Працу па гаспадарцы нельга назваць невыноснай, але столькі часу вызваліць на творчасць, навуку, натхняльныя шпацыры і гарачыя гутаркі – ці не падарунак Лёсу гэта? Канешне, выглядаюць па-страхоцку – але праўда, не для прыгажосці іх стварылі. Яны з’явіліся штучна, а значыць, нельга казаць пра іх розум, душу і пачуцці. Самотнік – чалавек, таму ведае, што і навошта робіць.
Праз чвэрць гадзіны пляц спусцеў: кожны чалавек сышоў, ведучы за сабой двух шэрых. Самотнік і Чорны глядзелі ім услед аднолькава пустымі вачыма. Так скончылася эра Нябёснай Птушкі і пачаўся час Вогненнага Птушкалова.
Калі людзі заўважылі, што з імі, было позна. Ды яны і не дадумаліся, што ўсе беды Свету з-за Самотніка – бо развучыліся думаць. Зрэшты, найперш яны забыліся на фізічную працу. Марылі, што ўвесь час і сілы прысвецяць навукам і мастацтвам. Потым заўважылі, што розум не можа працаваць заўсёды – яму патрэбны адпачынак. А раз ад фізічнай працы яны былі вольныя, то заставалася толькі сядзець бессэнсоўна, соўгацца туды-сюды без мэты, гутарыць і думаць пра лухту. Шкодна ўвесь час думаць, інакш да такіх страшных рэчаў можна дайсці – я чытала запісы аднаго чалавека ў дзённіку – гэта сапраўды вусцішна… Вось яны забаранілі сабе думаць зусім. Шэрыя, што спачатку былі памагатымі, сталі нянькамі. Ніхто не заўважыў, калі няўклюды пачалі злосна зыркаць каменнымі вачыма ў адказ налюбы загад. Ніхто не здзівіўся, калі яны перасталі слухацца. Ніхто не запярэчыў, калі шэрыя пачалі кіраваць.
Трэці раз сабраў Самотнік жыхароў Свету на плошчу. О, якую гарачую прамову ён пракручваў у галаве! Ён меўся нагадаць пра ганьбу, што перажыў некалькі гадоў таму, заявіць пра свой трыумф сёння. Ён уяўляў, як невыносна балюча будзе кожнаму, хто пачуе яго словы, і як соладка будзе яму. Людзі ўсвядомяць, што без яго не могуць жыць, што ён – іх выратаванне, і падхопяць на рукі, пранясуць па цэнтральных вуліцах, і ўсадзяць на трон, з якога ён будзе правіць разумна і радасна доўгія гады на шчасце людзям і Свету! Узыходзячы на памост, ён глядзеў у неба і ўяўляў, як падкідваюць яго і клапатліва ловяць удзячныя рукі.
Яны стаялі змрочныя – так і не зразумелі, навошта Шэрыя прыцягнулі іх на плошчу. Пустыя вочы слепа ўтаропіліся ў Самотніка. Той спужаўся: раптам узбунтуюцца, нападуць? Паглядзеў, колькі Шэрых стаіць побач – ці паспеюць уратаваць яго? Але войска служак не спатрэбілася – 120 пар пустых вачэй не бліснулі – ні гневам, ні радасцю. Самаабвешчаны ўладар блякла ўсміхаўся.
Ён прамаўляў доўга і палымяна, запальваўся сам, і яго вогнішча хапіла б на тысячу чалавек, калі б навокал не стаялі 120 кавалкаў лёду. Людзі, прыбітыя да зямлі цяжкімі сэрцамі, не паднімалі галоў. Яны перасталі быць Дзецьмі, але не сталі нават Ахвярамі, бо не здольныя былі ўсвядоміць сваю ахвярнасць. Саламяна-земляныя шэрыя і тое выглядалі жывейшымі. Але і яны былі халодныя, бы каменне. Сцяна з лёду і камянёў – вось хто быў слухачом Самотніка. Ён кідаў і кідаў словы ўсё больш гарачыя, і з кожным словам яго ўласнае полымя цішэла. Застаўся толькі невялікі агеньчык. Самотнік хацеў аддаць і яго, але спыніўся, не дазволіўшы апошнім словам вылецець. Калі ён зараз зробіць гэта, то стане, як і яны, халодна-каменным, але не запаліць іх.
Ён развярнуўся і павольна сышоў.
Чорны, што ўвесь час стаяў побач, памкнуўся было ісці за ім, але хвалі холаду ад сагнутай постаці гаспадара спынілі яго. Потым Чорны ўзгадваў: у гэты момант ён і адчуў сябе вольным.
Вікторыя замаўчала і перасмыкнулася, вяртаючыся са шматлюднай халоднай плошчы ў невялікі цёплы пакой. Позірк так і не лёг на кнігу, разгорнутую на першай старонцы. Працягнула:
– Можа, і не хацелі людзі бачыць над сабой кагосьці, акрамя Лёсу, але выйшла сапраўды так, што без Самотніка зусім горка стала жыць. Шэрых стрымліваў толькі Чорны. Чорнага не стрымліваў ніхто. Земляныя істоты, адчуўшы вольніцу, зрабілі людзей сваёй прыслугай. Стройнасць постацей, прыгажосць твараў, яскравасць вачэй, даўгія густыя валасы сталі агіднымі прыкметамі адметных – так пачалі называць людзей, калі каменнавокія навучыліся ствараць сем’і, нараджаць дзяцей, і іх стала нашмат больш за нас. З часам птушына-жывёльныя рысы згладзіліся, але не зніклі: засталіся шэра-жоўтыя рэдкія валасы, бляклыя вочы, дзіўныя фігуры. А назву, што памятала прыслужніцкі час, яны забыліся. За сотні гадоў горад разросся да княства, усё яно стала называцца Светам. І хоць ніхто ніколі не бачыў іншых княстваў, ні блізка, ні далёка, ніколі Свет не ваяваў ні з кім, але кожны князь больш за астатнія службы падтрымліваў службу вайсковую.
Людзі, у памяці якіх захаваліся былыя часы, доўга спадзяваліся вярнуць іх. Толькі аднымі спадзевамі нічога не зможаш, а што рабіць, ніхто з іх не ведаў – новыя гаспадары моцна трымалі жыццё Свету ў сваіх руках. Першымі «прачнуліся» матэматыкі – зразумелі, што так больш немагчыма. Але яны не пайшлі вайной, не падбухторвалі на паўстанне, не ладзілі дыверсій і не складалі планаў, як узяць уладу ў свае рукі. Яны знікалі – карысталіся сваім правам скончыць жыццё.