— Ну, затое праз упартасць Кемпелена для цябе шанец зявіўся, Снежнік... Вось толькі нешта я сумняваюся, што ты яго варты, і твая катрынка зацікавіць імператрыцу... Тут граф Зорыч прамазаў... Дарэмна слухае розных ненадзейных дарадчыкаў.
Вынаходнік коратка пакланіўся.
— З вашага дазволу я прадэманструю магчымасці фонааўтаматона... Толькі папрашу быць асістэнтамі майго пана-бацьку, доктара Баўтрамея Лёдніка, i пана Франтасія Вырвіча.
Змрочны немалады тыпус, яшчэ больш дзюбаносы, чым малады вынаходнік, ветліва пакланіўся. А вось ягоны спадарожнік, ладны блакітнавокі шляхціц, толькі расцягнуў вусны ў дыпламатычнай усмешцы.
— Ваша светласць, я не маю практыкі ў абыходжанні з механізмамі, як мае сябры Лёднікі... I мая рука яшчэ не цалкам зажыла пасля ранення. Ім лелей дапаможа ix слуга.
Князю было ўсё адно... А пан Вырвіч ледзь стрымліваў гнеў. Ледзь не змусілі яго, ліцвінскага высакароднага шляхціца герба Гіпацэнтаўр, нашчадка Палемона, фокусы паказваць перад расейскім князьком, што пасады ў ложку здабываў! Што значыць — адарваўся малодшы Лёднік ад радзімы, забыўся на дзедаўскія звычаі, якія яму калісь сам Вырвіч і тлумачыў! Гэта шкаляром Пранціш не саромеўся дапамагаць іншаму вынаходніку, Якабу Пфальцману, у адладжванні «жалезнай чарапахі» — машыны на паравым рухавіку па схемах Леанарда да Вінчы... I то вагаўся напачатку, ці варты шляхціца гэты занятак, бо ў Статуце ж сказана, хто за варштатам стаіць, з вольнасцей шляхецкіх цешыцца не мусіць. А нядаўняму падкамораму Менскага павета шасцярэнькі круціць на пацеху нейкаму расейцу... Ганьба!
На патрабавальны позірк Вырвіча з дальняга кута пакоя паслухмяна падышоў Карусь. У Капанічах хлапца апранулі ў строй гайдука, і дыхтоўная смарагдавая феразея паўзверх шафранавай чамары аблягала шырокія плечы, русявы чуб звісаў з-пад высокай смушкавай шапкі з пяром, а фізіяномія была сумленнай і мужнай — хоць зараз у гардыяны, у асабістую ахову маладога ваяку бяры... Каб яшчэ такі наравісты не быў, ды паўсюль спакусы Люцыпара не мроіліся.
Між тым увага князя, і не вельмі прыязная, была скіраваная на старэйшага Лёдніка. Волат абмяраў высокага хударлявага доктара недаверлівым паглядам адзінага вока, быццам замест пірага пабачыў на сваёй талерцы заплеснелы сухар.
— Ну давай, эскулап, дапамагай сыну. Можа, хоць на гэта ты яшчэ прыдатны... Раз не змог ацаніць літасцівую прапанову яе імператарскай вялікасці і служыць ёй на пачэснай пасадзе.
Алесь нешта хутка прагаварыў на лаціне, Баўтрамей кіўнуў і схіліўся над бліскучымі цыліндрамі, усеянымі металічнымі бародаўкамі. Карусь без асаблівага задавальнення ўзяўся за ручкі мяхоў д’ябальскага механізма.
— Ваша светласць, дайце любую матэматычную задачу і аўтаматон агучыць вынік!
Пацёмкін на малодшага Лёдніка не зірнуў, бо не адводзіў непрыязнага пагляду ад старэйшага.
— Задачку, кажаш? Ну вось табе... Колькі куфляў піва вып’юць за ноч сем сотняў польскіх драгунаў, калі за першую гадзіну кожны выпівае сем куфляў, за другую — шэсць, за трэцюю — пяць і гэтак далей, пакуль не зваляцца?
Ого, мудрагеліста! Алесь з дапамогай бацькі падкруціў цыліндры, у якіх былі акенцы з лічбамі, тузануў падважнік і адышоўся ўбок. Карусь старанна гнаў паветра ў мяхі. Каўчукавыя вусны расціснуліся... Нежывы голас прамовіў:
— Neunzehntausendsechshundert[17]
.Князь кіўнуў сакратару, кірпаносаму шыракатвараму пану, які не выпускаў з рук скураную тэчку.
— Пётра, пералічы.
Сакратар, да здзіўлення Вырвіча, не ўзяўся за пяро і паперу, толькі трохі паглядзеў у лінялую столь, нібыта счытваў там адказ:
— Дзевятнаццаць тысячаў шэсцьсот, ваша светласць. Усё правільна.
Пацёмкін зарагатаў.
— Дурні! Няправільна. Ніводзін палячок, які б праглот ні быў, не вып’е за ноч дваццаць восем куфляў. Хтосьці на сёмым зваліцца, хтось на дзясятым...
Зрэшты, князь пазабаўляўся яшчэ некалькімі задачкамі... Фонааўтаматон старанна падлічваў і даваў адказы.
— Ну што, сябры мае польска-аўстрыйскія, аўтамат ваш забаўны... Але надта непрыемна выглядае. Не ведаю, ці яе імператарская вялікасць упадабае гэтыя чорныя глоткі ды гэтыя жудасныя гукі. Да таго ж ёсць у мяне падазрэнне, чаму менавіта цяпер вы адправіліся са сваім аўтаматам да Сымона Зорыча...
Азірнуўся на сваіх людзей.
— Абшукаць катрынку... I палячышкаў заадно.
— Мы — ліцвіны, ваша мосць, не палякі, — толькі і паспеў выгукнуць упарты Баўтрамей Лёднік, перш чым яго прысунулі бліжэй да сцяны з недамаляванымі калонамі і пачалі абмацваць кішэні.
Пранціш, сціснуўшы зубы, таксама цярпеў грубыя дотыкі гвардзейцаў... I ад усяе душы праклінаў той сонечны красавіцкі дзень, калі ў Капанічы заявіўся ўстрывожаны Чорны Доктар з новай мітрэнгай: Алесь у бядзе.