А што было рабіць? Бутрым ацалеў пакуль што выпадкова. Заўчора ў заезным доме ў ягоным куфлі аказаўся той самы антымоній. Добра, што доктар замовіў не піва, а з прычыны сваёй зануднасці нейкі мясцовы адвар з сухіх яблыкаў, у якім лягчэй аказалася вызначыць няправільны прысмак.
Потым кароткая страла папсавала ягоную валізку, калі Лёднік, угнуўшыся, корпаўся там у пошуках мікстуры для Алеся, усё яшчэ саслабелага.
Потым яшчэ адна страла не дала вандроўнікам спакойна папалуднаваць. Прыстроіліся ля вогнішча ў чыстым полі — коні змагліся, і трэба было перадыхнуць, і на табе — свіст, Бутрым трымаецца за плячо. Драпіна, але каб не меў Чорны Доктар цэлага арсенала супрацьяддзяў — канаў бы ўжо ад атруты, якой шчодра змазалі вастрыё.
Так ехаць было немагчыма... Саламон, калі развітваўся з іх бандай, ледзь хаваў палёгку. А сёння раніцай Лёднік змусіў застацца ў нанятым доме Алеся пад прыглядам Сцяцка. Гэта ўдалося толькі таму, што венскі механік не меў сіл цвёрда запярэчыць.
Як адвязацца ад белавалосай чумы?
Вырвіч прапаноўваў высачыць ды прыстрэліць.
Карусь прыдумаў, што пераапранецца ў адзежу гаспадара і ў прыцемку з’едзе, зманіць за сабой заразу.
Лёднік вырашыў: трэба дамовіцца.
Вось і заклікаў зараз да сябе Чорную Меланхолію, як студыёзусы Віленскай акадэміі перад іспытамі залазілі на званіцу сабора Святых Янаў ды клікалі Святую Дармаўшчынку, каб здаць, не вучыўшы.
Пранціш i Карусь затаіліся па абодва бакі капліцы... Вядома, смешна было спадзявацца, што Меланхолія ix не заўважыць.
— Панна Меланхолія, у мяне ёсць для вас слушная прапанова!
— Што можа прапанаваць мярцвяк?
Пранціша ажно ўскінула — ледзь прымусіў сябе не бегчы наперад і Каруся жэстам спыніў. Меланхолія стаяла ўнутры капліцы, перад Лёднікам, — абодвух добра было відаць скрозь разлом у сцяне. Але прыстроілася ўсё-ткі так, каб ні Пранціш, ні Карусь не пацэлілі, калі ўздумаюць парушаць слова, — бо патрапяць у доктара.
Саскочыла зверху, ці што? Быццам у выглядзе кажана вісела на карнізе.
На гэты раз дзеўка нагадвала выглядам студыёзуса. Гэткага збеглага шкаляра, якім калісь быў сам Вырвіч. Куртка, падперазаная скураным пасам з мядзянай бляхай, чаравікі з высокай шнуроўкай, насунутая на лоб шапка з кароткімі брыламі — каб зручна рухацца і не кідацца ў вочы. Фізіяномія перапэцканая, і стрыжаныя валасы, што вытыркаюцца з-пад шапкі, брудныя і зусім не нагадваюць снег, пульхныя вусны ўсміхаюцца...
— Прапаную панне адкласці на нейкі час адну замову і пагадзіцца выканаць іншую. За добрую плату.
Белавалосая закінула галаву і весела зарагатала — нібыта не ведала, што ў яе цэляцца з двух бакоў.
— Ну ты, дзед, смешны. З антымоніем — ну, згодная, дурасць, зельніка зеллем труціць. Але ад стрэлачак маіх усё адно ты нікуды не дзенешся.
Палец Вырвіча так і дрыжэў — націснуць курок... Утрымлівала не столькі прысяга Лёдніка, колькі падсвядомая ўпэўненасць, што гэтак лёгка чуму не забіць.
Бутрым крыва пасміхнуўся.
— Ну, калі паненка адазвалася на маё запрашэнне, значыць, усвядоміла, што я не такая простая ахвяра. Тое-сёе, нягледзячы на нямоглы век, магу...
З’едлівае «нямоглы век» сведчыла, што Бутрыма ўсё-ткі чапляла насмешлівае паненчына «дзед».
А потым усё адбылося маланкава. Чорная Меланхолія зрабіла няўлоўны pyx, Баўтрамей таксама... Толькі яе рука была ўзброеная стылетам, а Лёднік проста спрытна ўхіліўся ды выставіў перад сабой даланю... I забойца выраніла стылет, адляцела на сажань назад і зрабілася Чырвонай Халерыяй.
Наступны скачок заразы Лёднік таксама спыніў голымі рукамі, на адлегласці... Дзеўка ўпала на засмечаную цагляную падлогу, задыхаючыся, быццам атрымала кулаком пад дых.
— Аднойчы я зваліў такім чынам магутнага воіна, Германа Ватмана, ён жа граф Пянткоўскі, — меланхалічна паведаміў Лёднік. — Магу і сэрца спыніць. Але даў паненцы слова не чапаць яе.
Павёў рукой — і стылет ад’ехаў па падлозе ўбок, нібыта сам па сабе.
Дзеўка аддыхалася і ўстала на ногі, больш не выскаляючыся, але і без прыкмет страху.
— Я таксама цяпер... проста праверыць. Надта ж прыгожа ў цябе з птушкамі атрымалася. Я нават на вераб’ёў зараз паглядаю з насцярогай.
Значыць, Бутрым меў рацыю — на заразу зрабіў уражанне шалёны напад кірляў, які яна прыпісала чарадзейным уменням сваёй ахвяры. Бо ўдзел Алеся ў птушыным шаленстве быў вядомы толькі пасвечаным.
Цяпер яшчэ б разагнаўся доктар, адштурхнуўся ад сцяны ды перакуліўся ў паветры, як калісь навучыўся ад таго ж кітайца.
Каб не трагічныя абставіны, можна было б пасмяяцца — не раўнуючы вясковы хлопец перад дзеўкай на вечарынцы штукуецца, абы яго заўважыла. Вунь як удае, што лёгка штукарствы даюцца, а сам пасля адлежвацца будзе без сіл.
— Адкладзі сваю замову на мяне. Паспееш забіць. Дапамажы вызваліць маю дачку з Опсаўскага палаца. А потым рабі што хочаш.
Вырвіч адчуў, што трэба дадаць драмы, і гукнуў:
— Калі адмовішся — дык птушкі паўсюль лётаюць... А яшчэ пацукі бегаюць, змеі поўзаюць... Усіх на цябе нацкуём. Не адаб’ешся.
Вільготны веснавы ветрык слізгануў па скуры пяшчотна, як гадзюка. Забойца сур’ёзна глядзела на доктара бяздоннымі вачыма.