Калі пругкую жоўтую кветачку антырынума, альбо львінага зева, падобную да насупленай барадатай пыскі, асцярожна сціснуць двума пальцамі, яна раскрые пульхныя вусны-пялёсткі... Пакажацца парослая маленечкімі памаранчавымі паўсцінкамі зяпа, затрапечацца закручаны колцам вузкі язычок... Тады трэба паспець змененым «страшным» голасам нешта прамовіць, нібыта прамовіла кветка... Расціснуць, зноў сціснуць...
Жоўтыя сярдзітыя вусны варушацца... Нібы размаўляюць.
Маленькі Франця Вырвічаў так гуляўся з сябрукамі, кветкі ў іх руках разыгрывалі цэлыя сцэнкі... А калі самотны, можна ўзяць у кожную руку па кветцы, і яны будуць гаварыць адна з адной... Гэткая батлейка царства Флоры.
Box і раззлаваўся пан-бацька Даніла Вырвіч, калі заспеў нашчадка за такім дзявочым заняткам, няхай было таму гадкоў пяць... Шляхціц з калыскі мусіць выяўляць мужнасць і замест бразготак гуляцца з прадзедаўскімі пістолямі ды булавамі!
Кветачкі з бездапаможна адкрытымі ратамі ўціснуў у глебу бацькаў бот, бацькава дзяга распісалася на азадку спешчанага нашчадка, і тады зарумзаны нашчадак, хаваючы слёзы, пацалаваў па сармацкім звычаі бацькаў абутак і падзякаваў за навуку.
Расстаўленыя шэрагам на драўлянай панэлі вялізныя вусны, зробленыя з дзіўнага мяккага матэрыялу каўчуку, прывезенага з Амерыкі, таксама сціскаліся, расціскаліся, нагадваючы вялізныя пачварныя кветкі. Аднак з чорных горлаў сапраўды даносіліся гукі чалавечага голасу... Кожныя каўчукавыя вусны маглі вымаўляць толькі адзін ці два гукі. Таму маладому вучонаму, што кіраваў імі, даводзілася хутка націскаць клавішы, падобныя да клавішаў аргана, і з дапамогай адмысловай педалі старанна гнаць паветра ў мяхі. Вялізная пачварная машына, якая і ўся нагадвала арган, размаўляла нежывым голасам, з сіпеннем і ўздыханнем, але цалкам разборліва, праўда, на нямецкай.
— Guten Tag sehr geehrte Herren[16]
.Немалады волат у багатым строі з сіняга аксаміту, расшытага срэбрам, i пудраным парыку, з прыгожым уладным абліччам, трохі азызлым, грэбліва паморшчыўся і адкінуўся ў фатэлі з выгнутымі пазалочанымі ножкамі. Шыкоўны прадмет мэблі недарэчна глядзеўся ў пакоі з голымі, толькі што атынкаванымі сценамі, з недамаляваным альфрэйным роспісам — імітацыяй ляпніны і калонаў. Нават вядзерцы з фарбай стаялі ля сценаў ды драўляныя памосты, захляпаныя шэрай фарбай. Падлога, яшчэ не схаваная пад бліскучы паркет, уяўляла сабой грубыя драўляныя бэлькі, таксама запэцканыя фарбай, на якія там-сям кінулі персіянскія стракатыя кілімы. Новы гаспадар не паспеў абжыцца. Дый з’яўляецца праездам — што яму тут, у Магілёўскай губерні, далёка ад імператарскіх палацаў...
Цёмна-зялёныя вочы пана выявілі пагарду... А, не, выявіла адно вока — другое засталося як мёртвае. Зрэшты, яно і было такім. Адны казалі, пасля бойкі на кулаках з графам Рыгорам Арловым, другія — пасля няўдалага лячэння ў цырульніка Ерафеіча, вынаходніка адмысловай зёлкавай настойкі.
— I гэта ўсё, на што твая катрынка здатная, гер... як там цябе, Снежнік?
Вось у каго быў голас... Густы, як мядзведжая поўсць. Звыклы гукаць на полі бойкі і спакусна вуркатаць у царскай спачывальні.
Малады вучоны не змяніўся ў твары, устаў з крэсла з-за свайго дзіўнага інструмента, без ліслівасці пакланіўся — ён быў высокі, дзюбаносы і трохі змрочны.
— Я Аляксандр Лёднік, ваша княская мосць. А гэта толькі дэманстрацыя гукавых магчымасцей, — па-руску вынаходнік гаварыў амаль без акцэнту. — Падобнае ўмее, хоць і менш дасканала, той аўтаматон, што застаўся ў Вене, прыдуманы маім настаўнікам герам Кемпеленам. Фактычна — правобраз гэтага. Я ўдасканаліў механізм, спалучыўшы яго з ускладненай версіяй лічыльнай машыны Лейбніца. Такім чынам, мой фонааўтаматон можа і лічыць, і агучваць вынікі вылічэнняў.
— Твой Кемпелен — шалбер, — упэўнена прамовіў важны пан. — Толькі такога дур... гхм... дужа даверлівага чалавека, як цэсарэвіч Павал, можна было надзвычай уразіць механічным шахматыстам. Падумаць толькі — спадчыннік расійскага прастола дае рэкамендацыі да ўсіх каралеўскіх двароў Еўропы нейкаму... ці венгру, ці цыгану з ягонымі лялькамі! Я б твайго Кемпелена на стайні ўласнаручна засцябаў, як шалёнага сабаку!
Князь стукнуў кулаком па парэнчы ў выглядзе худой ільвінай лапы.
— Ды як ён пасмеў адмовіць яе вялікасці расійскай імператрыцы, калі яна захацела набыць ягонага васковага турка!
Гвардзейцы, што стаялі ўздоўж сцен, напяліся, нібы перад атакам. Князь Рыгор Пацёмкін мог загадаць што заўгодна і без дай прычыны. Аднойчы даставілі яму за тысячу вёрстаў дробнага афіцэра, які славіўся тым, што ведаў на памяць усе святцы. Афіцэр спяшаўся як мог, ва ўпэўненасці, што яго чакае новае жыццё — пасада, грошы... Пацёмкін падчас сняданку, разгарнуўшы малітоўнік, лена папытаўся ў задыханага прыбылага, чые імяніны ў такі вось дзень, а ў такі?.. Пераканаўся, што афіцэр адказвае без памылак... I адправіў небараку назад. А той ужо наабяцаў сваякам ды сябрам пратэкцыю...
I што цяпер заманецца нядаўняму фаварыту i заўсёднаму дарадцы расейскай імператрыцы, адзін Гасподзь ведае...
На шчасце, князь шумна выдыхнуў і супакоіўся.