Княгіня спахмурнела.
— Гэта ты дарэмна... Не час дзяліць вялікую Польшчу. Я чула, ты застаешся схізматыкам, дык, значыць, вызнаеш сябе рускім?
Доктар паўтарыў проста i сумна на беларускай мове:
— Я не рускі, ваша княская мосць. Але i не паляк. Я ліцвін, беларус, палачанін.
Пранціш баяўся гневу княгіні, але тая раптам усміхнулася.
— Паважаю тых, хто не выракаецца свайго. Я ведаю твае справы, ты не здрайца. А віно ты, доктар, п’еш? Хоць умерана... Давай па чарачцы...
Але віно не паспела наліцца ў келіхі, упарты доктар не паспеў у чарговы раз выбрыкнуць... Рэферэндарый, які дыхаў усё больш сіпла, раптам схапіўся за каўнер i пачаў асядаць на падлогу. А твар стаў зусім юлёвы.
Пана Вінцэся зараз жа падхапіла некалькі лёкаяў, усё адно не ўтрымалі. Адцягнулі так-сяк да бліжэйшай канапы, пад высокім акном з двайнымі шыбамі, шкло ў якіх запацела, быццам таксама пратанчыла шэсць рыгадонаў запар. На канапу не ўзвалілі.
— Кроў пусціце пану Тышкевічу! — камандавала са свайго фатэля княгіня, пакуль Лёднік, бухнуўшыся на калені, з дапамогай Вырвіча рваў на рэферэндарыі каўнер ды рабіў свой знакаміты масаж.
Госці працягвалі танчыць як нічога не было. Тым больш яшчэ пару панечак самлела, і іх жывапісна расклалі на абабітых жакардам у кветачкі казетках.
Кроў, зрэшты, пусцілі — прыбег мясцовы лекар з ланцэтам і медным тазікам, разануў на руцэ вену.
— Неадкладна трэба на свежае паветра... — адрывіста кінуў Лёднік. Пранціш азірнуўся, прыкідваючы: тут да дзвярэй невядома, як такую тушу валачы... А бальная зала на другім паверсе, а прайсці ўсе лесвіцы, калідоры... Пакуль на вуліцу выпраш, спруцянее таўстун. Каламажку б якую...
На вуснах няўдалага Вырвічава секунданта паказалася пена. Бутрым ірвануўся распрастанай спружынай, схапіў разлапісты бронзавы кандэлябр, падскочыў да акна i як засадзіць у шыбу! Раз, другі, трэці... Ажно шкельцы градам.
Веснавое марознае паветра ўварвалася ў пакой з жудасным свістам, нібыта антычны гіганцкі Барэй уцягваў яго ў сябе. Полымя свечак затрымцела, там-сям згасла, падавалася, разам з ветрам сюды ўлілася і ноч.
I ў паўзмроку яшчэ ўражвальней успрынялося...
У зале пайшоў снег. Буйныя лёгкія камякі ўзнікалі проста з цемры, пахаў і гукаў, павольна апускаліся на аголеныя плечы і пудраныя парыкі, на падносы з келіхамі і медзь аркестра.
Нават Пранціш з нейкім пракаветным жахам утаропіўся ў старога сябра, чые рэзкія рысы нагадвалі Мерліна ды іншых чарадзеяў. Лёднік, не зважаючы ні на што, адшпурнуў сваю зброю, падобную да Нептунавага трызубца, і вярнуўся да пацыента.
Кантрданс захлынуўся. Хтось завішчаў. Хтось уголас завёў малітву.
З жаласным шыпеннем гаслі свечкі. Маленькі сумёт утварыўся на пустым срэбным падносе, вызваленым ад перапяліных яек. Сняжынкі ўзнікалі проста перад вачыма, разрасталіся, распроствалі пухнатыя бязважкія лапкі... Яны былі паўсюль... Ад іх дотыку хацелася ўхіліцца, як ад змяінага джала...
— Гэта ўсяго толькі фізіка, спадарства! — гукнуў, выпрастаўшыся, Лёднік — дайшло, што зараз узачнецца гвалт. — Ніякага чарадзейства, ніякай магіі.
Азірнуўся на хворага, відаць, яго стан больш не выклікаў трывогі, і працягнуў лекцыю.
— У паветры згусціліся прадукты гарэння і выкіды працэсу дыхання. Вялікая рознасць тэмператур унутранай і вонкавай. Ад з’явы, што назіраем, ніякай шкоды, магу паўтарыць яе ў лабараторных умовах. Затое прадухіленая пагроза смяротнага прыступу ў аднаго з шаноўных гасцей.
I, абводзячы вачыма бліскучых паноў і пані, што ўтаропіліся ў яго, не ведаючы, збягаць ці біць, надаў свайму нізкаму гучнаму голасу супакойвальны тон.
— Няхай не скепсціцца свята вельмішаноўнага панства. Танчыце, вашыя мосці, і дыхайце свежым паветрам. Acta est fabula[15]
!Пакланіўся і зноў апусціўся на калені ля графа Тышкевіча, які ўжо трохі варушыўся і нават спрабаваў нешта прасіпець.
Дзівосны снег растаў, толькі падлога сталася мокрай і слізкай. Лёкаі хуценька змяталі з падлогі пабітае шкло. Зноў зайграла музыка.
Хтосьці ўжо ладзіўся закрываць выбітае доктарам акно дошкамі ды паперай — няма чаго выстуджваць пакой.
Вырвіч уздыхнуў на поўныя грудзі і выцер спацелы лоб рукавом. Мімаволі адчувалася горыч ад здагадкі, што ў бліжэйшы час галоўнай тэмай для размоў у Гародні будзе не двубой падкаморага Вырвіча і каралеўскага канфідэнта Мануцы. Прынамсі, графіня Тышкевіч цяпер зацікаўлена бліскала адзіным жывым вокам у бок дэманічнага доктара, які дапамагаў прыўстаць ейнаму нягегламу сужонцу. А да беднага графа Вінцэнта і не надумалася падысці, калі паміраў. Не кабета — яхідна.
Вырвіч з прыкрасцю адвярнуўся. Магчыма, апошні вечар у ягоным жыцці раставаў, як недарэчны сакавіцкі снег, а ў заўтрашнім дні блішчэла туга і трывога, быццам кропля магічнай расы на траве пад назвай «гусіная лапка».
Раздзел пятнаццаты
ДВА ДВУБОІ I ТОНКАСЦІ СТАТУТА
Дудар — не гаспадар, стралец — не жылец, рыбак — і той на вушы абгніець.
А што казаць пра шляхцюка, якога півам не паі — дай шабельку скрыжаваць на сойміку з іншым панам-братам...