму мог бачыць, у адрозненне ад князя, што Лёднік і Сільфіда неадрыўна глядзяць адзін аднаму ў вочы, нібыта вядуць нячутную іншым размову. Вось жа доктар-прайдзісвет… Нават са стыхійным духам паразумеўся!
Між тым Лёднік асцярожна адпусціў руку Сільфіды, Пранцысю падалося, нават злёгку яе паціснуўшы, і схіліўся ніжэй… Як нейкі святарны покрыў, адгарнуў наверх падол сукенкі з белай шорсткай парчы, адкрыўшы ножкі панны ў мізэрных, шытых срэбнымі нітамі, туфліках. І Пранцысь пабачыў, што да левай ножкі незямнога стварэння прымацаваны тонкі бліскучы ланцуг, які другім канцом заходзіў пад канапу. Лёднік асцярожна памацаў ножку, зняволеную бранзалетам ад ланцуга, і павярнуўся да князя:
— Ваша княская мосць, ці не можна на нейкі час зняць гэтае ўпрыгожванне з нагі панны? Я адчуваю тут запаленне… На маю сціплую думку, Сільфідзе непрыгожа кульгаць, а гэта непазбежна, калі запаленне не залячыць.
Радзівіл незадаволена кіўнуў слузе, той адамкнуў бранзалет на назе Сільфіды, якая не зварухнулася, працягваючы вывучаць аблічча доктара. Лёднік — вось жа вольнасці рамяства! — правёў рукамі ўверх па ножцы, раз — і шаўковая панчошка ў ягонай руцэ… А на назе Сільфіды, трохі вышэй шчыкалаці, адкрылася трохі паджыўшая рана — такая магла б утварыцца, калі б стыхійны дух, не зважаючы на боль ад жалеза, якое ўпівалася ў цела, ірваўся прэч з ланцуга, спрабаваў узляцець у неба, да родных аблокаў… Пранцысь так яскрава ўявіў гэтую карціну, што мімаволі пачаў шукаць вачыма, дзе за спінай Сільфіда хавае крылы.
Лёднік даў знак Вырвічу падаць сакваяж, пакорпаўся там і дастаў слоічак з паскуднай на выгляд зялёнай маззю. Калі слоічак быў адкаркаваны, выявілася, што мазь яшчэ і смярдзіць балотам. Лёднік пачаў наносіць гэтыя грубыя зямныя лекі на ножку Сільфіды. Тая пакорліва сядзела, глядзела, як быццам гэта доктар быў стыхійным духам, незразумелым чынам прываблены на зямлю… А Лёднік схіліўся нізка, ледзь не носам вадзіў па белай скуры пацыенткі… А пад канец — Пранцысь мог прысягнуць — незаўважна для князя дакрануўся да ножкі вуснамі, а Сільфіда — зноў нічога, толькі ружовыя пульхныя вусны трошачкі здрыгануліся.
«Трэба станавіцца доктарам і лячыць прыўкрасных паненак!» — з зайздрасцю падумаў Вырвіч, уявіўшы на месцы Сільфіды — Паланэйку, а на месцы Лёдніка — сябе.
Лёднік яшчэ і праслухаў Сільфіду з дапамогай кароткай трубкі з пашырэннем на канцы, і горла ёй памацаў, і ў вочы зазірнуў блізка-блізка…
«Яшчэ трохі — і на смак яе пакаштуе», раздражнёна падумаў Пранціш.
Лёднік, аднак, разумеў, што не варта выпрабоўваць цярпенне Радзівіла, устаў і пакланіўся пану.