— А калі прыстане, то на руках нясі,— не згаджаўся Грыцко.
Шафёр бліснуў сваёй рэдказубай усмешкай.
— Трэба было табе самому пайсці,— сказаў ён Грыцку.— Зняў-бы сваё галіфэ, дык якраз за малога сышоў-бы.
— Не балбачы! — агрызнуўся хлопец, а Машкін незадаволена глянуў на абодвух і загадаў:
— Праз гадзіну каб усё было гатова да выхаду! Давайце без лішніх размоў!
Шафёр сеў на пяньчук і стаў моўчкі завязваць свой паходны мяшок, а Грыцко з хвіліну яшчэ ўглядаўся, а потым, нібы хто падпёк яго знізу, падскочыў, на хаду перамахнуў высокі ядлоўцавы куст і памчаў у той бок, куды толькі што глядзеў. Неўзабаве ён вярнуўся з Зінай i Святланай. Разведка прайшла добра, не было нават якіх-небудзь надта складаных перашкод,— толькі стомлепасць скавала ногі, ісці далей разведчыцы не маглі-б.
— Адпачніце, — сказаў ім Машкін. — 3 гадзіну можаце адпачыць, а як толькі змеркне, у дарогу.— Ен, нібы ўпотай, глянуў спачатку на Святлану, а потым на насілкі.
— Мы пойдзем! —упэўнена сказала Святлана, і Машкіну стала няёмка.
— Адпачывайце, — паўтарыў ён, а сам адышоў да буданчыка, дзе ляжалі сабраныя за час лагернага жыцця боепрыпасы.
Грыцко прынёс дзяўчатам па поўкацялка ячнага крупніку. У гэты дзень ён быў дзяжурным па лагеру i сам варыў гэты крупнік, сам потым падтрымліваў у пячурцы цяпло, каб страва не надта а стыл а. Усе хлопцы ўзяліся за апошняе, што было неабходна перад паходам, — за чыстку i змазку зброі, а Грыцко нечакана для ўсіх выцягнуў аднекуль вялікія, што авечак стрыгуць, ножны, задрынкаў імі, заляскаў аб расчоску і, падышоўшы да пеньчука, падаў голас:
— Хто хоча не прыстаць у дарозе ад цяжасці на галаве i ад свербу, падыходзьце с.юды! Пакуль нашы разведчыцы i праважатыя з'ядуць крупнік, абгалю ўсіх не горш як у гарадской цырульні!
Першы падышоў без пілоткі і сеў на пень шафёр. Грыцко загарнуў расчоскай проста ад ілба яго жорсткую рыжаватую чупрыну і лёгка, нібы толькі ўзмахнуўшы ножнамі, зняў яе. Праз некалькі хвілін шафёр трохі нагадваў стрыжанага барана, але быў надта задаволены, паціраў далонямі галаву і ўхмыляўся. Услед за ім сеў на пяньчук Міхал, потым адзін узбек падставіў сваю да бляску чорную галаву, за ім — астатнія байцы. Апошнім падстрыгаўся Машкін, бо ён увесь гэты час быў заняты рознымі падрыхтоўчымі справамі.
— А хто-ж цяпер мяне аголіць?—спытаў Грыцко і, запусціўшы тоўстыя пальцы ў свае злямчаныя валасы, адцягнуў на лоб пасму і адрэзаў.
— Давай я,—падручыўся Міхал.— Ты сам сабе яшчэ вуха адрэжаш.
Астрыгшы Грыцка, Міхал абцёр аб салдацкія штаны ножны, аддаў іх гаспадару, а сам пачаў збіраць у жменю валоссе, што рознакаляровым дываном ляжала вакол пня.
— Каб не балелі ва ўсіх галовы,— нібы жартам, нібы ўсур’ёз гаварыў ён, укленчыўшы каля пня, — трэба зграбці ўсё гэта i закапаць. А то калі агледзіць якая птушка ды зацягне ўсё багацце ў сваё гняздо...
— Гэта ты ад сваёй бабкі чуў? — страсаючы з-за вушэй валасяную сечку, спытаў Грыцко. Галава яго пасля стрыжкі зрабілася круглай, як гарбуз, лоб стаў больш высокі, а рот — больш шырокі.
— I ад бабкі,— згадзіўся Міхал,— i ад дзеда.
Гэты хлопец наогул мала калі з кім спрачаўся. Натуры ён быў ціхай і памяркоўнай. Калі не падабаліся яму чые словы, дык ён толькі моўчкі круціў галавой, а ў сварку не лез. Пакуль ён ляжаў амаль заўсёды падагнуўшы ногі, усе думалі, што гэта кволы i маларослы хлопец, а цяпер ён так выпрастаўся, так увайшоў у сілу, што стаў ледзь не вылучацца сярод усіх. Ростам ён быў лічы што на дзве галавы вышэй за Грыцка, статны, спрытны ў рухах. За якую работу ні браўся, яна гарэла ў яго руках. Нават гэтыя валасы збіраў ён так акуратна i хораша, што Зіна міжвольна прытрымала ля вуснаў лыжку з крупнікам і зірнула на яго рукі.
Перад самым адыходам Машкін пастроіў свой атрад. Команда яго прагучала няўпэўнена, крокі, калі ён прахаджваўся ля строю і аглядаў кожнага байца, былі няцвёрдымі. Мала яшчэ камандаваў Машкін, бо толькі нядаўна скончыў палкавую школу. Аднак, паколькі сярод раненых ён адзін меў камандзірскае званне, то неяк само сабою выйшла так, што ўсе прызналі яго старшым, і ён ужо даўно нёс на сабе гэты крыж.