Ужо раніцой, на гэты раз недарэчна лагоднай, быццам паненка, якой даставілі з Парыжа новыя крыналіны, ля весніцаў непагляднага лёднікаўскага жытла шыхтавалася прадстаўнічая дэлегацыя. Ачольваў яе сам граф Мануцы: пана прывезлі ў карэце, ён мог толькі паказаць у акенца свой рамантычна-бледны твар. Палітэсная ўсмешка адрасавалася будучаму цесцю. Нядаўняму саперніку ўсмешка адправілася таго ж фальшывага гарту. Ніякіх пакутаў сумлення і ў мікраскоп не разгледзіш. Быў і возны, які пазнаваўся па заціснутай у караткапалай руцэ позве.
Наводдаль зноў сабраліся цікаўныя месцічы: а можа, і сёння перападзе пабачыць захапляльную бойку? Той-сёй нават на дрэвы пазалазіў.
Гасцей пры наяўнасці вознага неахвотна, але ўпусцілі на двор. Вырвіч зласліва адзначыў, што падчас двубою графу дасталася больш, чым яму: з карэты Мануцы выйсці не мог, так і гутарыў, адкінуўшыся на падушках. Пранцішу Сцяцко ўсяго толькі паставіў на ганку крэсла.
Змест размовы можна было прадказаць. Box, якое неразуменне выйшла праз разбойнага слугу шаноўнага пана Лёдніка! Няшчасныя пан Вайніцкі, пан Кубліцкі ды пан Заблоцкі пацярпелі ад незразумелага нападу Галіяфа і Алаферна ў адной асобе і зараз лечацца, на мяжы смерці і жыцця мэнчацца, небаракі. Нядаўна ягоная мосць граф Мануцы выявіў міласэрнасць, адазваўшы абвінавачванне супраць былога падкаморага менскага пана Вырвіча... I пасля сумленнага двубою прэтэнзіяў да пана не мае, хоць і пацярпеў. Але дзёрзкага халопа трэба пакараць. На горла, вядома. У выпадку, калі пан Лёднік ад дабрыні сваёй не схоча злыдня выдаваць, са скрухай вымушаныя будуць сваякі няшчасных ахвяраў з яго самога спагнаць за урон. Але граф Мануцы гатовы з усім стараннем i са сваёй кішэні ўладзіць справу, калі вельмішаноўны доктар са спагадаю сустрэне ягоную прапанову... I чароўная панна Сафія зробіцца графіняй, гаспадыняй Бяльмонтаў і Опсы, i іншых уладанняў Мануцавых...
Чорны Доктар патлумачыў, што гэта занадта вялікі гонар для ягонай дачкі. Ветліва патлумачыў. Так ветліва, што Пранціш нават прыўстаў, каб не прапусціць момант, калі эскулап пачне рваць высакароднага госця на шматкі. Добра, што Сафійцы вельмі строга загадалі носа не паказваць з дому.
I тут, як у кепскіх камедыях, заявіўся Карусь. Галаву светлавалосую задраў, плечы каменныя распрастаў, хоць зараз у рукі цяжэнны меч — i на цмока...
Так, падняў руку на паноў. Так, пакалечыў. Не, ніхто не загадваў. Але гонар сваіх гаспадароў будзе бараніць i надалей. І не раскайваецца. I гатовы адказваць за свой учынак i прысягне, што пан Лёднік нічога пра ягоныя намеры не ведаў.
Сонейка весела рыхтавалася ўвасобіцца ў незлічоныя свае адбіткі ў кураслепах і пярэснах... Возны разгарнуў позву...
— Мы можам дамовіцца, пан Мануцы, не даводзячы да суда.
Лёднік гаварыў усё гэтак жа ветла... Спрачацца з ім мог толькі самазабойца. Ці нахабны каралеўскі кумпан. Белы твар італьянца, здаецца, нават праз пудру паружавеў.
— Мушу расчараваць васпана. Мая дачка мае іншага жаніха, яго мосць пана Валянціна Жылку, ваяводу Супрасльскага.
— Хіба заручыны не скасаваныя? — прыўзняўся на падушках Мануцы.
— Вяселле адкладзенае, пакуль жаніх і нявеста не ўвойдуць у больш сталы ўзрост.
Мануцы нібыта расчаравана прастагнаў, але Вырвічу падалася нотка радасці ў тым стогне. А што ж: цяпер можна апраўдацца перад каралём, што сватаўство не ўдалося па разумных прычынах, i не жаніцца з нявыгаднай нявестай.
— Магу толькі пашкадаваць аб сваім спазненні... Але ў справе са збіццём маіх пасланцаў, добрых сяброў маіх... Тут справа гонару некалькіх шляхецкіх радоў.
Доктар няспешна палез у кішэню... Яшчэ да таго, як у ягоных руках апынулася невялікая чырвоная скрыначка, Вырвіч здагадаўся: чарговае з’яўленне Арфануса. Няўжо нарэшце злавесная Сірацінка перастане пераследаваць іх кампанію?
Мануцы выцер спацелы ад слабасці лоб, але вочы яго запалалі прагным жоўтым агнём... Праўда, такія ваўкі адной авечкай не задавольваюцца — рэжуць статак, пакуль саміх не прыстрэляць. Граф пры падтрымцы сваей каманды пачаў набіваць цану, лапатаць пpa вялікі ўрон, які нанёс вунь той малады разбойнік, пра няшчасных ахвяр, што паміраюць... Іх асірацелым сем’ям трэба дапамагчы перажыць гора... Магчыма, хаця б адсячэннем рукі крыўдзіцелю? А ў пана Лёдніка, здаецца, нейкая вёсачка маецца? Караблі, здаецца?
Пранціш са свайго крэсла горача ўступіў у гандаль з вышыні свайго судзейскага досведу.
Вырвіч бачыў, што Лёднік гатовы аддаць усё, што меў, а Карусь пачаў пра сваю гатоўнасць прыняць пакаранне без усялякага гаспадарскага выкупу... Сячыце, чвартуйце!
Нешта ткнулася былому падкамораму
Дзеўка скеміла, разгарнула сама, дапамагла прачытаць, падтрымаўшы.
— Шаноўнае панства, выявіліся новыя абставіны! Перш чым агучыць іх у судзе, абмяркуйма тут. Магчыма, гэта дапаможа дасягнуць разумнага кансэнсусу!