Пан Геранім быў у незвычайным гуморы, калі меркаваць на радасных тварах прыдворных. Падобна, новая цацка ў выглядзе жалезнай чарапахі яму дужа спадабалася, і ён ужо планаваў, як з ейнай дапамогай карае ворагаў, а сярод іх значыліся нават усе князевы сваякі. Пфальцман зноў красамоўна апісваў магчымасці свайго вынаходніцтва, але князь спыніў погляд на другім немцы, а менавіта Лёдніку.
— А ў чым т-твой вучоны калега аб-базнаны?
На шчасце, пра адмову аднакурсніка ад астралогіі гер Якуб быў папярэджаны. Таму Пфальцман, не крывячы душой, распісаў выдатныя лекарскія здольнасці гера Лотмана, якому выкладчыкі Лейпцыгскага ўніверсітэту прарокавалі славу новага Парацэльса. І тут патрапіў ключ у замок. Князь належаў да людзей, што падазраюць у сабе кучу ўсялякіх хваробаў. Гэта спалучалася з пастаянным падазрэннем, што яго труцяць, няправільна лечаць, сурочваюць і гэтак далей. Таму князь увесь час меў патрэбу у дактарах, але дактары пры ім доўга не затрымліваліся… І не заўсёды ім удавалася з’ехаць ад капрызлівага пацыента. Часцяком яны проста знікалі. Вось і цяпер князь застаўся практычна без лекараў — двух ацалелых ад княскага гневу няшчасных італійскіх клісцірнікаў Геранім бачыць не жадаў, і яны сядзелі, замкнуўшыся ў пакоях, і пілі адвары валяр’яны. Таму нямецкі доктар быў тут вельмі дарэчы. Настолькі, што чорныя вочы Радзівіла загарэліся дзікім агнём, і князь адразу запатрабаваў, каб гер Лотман яго агледзеў і вынес свой вердыкт. Лёднік кінуў на стол сурвэтку і пакорліва нахіліў галаву. Пранцыся паслалі па Лёднікаву дыхтоўную скураную валізку з абавязковым наборам інструментаў і лекаў, пазычаную ў Сапегаўскага доктара.
Калі князь і Лёднік зніклі за дзвярыма з арламі ў суправаджэнні двух гвардзейцаў, запанавала ціша, якую парушалі толькі асцярожныя пастукванні лыжак аб модныя парцалянавыя талеркі, ды часам баязлівы шэпт гасцей. Спалох на тварах шмат сказаў Вырвічу. Ясна, усе непакояцца, што доктарскі агляд князя раззлуе, бо так, відаць, здаралася часцяком, і тады дастанецца ўсім. Нават жывыя статуі задыхалі часцей, адна аж пераступіла з нагі на нагу, і тут жа замёрла пад злосным позіркам княскага прыдворнага маршалка[11]
, тлустага, як рапуха, які павінен быў сачыць за дасканаласцю дэкарацый.Вырвіч адчуваў у жываце ільдзяны камяк. Тым больш і сіньёр Пучыні паглядаў на яго спачувальна. Прайшла, відаць, цэлая гадзіна… Ніхто не насмельваўся ўстаць з месца, горш за ўсё даводзілася нерухомым мушкецёрам ды скульптурам. Музыкі распачалі граць чарговую мелодыю, якой Пранцысь з прычыны сваёй музычнай неадукаванасці пазнаць не мог, але гучэла яна дужа жаласна, як быццам кагосьці на ланцугу па пакутах вадзілі, нават мсціліся словы з карчомнай песенькі пра сіротку Дароту. Кавалак у горла не лез, хаця стол быў багацюшчы: такіх пачварын, якія красаваліся на срэбных блюдах, Вырвіч ніколі не бачыў. Птахі з выкручанымі крылцамі і шыямі, фаршыраваныя грыбамі і садавінай… Шчупакі, з галавы адвараныя, у сярэдзіне запечаныя, з хваста засмажаныя… Парсючкі з прыстаўленымі крыламі… Срэбныя сервізы — складаныя канструкцыі з талерак на вытанчаных маленькіх калонах, упрыгожаныя выявамі антычных багоў, прыпадабняліся славутаму рогу казы Амалфеі, на іх навалілі ўсялякае смакоцце, ад лімонаў да марцыпанаў. На ніжняй талерцы паціху плавіліся «італьянскія лёды», і кожны сервіз стаяў на круглым люстэрку. Раскоша!
А есці не хочацца.
Грукнулі дзверы… Князь Геранім увайшоў у залу парывістым крокам, ягоныя вусны крывіліся задаволенай усмешкай, а ўсміхаўся князь у апошні раз, відаць, калі сабакі на ягоных вачах рвалі зашытых у мядзвежыя скуры правадыроў Крычаўскага паўстання. Уся зала адначасова нібыта выдыхнула з палёгкай, як толькі столь не прыўзнялася. За князем з каменным фанабэрыстым тварам крочыў Лёднік.
— Неад-дменна сёння ж усе вашыя ад-двары мусяць быць гатовыя! — абвесціў на нямецкай князь Геранім і ўрачыста ўсеўся на месца. — Зоймеш п-пасаду майго асабістага д-доктара! Італійцаў вон! Д-дваццаць дукатаў у месяц даю! Я заўсёды к-казаў, што нямецкая мед-дыцына самая лепшая! — і перайшоў на беларускую: — Зараз жа п-падаць мне аўсянай кашы і к-кавалак ад-дварной ялавічыны…
— Толькі ўсё ешце без солі, ваша княская міласць! — сваім нізкім голасам па нямецку прамовіў Лёднік, і можна было зразумець, што гэта прапісаную ім дыету князь пачаў неадкладна спраўджваць.
— Чуеце, невукі? Без солі! Т-толькі атручваць мяне зд-дольныя вэнджаным д-ды смажаным! Пры маіх хворых нырках!
Пахолкі забегалі з такім жахам на твары, нібыта кавалак ялавічыны зараз выражуць з іхніх сцёгнаў. Цяпер уся ўвага засяродзілася на цуда-доктары. Лёднік быў на вышыні. Ён тарабаніў па-нямецку пра солі і мінералы, жыццёвыя сокі і энергію месяца так пераканаўча, што нават Пранцысь, які разумеў з пятага на дзесятае, зацікавіўся.
Раптам князь рэзка ўзняўся, музыка зараз ж сціхла, як перарэзалі струны, і кінуў у бок Пфальцмана і Лёдніка:
— Хадземце, немчукі, мне п-патрэбныя парады добрых знаўцаў.