— Чаму ты думает, што я пагаджуся? А што, калі ўладальнік Опсы і ёсць мой кліент?
— Думаю, што не, — цвёрда прамовіў Лёднік, здзівіўшы Вырвіча (той, па праўдзе, лічыў слаба нашытай латкай іхняй авантуры, што Чорная Меланхолія купленая графам Мануцы).
Забойца хмыкнула, не абвергнуўшы, не пацвердзіўшы.
Лёднік кіўнуў, і Карусь, які чакаў за рэшткамі агароджы па той бок капліцы, няспешна ўзняўся, наблізіўся да дзіўнай парачкі і дастаў штосьці з-за пояса. Зірнула мутна-крывавае вока.
— Арфанус, апал з кароны Карла Вялікага. Возьмеш у аплату?
Калі Вырвіч дасюль не быў упэўнены, наколькі дзеўка адукаваная і ці скажа ёй штось імя Карла Вялікага — усё-ткі часцяком яна выяўляла з сябе гэткую грубаватую прасцячку — цяпер зведаў, што чуму дзесь падвучылі. Чорная Меланхолія прамармытала:
Падумала, пацерла падбароддзе тонкімі пальцамі — веер трымаць такімі трэба, а не стылет.
— Заманліва. Але гэтага мала. Я — вядомы ў сваёй справе майстар, i чаго мне каштавала дамагчыся гэтай рэпутацыі, лепш вам не ведаць, — дзеўка мімаволі кранула пальцам шчаку, дзе, наколькі Вырвіч памятаў, ружавеў маленькі шнар. — Мяне наймаюць, таму што я хібаў не раблю і слова трымаю. Калі я дапамагу табе, доктар, вызваліць дачку, выйдзеш са мной на двубой. Сам-насам. Без тваіх вядзьмарскіх штучак.
Пранціш ажно пачуў словы балады пра анатомію, Доктара і Смерць:
Бутрым, вядома, не бездапаможны, як Доктар з балады, але Чорная Меланхолія не ведае, колькі разоў ён падстаўляўся пад чужыя ўдары, абы не ўжываць магічныя ўменні, якія лічыў страшным грахом.
Лёднік ужо цягнуў руку.
— Прысягаю ў тым перад Госпадам.
Чорная Меланхолія цвёрда сціснула даланю будучай ахвяры:
— I я прысягаю. Пакуль не вызвалім тваю дачку, не буду спрабаваць цябе забіць.
I выскалілася.
— Аванс давайце! Ты, хлапчыска-дубалом, каменьчык кінь... Вось... Малайчынка.
Меланхолія паглядзела праз мутную Сірацінку на сонейка, акуратна схавала ва ўнутраную кішэню курткі і пашыбавала ў бок бліжэйшага ляска, кінуўшы цераз плячо:
— Сустрэнемся, як праб’е дзве, на паўночным выездзе з мястэчка. Не спазняйцеся.
Карусь быў ускінуў са злосці пісталет, прыцэліўся... Змусіў сябе апусціць зброю.
У Пранціша мільганула непрыгожая для шляхціца думка: дарэмна не стрэліў. Усё адно батура — сабача натура, як казалі дзёрзкія мужыкі ў Падняводдзі на непапраўных махляроў.
Лёднік між тым абсунуўся на зямлю і выціраў рукавом змакрэлы лоб.
— Магія, каб яе халера...
Пратрымаўся ўсё-ткі, каб не паказаць, як цяжка тая магія даецца.
А вось Ёсель Бярковіч дакладна лічыў сябе ўсемагутным. Прынамсі, такі самаўпэўнены выгляд бывае толькі ў соймавага маршалка, дробнага пісарчука ды нанятага за алхіміка шалбера.
Круглы твар Ёселя з вачыма колеру меднага купарвасу проста ззяў, а прычына — пакамечаны аркушык, выдраны са сшытка аднаго самадзейнага філосафа.
— Малайчына Саламон, адолеў расшыфроўку! Але тут толькі пачатак...
Пранціш рашуча тузануў аркушык да сябе, хоць кароткія тоўстыя пальцы алхіміка так і прагнулі ўчапіцца ў запаветную цыдулку.
— Наш агульны знаёмца перадаў нам усё цалкам... Але вы ж разумееце, што такі важны дакумент каштуе вельмі, вельмі дорага.
Мануцаў найміт кінуў змрочны хуткі позірк на суразмоўцаў, якія набіліся ў пакой нанятага дамка на самым ускрайку Браслава. Даверу не выклікаў ніводны. Асабліва дзюбаносы тып з пранізлівымі вачыма. А яшчэ чамусьці палохаў даволі шчуплы ў параўнанні са спадарожнікамі юнак з ненатуральна светлымі валасамі. Кожны раз, як той юнак радасна ўсміхаўся пульхнымі ўладнымі вуснамі, алхімік мімаволі ўцягваў галаву ў плечы.
Пранціш цалкам разумеў пачуцці пана Бярковіча.
Калі здабываюць філасофскі камень, на адным з этапаў шкло сасуда цямнее — таму што яго замгляюць так званыя кімерыйскія цені. Як прысутнасць Чорнай Меланхоліі ў іхняй кампаніі.
Напачатку ўзялася цвяліць Каруся.
— А ці пан Карусь мядзведзяў валіў? Валіў, значыць... Ну а правяраў папярэдне, ці гэта не мядзведзіца? Да мядзведзіцы ж грэх датыкацца... Яна жаночага полу...
Карусь чырванеў, бляднеў і адскокваў ад заразы, якая нібыта няўзнак датыкалася да яго то мезенчыкам, то локцем, то каленкам...
Потым Меланхолія намацала больш балючы гузак.
— А як спадар Карусь намерваецца ратаваць панну Соф’ю, калі не наважыцца да яе даткнуцца? Будзе яе на вілах падымаць, як што? А якія ў панны вочы? Гожыя, мусіць... А ці не грэх такому дабравернаму юнаку насіць у памяці вочы чужой дзяўчыны?
Лясны дзікун адварочваўся, сціскаў кулакі і мармытаў малітвы.
Неяк сарваўся, не пракрычаў — прасіпеў цяжка словы, як цвікі забіваў: