Цяпер Вырвіч прыпомніў: хадзілі плёткі пра тое, як спрытна прыстроіў Цялок сваю пляменніцу за багатага сірату. Значыць, гэта і ёсць Марыя Тэрэзія? Пільна прыгледзеўся: баявітая пляменніца караля падлеткам перахварэла на воспу, і так няўдала, што адно вока выцекла. Цяпер яно ў пані мусіла быць шкляным. Але ў цьмяным святле свечак такіх адметнасцей не разгледзіш. Заўважыў толькі дзве мушкі: адна над левым брывом, што азначала нескаронасць, другая ля правага куточка ярка нафарбаванага маленькага ўладнага рота, што, наадварот, перакладалася як «пастарайся знайсці спосаб да спаткання». Спатканне меркавалася дакладна не з мужам.
— Сапраўдная амазонка, васпане! — у рэферэндарыя падбароддзе, ну тое месца, дзе яно магло б быць, трэслася, быццам бланманжэ. Куточкі рота, звычайна рэзка апушчаныя ўніз, як на масцы П’еро, прыўзняліся.
Так, у параўнанні з гэтай панечкай мадам Жана Жылібер выглядала проста ўзорам дабрадзейнасці.
Час успомніць пра этыкет. Пранціш пакланіўся:
— Пан Франтасій Вырвіч герба Гіпацэнтаўр.
— О, я ведаю! Пан, перапрашаю, брэцёр!
Каб хто іншы такое рэкнуў — Вырвіч кінуўся б бараніць гонар. Але пан Вінцэнт Тышкевіч прамаўляў сарамліва, быццам прабачэння прасіў, і лёгкае асуджэнне гучала па-дзіцячы шчыра... Так што Пранціш не змог не ўсміхнуцца.
Бутрым ветліва схіліў галаву.
— Доктар Баўтрамей Лёднік, прафесар Віленскай вышэйшай школы.
Мяккі твар Тышкевіча зморшчыўся ў спалоху, як свежая булка ў кулаку дзіцяці.
— Вой не, пан доктар, толькі не кансультуйце... У імя Святой Цэцыліі. Вы ж таксама зараз скажаце, што мне трэба дыета, ды не вячэраць, ды кроў пушчаць. А я не магу... Не магу, васпане! Слабы я...
Рэферэндарый камічна развёў рукамі.
— Я ўжо нават прасіў сваіх хатніх: падчас вячэры замыкайце мяне ды не выпускайце, хай напрамілы бог прасіцца стану... А як пачую праз дзверы пахі спакусныя — дык ажно заплачу ды завыю... Ну і выпусцяць мяне, пашкадуюць...
Лёднік толькі галавой пакруціў.
— Усё-ткі я б узяўся за вашае лячэнне, ваша мосць. Пачаць з масажу, лёгкай гімнастыкі... Вунь як вам тут цяжка, у задусе гэткай... Кроў да галавы прыліла.
I сапраўды, твар пана Вінцэнта набываў бурачковае адценне, а ў дыханні чуўся прысвіст.
Але рэферэндарый махнуў рукой.
— Усё ў волі Госпада.
— Але менавіта людзі робяць сабе шкоду, калі Госпад папушчае, — павучальна прагудзеў Лёднік. — Вось у васпана, бачу, бант на адзенні... I блішчыць. А гэта ад таго, што французскія галантарэйшчыкі пасыпалі яго тоўчаным шклом. Гэта вельмі небяспечна! Калі тоўчанае шкло патрапляе ў органы дыхання ці стрававання...
Рэферэндарый замахаў рукамі, як восаў адганяючы.
— Пане дабрадзею, пашкадуйце маё сэрца, выскачыць зараз ад жахаў гэткіх медычных, зайцам паскача, а я ж не даганю!
Пранціш, ужо не хаваючыся, рагатаў. Бо ў блазнаванні пана Вінцэнта Тышкевіча чулася не глупства, а самаіронія, уласцівая толькі разумным. Але разам з тым верылася і ў самыя недарэчныя плёткі — можа, можа надзівачыць персанаж... На менскім сойміку адзін шляхцюк, якому давялося пабываць у Свіслачы, балаболіў, што ўладар мястэчка, рэферэндарый літоўскі, дома апранаецца ў жаночае адзенне, цэлую шафу сукенак мае. Каптур апране, капот з карункамі, дый ляжыць на канапе шчаслівы.
Лёкай у зялёнай ліўрэі пачціва схіліўся побач:
— Яе княская мосць просяць вельмішаноўнае панства падысці да яе...
Музыка на нейкі час сціхла, расчырванелыя дамы адчайна абмахваліся веерамі, і здавалася, быццам у зале завёўся рой ашалелых матылёў. Рэферэндарый даволі бадзёра рушыў да гаспадыні рэдута па паркеце, выкладзеным цёмнымі і светлымі квадратамі, быццам більярдны шар каціўся па шахматнай дошцы — фігуры імкліва расступаліся, каб не сутыкнуцца.
Пані Аляксандра ласкава ўсміхнулася рэферэндарыю.
— Што, Вінцэсю, гэты доктар ужо кінуўся лячыць цябе?
Пан Вінцэнт камічна заківаў галавою.
— Вой, пані дабрадзейка мая, нават словамі ледзь не залячыў!
Пані пагразіла Лёдніку пальцам, на якім блішчэў сыгнет памерам са сліву.
— Ты, доктар, месца сваё ведай, Гасподзь — найлепшы лекар, а часам і хваробу для нашага ж ратунку спасылае.
Бутрым ветліва пакланіўся.
— Ніколі пра гэта не забываюся, ваша княская мосць.
Княгіня падала знак фрауцымер, маленькай, пухлявай i немаладой, i тая старанна замахала на ўладарку шаўковым кітайскім веерам з зялёнымі птушкамі.
— Не верыцца. Каб разумны ты быў, пан, не ганяла б цябе з месца на месца, як падранага ваўка, меў бы свой палац ды лячыў прыстойных людзей, а не вар’ятак, якія па падлозе з пенай на вуснах качаюцца.
Пад прыстойнымі людзьмі княгіня, пэўна ж, разумела сябе, а вар’ятка — вядома, намёк на пані Тэрэзу Радзівіл.
— I пана Вырвіча не дапусціў бы да афектацыі з італьянчыкам.
Пранціш ганарыста закінуў галаву.
— Шляхціц сам вырашае, ваша княская мосць, падобныя дыскурсы, гонару датычныя... Сяброўскія парады тут недарэчныя. Ёсць абразы, якія нельга прабачаць, і злачынствы, якія няможна пакідаць беспакаранымі.
Застаецца спадзявацца, што гаворка не зойдзе пра зачэпку двубою i не прагучыць імя Сафійкі. Гасподзь ведае, колькі тут языкамі муты паўзбівалі.