— З кожным ударам звона ўдзельнік гульні мусіць зрабіць крок наперад, у наступны круг, ад каменя, ля якога стаіць, да іншага каменя.
Дзіўна, але ў голасе мажнога вусача, што кіраваў цырымоніяй, чулася сапраўднае хваляванне — мусіць, рытуал вельмі шанавалі.
— Нагадваю: нельга штурхацца, мяняцца з кімсьці месцамі, сыходзіць са свайго шляху, рабіць больш аднаго кроку, спрабаваць сысці з кола. Крычаць таксама забаронена. Кожны, хто паспрабуе так зрабіць, будзе адразу прызнаны вінаватым. Той, хто дойдзе да цэнтра лабірынта, выратуецца!
Пранціш нават дазволіў сабе скептычную ўсмешку. Усяго толькі? Ну й дурні.
Зараз жа і ўдарыў звон — яго прымацавалі на галіну адной з соснаў. Вырвіч азірнуўся на змрочнага Лёдніка і зрабіў крок, дакладней, палову кроку — адлегласць паміж кругамі была невялікай... I ўсвядоміў, у чым сэнс гульні Святога Пятра. Кожны круг меншы за папярэдні. Камусьці з гульцоў проста няма куды ступіць наперад, i не мела значэння, хто каго апярэдзіць, бо незаўважныя здаля дарожкі, якія віліся да цэнтра i па якіх належала ісці, таксама былі лабірынтамі.
Гэты хтосьці адразу і выявіўся... Той, каго Пранціш палічыў купчынай. Таўстун дарэмна спрабаваў ушчаміцца паміж бабулькай і тыпусам з паламаным носам. Яго падхапілі пад рукі — вось тут купчына залямантаваў пра сваю недатычнасць да патрушчанага шкла ў прададзеным ім меху солі — і павалаклі на адхон пад ухвальныя крыкі публікі...
Да няшчаснага наблізіўся каржакаваты волат з такімі рукамі, што ў кагосьці сцёгны танчэйшыя. Ваўняная шапачка на лысай галаве здавалася недарэчна маленькай. З аднаго боку да гандляра соллю са шклом падскочыў мніх, тыцнуў яму ў вусны крыж, затым волат у ваўнянай шапачцы абхапіў далонямі галаву купчыны, павярнуў... Пранцішу падалося, што ён чуе агідны гук пераламаных пазванкоў. А потым — плёх — цела паляцела ў рэчку. Усе перахрысціліся, той-сёй з гледачоў неахвотна палез за кашальком — мусіць, не на таго паставіў...
Самая распаўсюджаная стаўка ў свеце — чужыя жыцці.
Менскаму падкамораму здавалася, што ён бачыць страшны сон... Перапіў такайскага, бывае... Збляднелы Лёднік трывожна азірнуўся на Каруся, які апынуўся побач з ім.
— Шаноўны, вы не ведаеце, колькі чалавек дойдуць да цэнтра круга? — шэптам папытаўся Вырвіч у суседа, прыгорбленага ды худога спадара, вузкія вусны якога хваравіта ссінелі. Той нават вачэй ашклянелых не перавёў на цікаўніка.
— Двое.
Што? Двое з сарака? Выходзіць, з іх кампаніі нават пры найвялікшым шанцаванні палова не ацалее?
Пранціш адчайна падаваў знакі Бутрыму, але той, мусіць, i сам усё вылічыў, мяркуючы па гнеўным выглядзе.
I зноў ударыў звон.
На гэты раз не пашчасціла адразу дваім — хлапцу ў лахманах і суседу Вырвіча з сінімі вуснамі. Сусед дык толькі яшчэ больш прыгорбіўся і пакорліва пайшоў да месца пакарання, не раўнуючы баранчык. А малады злодзей лаяўся на трох мовах, пакуль валаклі на смерць, кляў ды кляў ненавісны гарадок... Схітрыўся нават ката за палец укусіць...
Плёх... Яшчэ двое выбылі з гульні.
Чаіцы кружлялі над смяротным лабірынтам усё хутчэй і ніжэй, быццам замаскіраваныя вароны, ласыя да паху смерці.
Вырвіч азірнуўся на публіку — пухлявы, багата апрануты хлапец, не старэйшы за таго, каго зараз скінулі з пераламанай шыяй у хвалі, прагна закусваў хвалюючае відовішча піражком.
Зноў удар звона... Крык паскудных белых птахаў...
Цяпер не пашанцавала траім. Здаровы мужык, падобны да палыселага бабра, штурхануў плячом кабету з ружанцам і спрытна стаў на яе месца.
Вусач-кіроўца зараз жа падаў знак, і спрытнюгу павалаклі на адхон... Дакладней, панеслі за рукі, за ногі, бо адбіваўся.
Хрусь... Плёх...
А на тварах ацалелых палёгка, амаль шчасце.
Трэба на нешта наважвацца...
Звон.
Цяпер, відаць, з лабірынта забяруць адразу чацвярых...
Карусь застыў на месцы... Лясному дзікуну не было куды ступіць. Хлопец пастараўся не выказаць страху, толькі выпрастаў спіну ды сціснуў кулакі...
I раптам падаўся наперад ад моцнага штуршка Лёдніка, які паставіў слугу на сваё месца.
А Карусь пасля імгнення разгубленасці павярнуўся ды тузануў гаспадара за плячо:
— Ты што творыш, пан! Табе яшчэ дачку вызваляць!
Напэўна, відовішча было смешнае, балаганнае — старэйшы ды малодшы ўпарта не давалі адзін аднаму сябе ратаваць.
А вось і карнікі падбягаюць... Схапілі абодвух. Дакладней, паспрабавалі схапіць — Бутрым прыгнуўся, як рысь, кінуўся наперад і няўлоўным ударам адправіў на зямлю здаравучага мужыка, узброенага дручком. Той відавочна не займаўся ні з адным старым кітайцам, знаўцам баявога майстэрства, як у свой час Полацкі Фаўст. Таму вельмі здзівіўся, калі дручок выпаў са знямелай рукі, падбітай пад локаць, а перад вачыма загайдалася неба з белымі чайкамі. Карусь падхапіў дручок і счапіўся з другім наглядчыкам... Ну і падкаморы менскі далучыўся да бойкі, канчаткова парушыўшы ход гульні. Ён не ўмеў перці з голымі рукамі супраць зброі, як Бутрым, але і наглядчыкі не мелі ні шабляў, ні пісталетаў, толькі свае дзеравяшкі — відаць, лічылася, што забіваць гульцоў трэба згодна з рытуалам. Так што дрэўка ад харугвы таксама сышло за зброю...