Пранціш згодна кіўнуў. Хаця дзеля шлюбу з вышэйшым па статусе іншыя гатовы былі самі дачок за валасы да алтара цягнуць. Шлюб з графам для дактароўны самы ганаровы, тым болей яе прыгажосць i рэпутацыя сапсаваныя.
Як ні старайся — чуткі цьмяныя ходзяць. А вянчанне любую ганьбу пакрые! Нават справа аб даказаным згвалтаванні заканчвалася без наступстваў, калі ахвяра згаджалася выйсці за гвалтаўніка. I звычайна яе дружна змушала да таго ўся разважлівая радзіна.
Але разважлівыя людзі ад гэтай банды ішлі лесам і далёка.
— Ёсць артыкул трыццаць дзявяты трэцяга раздзела Статута, згодна з якім ніхто не мае права гвалтам аддаць дзяўчыну замуж. А яшчэ спашлёмся на тое, што ў паненкі ёсць жаніх. Упэўнены, Жылкі пацвердзяць гэта — заручыны ж не разарвалі канчаткова...
Сафійка ўздыхнула, як усхліпнула, азірнулася на дзікуна.
— Але Каруся трэба адаслаць.
Пранціш пацёр лоб, на якім назаўсёды застаўся шнар ад кулі, хоць, далібог, пасля сеанса Месмера трохі паменшаў.
— Та-ак, накалаціў кіем твой чаляднік, Бутрым. Да яго могуць ужыць артыкул пра напад простага стану чалавека на шляхціца з выкарыстаннем «нязвыклага начыння»... Калі пабіты памрэ — злачынцу чвартаванне. Калі забойства не адбылося, за абразу адсякуць руку.
Сафійка ў жаху ўскрыкнула.
Пранціш пагладзіў уласную заматаную руку. Каб запаленне не пачалося...
Праўда, у пацыентаў Лёдніка такія наступствы здараліся куды радзей, чым у іншых лекараў. Над ягонай фантастычнай гіпотэзаю пра нябачных анімалькуляў, якія выклікаюць запаленне і якіх можна забіваць спірытусам ды іншымі пякучымі сродкамі, дружна рагаталі ўсе вучоныя Лёднікавы калегі... Але эфектыўнасць методы патлумачыць не маглі.
Пранціш у анімалькуляў не верыў, бо ніколі не бачыў, а ў Лёднікава майстэрства верыў.
— Можна было б апеляваць да таго, што быў наезд, і слуга бараніў гаспадароў. Тады б ён ніякай віны не меў. Але ж госці прыйшлі з мірнымі, нават пачэснымі намерамі, першымі не нападалі... Абразы, лаянкі наўпрост прамаўлялі? Ну хоць слова якое непрыстойнае?
Карусь адвёў вочы.
— Не... Гадасці вельмі пачціва казалі...
Вырвіч толькі крактануў расчаравана.
— Зараз жа адправім хлапца падалей, — адкінуў чорна-сівую пасму з ілба Бутрым.
— Ён — твой чаляднік, — нагадаў былы падкаморы. — Паводле Статута, ты мусіш зняволіць яго і выдаць суду, ды яшчэ i прысягнуць, што не маеш дачынення да ягонага злачынства. А калі паспрыяеш яго ўкрывальніцтву, цябе самога зняволяць у вежу ды спагоняць за раны пацярпелых. А паколькі мы збіраемся выкаціць італьянцу гарбуза, для ix гэта шанец — на цябе націснуць... Хіба да княгіні Аляксандры Багінскай звярнуцца ці пана Тышкевіча?
— Я нізавошта не ўцяку! — сціснуў кулакі дзікун. — Я нарабіў — мне і адказваць! Я таксама Статут чытаў. Там сказана, каб «і слуга за пана, пан за слугу, і ніхто іный ні за чый выступ і ўчынак не быў каран, толькі кожны сам за свой выступ маець цярпеці i каран быці». Калі праз шкадобу да мяне, нявартага, пачняце з паскуднікамі дамаўляцца — дык ведайце, сам пайду і здамся ім!
Па кутах пакоя, пад столлю, мітусіліся нейкія дробныя цені... А, гэта ж павуцінне на скразняку трапечацца. Во запусцілі дом...
Лёднік падышоў да Каруся, паклаў руку на плячо — той ажно ўздрыгнуў ад нечаканасці, што гаспадар яго не гідзіцца.
— Я таксама быў бяспраўным слугою, хлопец. I ў тваім узросце таксама адчайна бараніў сваю годнасць. Праўда, як ты, з бервяном не зладзіў бы... — Павярнуўся да сваей банды: — Што-небудзь прыдумаем.
Сафійка пасвятлела тварам. А Меланхолія раптам мякка i хутка, як рысь, наблізілася да Вырвіча і шапнула:
— Чуеш, законнік... А што, калі ўдасца скарыстацца пяцьдзясят трэцім артыкулам?
— Чатырнаццатага раздзела? — удакладніў Вырвіч. — Яно добра было б... Але як давесці?
— Вось за гэта не клапаціся! — выскалілася Меланхолія, насунула на белыя валасы аблезлую бабровую шапку, падміргнула Чорнаму Доктару і выслізнула за дзверы.
Чакаць наступстваў доўга не давялося. I пазбегнуць ix таксама.
Пан Вінцэнт Тышкевіч, да якога быў паімчаў Лёднік, выказаў шчырую радасць, што дачка ягонага выратаваўцы займее настолькі высокае становішча. Гэта якраз найвялікшая кампенсацыя з боку графа Мануцы! Во прыціснулі нарэшце паскудніка! А яе княская мосць пані Аляксандра дапаможа нявесце асвоіцца ў вышэйшым свеце і навучыць, як спраўляцца са зладзейскім мужам. Падумаць толькі — паненка Лёднічанка стане мачахай для каралеўскага бастарда! Вось дзе прастора для палітычных інтрыгаў!
Нікому з арыстакратаў проста ў галаву не магло прыйсці, што для беднага нерадавітага доктара такі шлюб дачкі не падасца найвялікшым гонарам... У гэтых колах шлюбуюцца не з чалавекам, а з ягоным званнем і маёмасцю.
А халоп павінен адказаць. Ну як гэта — прабачыць прасталюдцу, што пабіў шляхціцаў? Гэтак любы пачне на сваіх ворагаў слуг напускаць, маюцца ж ганебныя прэцэдэнты. Пан Міхал Валадковіч падобнае практыкаваў — і быў расстраляны ў сутарэннях Менскай ратушы па прысудзе абураных чальцоў магістрата.