— Паспрабую абвергнуць словы пана тым, што ўсё-ткі здабуду залаты ланцуг на шыю. А пакуль...
Саламон дастаў з-за пазухі запаветны рукапіс, аддзяліў некалькі старонак.
— У палацы ў Опсе жыве мой даўні знаёмца, Ёсель Бярковіч. Мы некалі разам у Нясвіжы штудзіравалі таемныя навукі...
Саламон зрабіў пальцамі левай рукі нейкі знак у паветры, які Пранцішу ні пра што не сказаў, ну а Лёднік пасуровеў: таемнымі ведамі таксама быў наладаваны.
— Ёсель прасунуўся далей за мяне, — з адценнем зайздрасці працягваў Майман. — Але спакусіўся залатым пернікам, згадзіўся навучаць графа Мануцы. Граф махляр, чалавек бессаромны і жорсткі... Але і ў самага лепшага махляра заўсёды ёсць слабасць. Мануцы марыць пра філасофскі камень, алхімічныя мудрасці... Вось Ёсель у яго за хатняга алхіміка. Дурыць галаву італьянцу, грошы выманьвае. То прывіда ў шкляным шары пакажа, то чырвоных духаў з колбы. Ёсель i мне прапаноўваў графа паскубці — той аж млее ад усялякіх таемных ведаў ды здольнасцяў. Я адмовіўся.
— Правільна зрабіў... — Бутрым зусім спахмурнеў. — Я калісь насёрбаўся тых алхімічных спраў. Пісаў Альберт Вялікі: «Трэба быць вельмі асцярожным, асабліва тады, калі працуеш на вачах у тваіх гаспадароў. Дзве бяды падсцерагаюць цябе. Калі табе даручаная золаташукальніцкая справа, яны не перастануць мучыць цябе роспытамі: “Ну, майстра! Як ідуць твае справы? Калі, нарэшце, мы атрымаем прыстойны вынік?” I, не дачакаўшыся заканчэння працы, яны пачнуць усяляк здзекавацца з цябе. У выніку цябе спасцігнуць вялікае расчараванне і вялікія беды. Калі ж, наадварот, ты будзеш мець поспех, яны пастараюцца затрымаць цябе ў палоне, дзе ты будзеш працаваць ім на карысць, не маючы магчымасці сысці».
— Так і ёсць, — кіўнуў Саламон. — Але прыяцель мой упэўнены, што з ім нічога падобнага не здарыцца. А на гэтых старонках... — Саламон патрос аркушамі з рукапісу, — рашэнне адной хітрай задачкі, над якой мы разам з Ёселем калісьці біліся, і ён так і не рашыў. I дасюль не рашыў, я дакладна ведаю, — у голасе вандроўнага філосафа гучала сапраўдная гордасць. — Іначай не спакушаў бы мяне графскімі грашыма ў спадзеве, што я аддзячу разгадкай таямніцы. Ёсель за гэтыя аркушы душу закладзе, калі яна ў яго, вядома, засталася.
Вырвіч зірнуў з цікавасці: не, не матэматыка. Нейкія значкі незразумелыя.
Лёднік узяў аркушы, нібыта вагаючыся.
— Палінгенезіс... Яшчэ адзін міф...
— Перавёў зашыфраваную старонку з трактата Аўраама бен Эзры,— з гонарам паведаміў Саламон. — Ніхто б не змог! А я змог! Я ўсе мовы адчуваю, калісь чытаць на нямецкай вывучыўся з дапамогай пагінацый, пазначэнняў старонак, — бацька забараняў ведаць мовы, акрамя габрэйскай.
Вырвіч хацеў удакладніць наконт палінгенезісу i падазронага бен Эзры... Але тут застагнаў Алесь, i Бутрым кінуўся да сына. Маладзён прыўзняўся, выпіў бацькаву мікстуру. Патрос галавой. Расцёр вушы, шчокі, нібыта абмарозіўся. Азірнуўся навокал... Неяк разрублена.
— Не чую...
— Нешта са слыхам? — Лёднік суправадзіў занепакоенае пытанне жэстамі.
Алесь заматаў галавою.
— Не, звычайны слых застаўся. Я больш не чую... істотаў... — Запнуўся, шукаючы словы. — Я... заўсёды адчуваў, калі побач ёсць якая птушка ці звярок... Не магу патлумачыць як. Але калі засяроджуся — мог зразумець іх пачуцці. Голад, страх... Мог як бы... пачапіць звера на нейкую нябачную нітку... А цяпер...
Алесь яшчэ раз азірнуўся.
— Пуста... Ціха... Хаця вось яны, птушкі...
Лёднік і Вырвіч сустрэліся позіркамі... Ясна, перасіліўся маг-пачатковец, кіруючы такім вялізным птаствам.
— Можа, яно і да лепшага, сынок, — мякка прамовіў Бутрым. — Ты і без таго валодаеш выбітнымі талентамі, А гэта... таемнае... грахоўнае... — пацёр лоб, прыкрашаны амаль ужо незаўважным шнарам. — Давай памолімся святому Кіпрыяну, які таксама быў вызвалены ад чарадзейскае спакусы.
I Вырвіч шчыра парадаваўся за малодшага Лёдніка. Не належыць чалавеку і добраму хрысціяніну ўмець тое, што Алесь сёння ўчыніў.
Але каб не ўчыніў ды перабілі трыццаць восем удзельнікаў гульні Святога Пятра з бандай Чорнага Доктара разам? Ці правільней было б?
Вырвіч падумаў, перажагнаўся і вырашыў, што адказу не ведае.
Раздзел дзявяты
ОПСАЎСКІ АЛХІМІК I РУЖОВЫ ПАВІЛЬЁН
— Чорная Меланхолія! Прыйдзі!
Каб хто старонні прысутнічаў у гэты момант ля амаль зруйнаванай капліцы на ўскраіне жмудзінскага мястэчка, дык вырашыў бы, што тут альбо ладзіцца рэпетыцыя павучальнай сімвалічнай камедыі, альбо расперазаўся вар’ят. Злавесны такі высокі пан з доўгімі чорнымі патламі, дзюбатым носам і пранізлівымі цёмнымі вачыма. Ды ці не вядзьмак духа выклікае?
— Панна Чорная Меланхолія! Слова даю — ніхто вас не кране! Імем Госпада прысягаю! Трэба пагаварыць!
План сапраўды быў вар’яцкі.
Лёднік заціснуўся між дзвюма калонамі, з якіх даўно аблезла тынкоўка і паказалася чырвоная цагляная плоць, і гукаў уладным прафесарскім голасам у прастору, населеную сільфамі, гномамі, ундзінамі, саламандрамі і прафесійнымі забойцамі.