Праўда, і тут залатыя вёслы рухаюцца супраць плыні... Аднойчы падчас балявання Ігнацы Пац выклікаў на двубой маладога Пане Каханку, не вытрымаўшы грубых жарцікаў... Радзівіл загадаў дзёрзкага ўзяць у ланцугі ды пасадзіць у сутарэнне. Беднаму Пацу абвясцілі, што яго асудзяць на горла... Святара прыслалі паспавядаць... А потым, як ужо валаклі працверазелага ды змучанага да месца страты — ага, напалохаўся, дурню! А гэта проста добры ўладар пажартаваў! Радзівіл з Пацам расцалаваўся, гучна яго прабачыў, тры дні ўдалы жарт запівалі за бяседным сталом, пасля чаго няшчасны Пац усё-ткі памёр самай удалай шляхецкаю смерцю, перапіўшыся.
Колькі Вырвіч прыемнай зухаватасці такой займеў і з куфлем, i з шабелькаю! Сумленныя паны, ясная справа, падп’юцца — б’юцца, не падп’юцца — б’юцца, бо не напаілі... Замежнікі, вядома, крывяцца з ліцвінаў: дзікуны!
Двубой — гэта паводле кодэкса, а не тады, калі п’яная кодла на другую такую ж прэ. Ды яшчэ не сумленнымі шаблямі, а шастапёрамі па галовах...
Але што зробіш з гарачым норавам шляхоцкім! Бойкi — яны ж у самай сутнасці рэчаў ды рэчываў. Які Лёднікаў трактат дзе ні разгарні — то зялёны леў паглынае сонца, што сімвалізуе, як расліны прыўлашчваюць святло, то змяюкі адна адну пажыраюць, што ёсць узаемадзеяннем ртуці й серы...
Вырвіч не ведаў, што ён у дадзены момант увасабляе — серу ці ртуць, але больш за ўсё хацелася знішчыць тое рэчыва, што ўвасабляе Мануцы. Усмешлівы, гожы, чорныя вочы блішчаць... Выліты Ланцэлот альбо Трышчан! Чаму Гасподзь папускае, каб гнюсь выглядала высакародна?
Пранціш азірнуўся, каб яшчэ раз ацаніць абстаноўку... Гразка, але першая траўка прабіваецца, не дасць падэшвам моцна слізгаць. Хмызы побач, голыя, як бізуны... Можна зачапіцца. Сонца справа... Сцяна злева...
На тле такой сцяны толькі й забіваць. У вышчарбленых, счарнелых, пазелянелых цаглінах угадваліся злавесныя выскалы, выбоіны цямнелі пустымі вачніцамі. Рэшткі калонаў сведчылі, што тут калісьці была не проста табе адрына ці маслабойня, а, магчыма, флігель для вытанчаных панскіх пацехаў, і вытылінгвалі тут флейты, мармыталі салодка мандаліны, падносіла белая ручка да вуснаў срэбны келіх з барвовым напоем...
Барвовы напой пральецца і сёння.
— Ваша мосць граф, кепска бачу я, даруйце ўжо мне, а што гэта ў вашае мосці на ручцы правай бліскае, пад манжэтам? А пакажаце, пане дабрадзею мой, бо кепска бачу...
Тонкі голас графа Вінцэнта Тышкевіча гучаў так прабачальна... Але ясна было: не адступіцца, пакуль не атрымае адказу.
Сляпы, разумееш... Дурнаватым прыкідваецца. А ўгледзеў металёвы бранзалет, які Мануцы схаваў пад карункавым манжэтам. Пранціш перакінуўся позіркам з Лёднікам: той папярэджваў пра хітрасць, якую можна падчас бойкі з дапамогай такога бранзалета з адмыслова трывушчай сталі ўчыніць... I правілы непарушаныя застануцца.
Таўстун Вінцэнт усё гэтак жа паўжартам, прабачальна змусіў італьянца зняць падазронае ўпрыгажэнне. Як яшчэ раней настаяў, каб секунданты Мануцы, вядомы фехтавальшчык пан Вайніцкі, даўбель з рассечаным мясістым носам, ды прайдзісвет-лекар Дэмбіцкі, жэрдка з кацінымі вусамі, абодва стаялі побач з імі, панам Вінцэнтам і доктарам Лёднікам, і ні на крок не набліжаліся да фехтавальшчыкаў. Каб секундантам быў Бутрым, Мануцы і не падумаў бы паслухацца, толькі й стараўся б расцвяліць доктара. I ўдалося б. I скончылася б крывавай валкай, у якую ўцягнулі б немавед колькі народу.
Бутрым ужо ўсе вусны сабе скусаў, ботамі яміну ў вільготнай вясновай глебе вытаптаў. Ягоная доктарская валізка сіратліва прыхінулася пад хмызамі. Перад сваімі бойкамі ніколі так не хваляваўся — зацяты ды спакойны, што камень. Няўжо так не верыць у Вырвіча? Нават крыўдна.
Першыя ж удары лязо аб лязо давялі, што перамога лёгкай не станецца. Адразу перастаў здавацца прахалодным ветрык, які шнырыў пад кашуляй — біліся без верхняга адзення.
Танец са смерцю мусіць быць самы прыгожы...
Бо тое, што пасля, — яно пазбаўленае чароўнасці... Гніенне, акасцяненне і хрусткасць... Таму няхай пакуль усё імчыць, і кожны рух вывераны і хуткі, і кожны погляд як дубцом па вадзе...
Пранціш нават не зважыў укол у перадплечча. Гэта Лёднік загарлаў: спыніць двубой, адзін з ваяроў паранены! Пранціш толькі раўнуў, гледзячы ў ненавісныя італьянскія вочы, у якіх тарантэліла насмешка:
— Я ў парадку! Б’емся!
Батман... Контр-дэгажэ... Куле... Дэвелапман... Батман... Флэш атак... Халера... Халера... Халера...
Сярод жывых толькі аднаго фехтавальшчыка Пранціш ведаў не горшага за Мануцы — Бутрыма... Ну, i Меланхолію... Любога іншага ўклаў бы ўжо. Любога іншага...
Яшчэ адзін укол — лязо рапіры прайшло пад скурай на левым баку, слізганула па скабах...
Глупства! Б’емся! Батман! Флэш атак! Тушэ!
I Пранціш дастаў саперніка, шкада, толькі драпіна, але расцвілі макі і ў таго на кашулі...
Што ж боты такія цяжкія сталі... А Мануцы рухаецца так, што воку цяжка адсачыць.
Лязо бліснула зусім не там, дзе Вырвіч яго чакаў... Вось і ўсё, даражэнькі Гіпацэнтаўру, даскакаўся...