Аркестр зайграў кантрданс, i за спінай падняўся ветрык ад рухаў танцораў. На спацелай шчацэ Багінскай амаль адклеілася мушка, і ў пудры ўтварыліся ручаіны ад кропляў поту.
— Няшмат гонару біцца з венецыянскім цырульнікам, які герб за дзве тысячы дукатаў купіў.
Пачуўся лёгкі ўскрык, Вырвіч павярнуўся: адна з кабетаў самлела і павісла на руках кавалера. Звычайная справа падчас баляў. Што ж гэта за баль, дзе дамы не млеюць адна за адной? Як шляхецкае застолле, з якога госці на сваіх нагах ідуць.
Лёднік ірвануўся быў да пацярпелай, але княгіня сярдзіта крыкнула:
— Стаяць, эскулапе! Палінка наша па дзесяць разоў на дню прытомнасць страчвае, асабліва ля прыгожых мужчын.
Пані і праўда заварушылася, замахала рукамі, і кавалер галантна павёў яе да крэслаў.
— Гэта наступствы задухі, ваша княская мосць, — цвёрда заявіў Лёднік. — У пакоях належыць рэгулярна праветрываць, асабліва калі паляць у печах i свечкі гараць. Іначай згушчаецца кроў, парушаецца абмен рэчываў... I вельмі шкодна шчыльна зацягваць гарсэты...
Пані Аляксандра безуважна загадала доктару сціхнуць — няма чаго пакоі выстуджваць — і ўтаропілася ў Вырвіча.
— Калі ўдасца табе, васпане, італьянчыка прыкласці, добрую справу зробіш. Але падлючы ён і слізкі. Выкруціць так, што, нават калі жывым застанешся, будзеш выглядаць дурнем. Аднаго майго прыдворнага ён гэтак да чорнай меланхоліі давёў. Памёр небарака.
Вырвіч, пачуўшы пра чорную меланхолію, мімаволі стрэліў туды-сюды вачыма — ці няма ўсюдыіснай чумы. I Лёднік зрабіў тое самае. Белавалосую цалкам можна было ўявіць сярод танцораў.
— Калі ўжо ўвязаўся ў такое глупства... Хто ў цябе секундант?
— Я, ваша мосць, — нахіліў галаву Лёднік.
— Хто б сумняваўся... — прамармытала Багінская і перавяла позірк на Вырвіча. — Секунданта памяняеш. Свайго мага возьмеш проста за лекара.
Павярнулася да рэферэндарыя.
— Прыгледзіш за гэтай парачкай, Вінцэсю?
Тышкевіч развёў рукамі і сіпла, з адышкаю, прамовіў:
— Прыгледжу, чаму не. Я ж такі вялікі, што за мяне схавацца лёгка.
Падміргнуў агаломшанаму Вырвічу.
— I хворы я, слабенькі... Хоць і кепска бачу, судзіць магу, я нобіль. А на двубой мяне нельга выклікаць.
Пані Багінская зласліва пакрывіла вусны.
— Вось і пагляджу, як Мануцы цяпер свой улюбёны куншцюк праверне... Ён жа звычайна спектакль такі ўчыняе, што секунданты таксама біцца пачынаюць, назіраць за ягонымі подласцямі няма каму... Пан Тышкевіч — чалавек няпросты, пры ім італьянец пабаіцца гнюсіць. I сведчанне рэферэндарыя — закон.
Што Тышкевіч толькі гуляе ў блазна, Вырвіч і так зразумеў.
Вядома, мець за секунданта пачварна тоўстага ды паўсляпога тыпуса дзіўна... Але гэты тыпус быў магнатам, сваяком караля і адным з самых багатых людзей краіны. Шчодрая прапанова. Учыні штось Мануцы — і Панятоўскі не ўратуе, рэпутацыю яму не выправіць. Моцна ж назаліў італьянец пані Багінскай!
Пары пачалі скакаць, Тышкевічава жонка зноў памяняла кавалера. Багінская скрывілася.
— Толькі дзеля цябе, Вінцэсю, шылахвостку тваю запрашаю. Ты ж з ёю нібыта развёўся!
Пан Вінцэнт горача запэўніў, што фактычнага разводу не адбылося, проста ягоная багіня заслугоўвае жыць свабодна, і пачаў захопленыя лемантацыі пра сваё сонейка, кадук разбярэ, ці шчырыя. А княгіня загадала падаць сабе пірагоў з зайчацінай ды вяршковую падліўку да іх.
— Ваша мосць, вы папсуяце страўнік... Здароўе зберагаецца абмежаваннем... Сіла чалавека ва ўмеранасці, — не вытрымаў Лёднік.
Багінская хмыкнула... Пацягнула да сябе пустую срэбную талерку, у якой нядаўна былі яйкі.
— Сіла, кажаш...
Край талеркі пад пальцамі княгіні, абцягнутымі белымі карункавымі пальчаткамі ды ўнізанымі пярсцёнкамі, пачаў скручвацца трубачкай. Княгіня амаль не змянілася
— Сілу, васпане, на паранай рэпе не назапасіш.
Як гэта спешчаны Міхал Багінскі наважыўся з такой ложак дзяліць?
Цяжкі скрутак паляцеў у доктара. Лёднік усё з той жа поснай фізіяноміяй перахапіў падаруначак.
— Est modus in rebus[14]
, ваша светласць. Голад саслабляе цела, але i пераяданне гэтак жа.I, не змяніўшыся ў твары, няшчасную талерку раскруціў. Асцярожна паставіў скалечаны посуд на столік. Прыдворныя, што здаля назіралі за гэткім своеасаблівым двубоем, узбуджана зашапталіся.
Пані Аляксандра задаволена хмыкнула.
— Думаю, ты мог бы далучыцца, доктар, да патрыётаў, якіх зараз збірае мой сужонец, яго мосць вялікі гетман князь Міхал Казімір Багінскі.
Прамоўлена было ціха і дастаткова сур’ёзна.
— Рэч Паспалітая мусіць вярнуць сваю славу і незалежнасць ад маскоўцаў, ці ж не так? Цялок, цацка расейская, па кіўку царыцы верне ёй сваю такую ж цацачную ўладу разам з дзяржавай... Нам патрэбны іншы ўладар, улюбёнец Польшчы. Ты згодны?
А вось гэта ўжо была размова дужа небяспечная... Доктар адказаў гэтак жа ціха:
— Я ўсім сэрцам за незалежнасць сваёй зямлі. Але я не паляк, ваша княская мосць... Ці знойдзецца ў новай дзяржаве, якую ачоліць новы манарх, месца для незалежных ліцвінскіх, беларускіх земляў? Ці атрымае мой народ права на свае звычаі, сваю мову, на якой Статуты напісаныя?