Паглядзеў на незадаволены твар сябра, раздражнёна ўздыхнуў.
— Ну хочаш — можаш мяне застрэліць, каб высакародныя нервы супакоіць. А мяне вашыя шляхецкія палітэсы не чапляюць.
Вырвіч сціснуў ад злосці сківіцы, Меланхолія рагатала, а доктар пачаў перастаўляць на шыфаньерцы шкляніцы з лекамі, мармычучы лацінскія тэрміны.
— Вось гэта ўсё з сабою дам... Пані Дамініка прасочыць, каб ужыў як след. З Капаніч па цябе прыслалі — у суседнюю карчму адправіў, тут пакуль нават экіпаж няма куды ўладкаваць, увесь двор завалены будаўнічай гламаздой. Думаю, праз пару тыдняў можна і адправіць цябе. Унутраныя органы не пашкоджаныя...
А-ёй... Значыць, даведалася жоначка пра двубой... I не апраўдаешся, чаму не прызнаўся раней. Давядзецца выцерпець справядлівыя папрокі. Зноў для белавокай чумы падстава казаць, што Пранціш пад абцасікам круціцца.
— А яна што тут робіць? — тыцнуць пальцам не мог, падбароддзем кіўнуў на Меланхолію Вырвіч. — Каго на гэты раз забіваць узялася?
Паскудная дзеўка зноў выскалілася, як цыган на шаўковыя порткі.
— Пра мае замовы, пан Вырвіч, табе лепей не ведаць — жывым застанешся. Вось калі мне цябе замовяць — ты й не здагадаешся, аддасі моўчкі залатыя ключыкі вогненнаму мору. Радуйся, што жывы застаўся, ды рыхтуйся да жоначкі на кухталі, ваяка.
Пазбірала свае нажы, развярнулася дый выслізнула з пакоя, быццам начніца. Пранціш зноў адчуў незразумелае раздражненне, калі Бутрамей моўчкі праводзіў поглядам чуму. Таямніцы сумесныя развялі... Само вырвалася злоснае, цёмнае, зайздрослівае:
— Што, забыўся ўжо на Саламею?
Папрок быў жорсткі і несправядлівы, і Лёднік скалануўся, як ад удару пугай па спіне.
— Ніколі не забудуся. I ты гэта ведаеш.
Не азірнуўся, таксама рушыў да выхаду, выпрастаны, як астранамічная вежа.
— Я прышлю прыслугу з лекамі і вячэрай. Вы саслабелі, пан Вырвіч, перад далёкай дарогай трэба аднавіцца.
У голасе пару пудоў колатага лёду. Значыць, закранула.
На бланжавых шпалерах загайдаліся прывіды — сакавіцкае сонца за акном аблашчыла вербы, на якіх прыдрамалі коцікі.
Пранціш улёгся на падушкі, так-сяк прыладзіўшы хворую руку, каб найменш балела. А сумленне балела яшчэ больш, i тут зручна не ўладкуешся.
Пра двубой з Бутрымам — ад пачатку ясна было, што глупства... Гэта прыродны шляхціц у справе гонару забываецца на ўсе былыя сувязі. Колькі разоў Пранціш бачыў, як пасля сойміка сардэчныя сябры секліся да смерці, бо адзін другога па п’янай справе ў дзвярах штурхануў. Пасля слязьмі адзін па адным сцякуць, але абразу трэба змыць, адразу — кроў, пасля — слёзы! Прасталюдзец Бутрым, хоць дзесяць патэнтаў на шляхецтва яму дай, такіх тонкасцей не зразумее.
Калісьці Пранціш быў сведкам, як Лёдніка згаварыліся забіць людзі князя Багінскага. Князь даў слова захаваць Чорнаму Доктару жыццё, і проста прыкончыць яго не выпадала. Таму змоўшчыкі, дужыя мацакі-гусары, адзін за адным выклікалі яго на двубой, гаворачы абразлівыя словы, плюючы ў твар. Лёднік біўся па коле з адным, другім, трэцім... Аглушаў, выбіваў зброю — не хацеў забіваць. Ясна было, што рана ці позна ён зняможыцца... А Пранціш сядзеў у кустах, цярпеў, сціснуўшы зубы, i не дазваляў Алесю i Давыду ўмяшацца, абы даць старэйшаму сябру магчымасць змыць абразу, каб i надалей пачувацца з ім на роўных. Бо, калі шляхціцу плююць у твар, выцерціся недастаткова.
Толькі калі нападнікі парушылі правілы двубою, Вырвіч з палёгкай кінуўся ў сечу.
А вось чаго каля Бутрыма чортава дзеўка трэцца? I чаму ён яе не праганяе?
I чаму яна пра адважнага падкаморага слова без насмешкі не вымавіць?
Не, Вырвіч — добры хрысціянін. Ён будзе думаць пра цёмныя разумныя вочы сваёй жонкі, а не пра белыя бессаромныя...
Але чым гэтай чуме былы падкаморы не зух?
Пранціш узняўся, хапаючыся за сцены, выкульгаў у калідор: страшна не хацелася пачувацца вязнем. Тут няйначай апошнія гаспадары меркавалі ўсё перабудоўваць: шпалеры паабдзіраныя, дошкі валяюцца...
Здаля прагучаў цвёрды халодны голас:
— Вам лепей пакінуць гэты дом, Гальшка. Тут ёсць ужо дзве мёртвыя жанчыны, якія мяне кахалі.
Вырвіч задаволена вярнуўся у ложак, не даслухаўшы, што прамармыча ў адказ Чорная Меланхолія. Бутрым узяўся-такі за розум, гоніць забойцу прэч. Сапраўды, тут яшчэ нібыта чуюцца крокі пані Саламеі i панны Праксэды, асістэнткі Лёдніка.
Але і раздражненне зноў драпнула.
Кахалі... I кахаюць...
Вось крумкач стары, свет вузлом гожым жанчынам завязвае!
А Меланхолію можна апісаць у баладзе як Цырцэю... Німфу, што заваблівае падарожных на свой востраў і зачароўвае.
...Ад белых валасоў атрутнае святло абпальвае пагляд і розум асляпляе...
З-пад ложка нязграбна высоўвала медны бок начная ваза.
Пранціш скасавурыўся на сколатую лёзамі сцяну. I хай толькі хто скажа, што ў двубоі з Мануцы доктар выглядаў бы лепей. Нашчадак Палемона ўсё адно перамог! Ну перамог жа слаўна, праўда?
Былы падкаморы ўладкаваў на ложку заматаную ў анучы руку беражліва, як немаўля, і незаўважна заснуў...
Абудзіўся ад спакуснага паху чорнай поліўкі. Паднос трымала Сафійка. Пранціш мімаволі ўздрыгнуў, пабачыўшы на пекным абліччы вялікі ружовы шнар.