Вырвіч трохі здзівіўся: трэба ж — Карусь насамрэч Калістрат, а не Казімір. Гэтак жа многія дзівіліся, што поўнае імя Пранціша — не Францыск, а Франтасій.
Князь не дзівіўся, а злаваўся.
— Пустой балбатні не цярплю.
— Ваша княская мосць, зірніце на банкноты i на пласціну ўважліва! — настойліва прамовіў Карусь. Сакратар, які трымаў доказы злачынства, паспяшаўся паднесці іх бліжэй да ўладара. — Яны ўпэцканыя ў фарбу, якой размалёўваюць сцены ў гэтым пакоі. Сляды пакінулі чыесьці пальцы, і гэта магло адбыцца толькі тут. Магчыма, у прыцемку, бо той, хто падкідваў, не заўважыў, што ўпэцкаўся. А машыну гэтую, ваша княская мосць, забралі ў пана Аляксандра Лёдніка адразу па прыездзе сюды і замкнулі. Ён толькі сёння, на вачах сведкаў, атрымаў магчымасць да яе падысці.
Вось жа пільны юнак! Пацёмкін прыдзірліва агледзеў падазроныя прадметы.
— I навошта каму было такое ўчыняць?
Тут выступіў з прамовай спрактыкаваны суддзя, пан Франтасій Вырвіч. Ягоныя велягурыстыя і поўныя намёкаў расповеды пра інтрыгі нявернай жонкі Пане Каханку і графа Нікола Мануцы Пацёмкіна асабліва не кранулі, але хапаць ды валачы фальшываманетчыкаў не загадаў. Змерыў поглядам Каруся, які ўзняўся з калень і выпрастаўся ва ўвесь свой немалы рост, далібог, праз пару гадкоў паставай будзе падобны, відаць, да маладога Пацёмкіна.
— Гэта добра, што адданы гаспадару. Пісьменны. У гвардзейцы я б цябе ўзяў.
Карусь набычыўся.
— Даруйце, ваша мосць, я служу сям’і Лёднікаў.
Пацёмкін застаўся абыякавы да дзёрзкасці чалядніка — былі б пабразгачы, будуць паслугачы. Ён пра нешта раздумваў, кусаў вусны, грэбліва і ўчэпіста разглядаў Лёдніка-старэйшага, быццам прыкідваў, колькі з гэтай рыбіны юшкі атрымаецца...
— Што ж, у бліжэйшы час Зорычу будзе не да гэтага аўтамата. Энгельгард кубло злачыннае раскруціць. А яе вялікасць якраз чакае мяне з дакладам і пра далучаныя землі, і пра крымскія справы. I адразу дзве забаўкі я магу ёй прадставіць: цябе, доктар, і выраб твайго сына... — I прамармытаў насмешліва: — Няхай шчанюк Ланскі панервуецца...
Згоды падазраваных, натуральна ж, ніхто не пытаўся. Быць бычку на лычку, а цёлачцы на вяровачцы.
Паркет быў бліскучы i цвёрды. Як пастаіш на каленях з гадзінку, дык адразу тую цвёрдасць ацэніш.
Пранціш патузаўся туды-сюды, намагаючыся незаўважна паправіць нейкі гузік на штанах, які балюча ўпіўся ў лытку. Скасавурыўся на Бутрыма: нават стоячы на каленях, той спіну трымаў роўна, дзюбаты нос задзёр, фізіяномія фанабэрыстая, нібыта Чорны Доктар на троне сядзіць.
Але трон, дакладней, шыкоўны фатэль, абцягнуты чырвоным з золатам шоўкам, дастаткова шырокі, каб змясціліся крыналіны, заставаўся пустым. I даволі доўга. На маленькім століку побач дарэмна жаўцелі ў срэбнай вазе персікі і распроствала аксамітныя барвовыя пялёсткі адзіная, але дзівосная ружа. Яе высокае сцябло пяшчотна абдымала срэбная німфа са збаночка ў выглядзе выцягнутай ракавіны.
Вось навалач Пацёмкін... Зладзіў ліцвінам гэтае здзеклівае стаянне...
Вырвіч нават не ведаў дакладна, што гэта за палац, мусіць, зноў Царскае Сяло пад Санкт-Пецярбургам. Першы раз аўтар «Згукаў пекных з Падняводдзя» перамяшчаўся з такой хуткасцю: на кур’ерскіх тройках іх даімчалі сюды за трое сутак. А так бы тыдні два найменш дабіраліся. Што ж, князь Пацёмкін славіўся любоўю да шпаркай язды.
Прывезлі падазроных гасцей уначы. Ледзь удалося трохі паспаць на пуховых пярынах — раскатурхалі, прынеслі прыдворныя касцюмы, далі памаліцца ды паснедаць, і сюды, у малую гасцёўню для прыёмаў, завешаную карцінамі з пейзанамі ў такіх шыкоўных пазалочаных рамачках, што звычайны пейзанін за адну такую мог сабе карову купіць, а мо і новую хату.
Але пейзане былі маскарадныя, гасціннасць расейскага палаца трывожнай, а паркет, як вы ўжо ведаеце, дужа цвёрдым.
Фонааўтаматон разяваўся чорнымі глоткамі пад аховай гвардзейцаў. Гвардзейцы былі адзін у адзін волаты, плячысцей за Каруся і не ніжэй за Лёдніка. Пляткарылі, што найчасцей з іх былая прынцэса Ангальт-Цэрбская і выбірае сабе амаратаў.
Пацёмкін асабіста сустрэў ліцвінаў. Абвесціў, што яе вялікасць зараз прыйдзе, і настойліва параіў верагодным злачынцам, у невінаватасць якіх імператрыца яшчэ мусіць паверыць, сустрэць яе адпаведна, у вернападданніцкай позе.
Бунтаваць не выпадала, хоць Лёднік папыхкаў сярдзіта, бліснуў вачыма ярчэй за срэбныя гузікі на сваім пазычаным касцюме...
Укленчылі. А імператрыца ўсё не ідзе.
I ўстаць не даюць. Вось-вось, маўляў, зайсці можа. Так і прастаялі, як грэшнікі ў царкве.
Вырвіч ужо ў думках паспеў адправіцца дадому, да мілай Дамінікі і дзетак.
I што там робіцца цяпер, бо Лёднік жа прывёз з сабою дачушку, каб пакінуць пад надзейнай аховай у Капанічах.
А Янук Вырвічаў то бялеў, то чырванеў, паненку пабачыўшы. I абыходзіцца з ёй пачаў цырымонна, па ўсіх куртуазных правілах. Пры гэтым гатовы сарвацца па кожным узмаху чорных веек, выконваючы любую прыхамаць.