Разоў дваццаць я збіраўся націснуць на кнопку і адключыць эфір — гэта потым лёгка было б растлумачыць тэхнічнымі прычынамі — аднак алімпійскі спакой гукааператара, які незалежна і абыякава пазіраў на стрэлкі прыбораў, кожны раз спыняў мяне. Калі Галабэр змоўк, я не ведаў, што рабіць і што казаць... Крыху апамятаўшыся, я даў аператару знак уключыць запіс канцоўкі перадачы. Пасля гэтага мы патушылі ў студыі святло і пайшлі дамоў, а знясілены, ушчэнт разбіты Галабэр застаўся сядзець перад мікрафонам, абхапіўшы галаву рукамі.
На другі дзень ён не прыйшоў, і больш мы яго не бачылі. А праз некалькі дзён да мяне завітаў інспектар паліцыі. Я акурат пачынаў засынаць. Інспектар і паведаміў мне аб смерці майго супрацоўніка... Бедалага, на гэты раз не змог ён ухіліцца ад нажа...
Доўга не выходзіў у мяне з галавы гэты выпадак... Што ж, думаў я, прынамсі, хоць адзін раз у жыцці чалавеку ўдалося выкласці ўсё, што гадамі ад'ядала душу і цяжкім грузам ляжала на сэрцы. А ці быў у гэтым які сэнс? Не, вядома. А зрэшты, хто ведае, можа, там, на далёкім востраве, за тысячы кіламетраў, знайшлася хоць адна чалавечая істота, якая не засталася раўнадушнай да гэтай перадсмяротнай споведзі Галабэра...
Пазней я даведаўся, што ніхто так і не пачуў нашай перадачы і голас Галабэра назаўсёды згубіўся ў эфіры. А колькі яшчэ такіх няшчасных, як ён, паміраюць з адчайным крыкам аб спагадзе і дапамозе, але свет — глухі, і малітвы іх разбіваюцца аб сцяну абыякавага маўчання...
Анры Гуго
Нябожчыкі і прывіды
12 верасня 1322 года манах Сікрэ, сакратар суда Святой інквізіцыі горада Тулузы, вёў пратакол допыту Жана Цісрана. Справа была самая звычайная, калі не сказаць дробная. Пра гэта сведчыла і спакойная абстаноўка, якая панавала на працэсе. Праўда, Жан Цісран абвінавачваўся ў даволі рэдкім злачынстве, аднак здзейснена яно было без умяшання сатаны, і таму, напэўна, галоўны абвінаваўца епіскап Турб'е — хударлявы суровы чалавек не надта багатага, але надзвычай вострага розуму — лагодна, амаль што па-бацькоўску вёў допыт. Такую лагоднасць у наш час зрэдку дазваляюць сабе камісары паліцыі, калі маюць справу з маладымі неспрактыкаванымі злачынцамі. Падобна было на тое, што змірыўся са сваёй няшчаснай доляй і Жан Цісран, які ўсё жыццё быў парабкам і наймаўся на службу да заможных людзей. Вось якія паказанні ён даў на судзе:
— Перад самым вялікаднем з волі боскай і міласці пробашча царквы св. Эцьена быў я прыняты на службу. Занятак мой быў вельмі просты: штодня пасля вячэрняй службы павінен я быў прыбраць, падмесці і памыць падлогу ў царкве. Неяк апоўначы, калі ўсе ўжо даўно разышліся, я заўважыў каля калоны чалавека ў багатай дарагой вопратцы. Ён паказаў мне знакам падысці бліжэй. Я падышоў, асвяціў ліхтаром яго твар і не паверыў сваім вачам: перада мной стаяў пан Гіём Даві — знатны купец, у якога я калісьці служыў. Усю маю істоту ахапіў жудасны страх, бо я добра ведаў, што пан Гіём Даві паўгода таму назад памёр. Я ўпаў на калені і пачаў маліцца, ні на секунду не сумняваючыся, што перада мной прывід нябожчыка.
Ён ціхенька папрасіў мяне ўстаць і сказаў вось гэтыя словы:
«Дарагі Жан, перад табой здань мая, якая вярнулася з таго свету, каб папрасіць цябе зрабіць мне адну паслугу. Незадоўга да маёй смерці я пазычыў чатыры залатыя экю ў свайго дваюраднага брата Арно, якога ты добра ведаеш. Не паспеў я вярнуць гэты доўг. Таму прашу цябе: сёння ж зайдзі ў мой дом. Там, у матрацы на маім ложку, ты знойдзеш кашалёк. Вазьмі яго і занясі Арно. Папрасі ў яго прабачэння за такую затрымку і перадай, што я яму вельмі ўдзячны».
Я паабяцаў пану Гіёму, што зраблю ўсё, як ён прасіў. Трохі пасмялеўшы, запытаўся ў яго, ці даводзілася яму сустракаць на тым свеце анёлаў і д'яблаў. Ён неяк жаласна паглядзеў на мяне, нічога не адказаў і знік з маіх вачэй. Больш я яго ніколі не бачыў.
— А ці ведаеш ты, сын мой, — з усмешкай спытаўся епіскап Турб'е (ох, як добра я сабе ўяўляю гэтую паблажлівую епіскапскую ўхмылачку), — ці ведаеш ты, сын мой, што не ў каталіцкім гэта звычаі — сустракацца з нябожчыкамі? Маці наша царква вучыць, што месца нябожчыкаў дзе? Або пекла, або чысцец, або рай. Ніякіх прывідаў і зданяў нябожчыкаў мы не прызнаём, а значыць, бачанні твае, сын мой, ерэтычныя.
З пакорлівай наіўнасцю, уласцівай беднякам, Жан стаў прасіцца:
— Няхай бог бароніць мяне ад ерасі, монсеньёр! Усё жыццё быў я адданы царкве. І цалкам пагаджаюся з вамі, што бачанні мае не да твару сапраўднаму каталіку. Прашу вас, монсеньёр, лічыце, што ніякіх бачанняў у мяне не было.
— Але ж, — зноў загаварыў епіскап Турб'е, — пан Арно засведчыў нам, што нябожчык Даві быў вінаваты яму чатыры залатыя экю, якія ты яму і вярнуў. Якім жа чынам даведаўся ты, што Гіём Даві пазычыў гэтыя грошы ў Арно?
— Монсеньёр, я пра гэты доўг нічога не ведаў. Ды і як мог я пра гэта ведаць, калі ўжо два гады не служу ў Гіёма Даві?!
Александр Иванович Куприн , Константин Дмитриевич Ушинский , Михаил Михайлович Пришвин , Николай Семенович Лесков , Сергей Тимофеевич Аксаков , Юрий Павлович Казаков
Детская литература / Проза для детей / Природа и животные / Малые литературные формы прозы: рассказы, эссе, новеллы, феерия / Внеклассное чтение