Альбэр Камю
Госць
Настаўнік глядзеў, як да школы набліжаліся двое. Адзін быў на кані, другі ішоў пешкі. Яны яшчэ не падышлі да пагорка, на стромым схіле якога тулілася школа, і марудна, з цяжкасцю прабіраліся наперад па прыцярушаным снегам каменні, раскіданым на неабсяжным абшары высокага і пустэльнага ўзгор'я. Час ад часу конь спатыкаўся і пырхаў. Гукаў яшчэ чуваць не было, але кожны раз настаўнік бачыў, як з конскіх ноздраў вырываюцца воблачкі пары. Адзін з тых, прынамсі, ведаў тутэйшыя мясціны. Яны рухаліся дакладна па сцяжыне, хоць вось ужо некалькі дзён яна была прыхаваная снегам і гразёю. Настаўнік разлічыў, што на пагорку яны будуць не раней як праз паўгадзіны. Было холадна, ён вярнуўся ў школу па вязаны нацельнік.
Ён прайшоў праз пусты і настылы класны пакой. На чорнай дошцы ўжо трэці дзень цяклі да сваіх вусцяў чатыры галоўныя ракі Францыі, намаляваныя каляроваю крэйдай. Снег выпаў у сярэдзіне кастрычніка, знянацку, раптам, адразу пасля васьмі месяцаў засухі, хоць перад тым не было ніводнага дажджу. Дзесяткі два вучняў, што жылі ў навакольных вёсках, рассыпаных па ўзгор'і, цяпер не прыходзілі. Трэба было чакаць пагоды. Дару паліў гэтыя дні толькі ў адным пакоі побач з класам, дзе жыў. За вокнамі, якія выходзілі на ўсход, таксама шырылася ўзгор'е. Толькі адно акно, як і класныя, глядзела на поўдзень — там, за некалькі кіламетраў ад школы, узгор'е пачынала паступова зніжацца. У яснае надвор'е адсюль можна было ўбачыць цьмяныя груды скал, за якімі адчынялася брама ў пустэльню.
Дару ўжо трошкі сагрэўся і падышоў да акна, адкуль першы раз заўважыў двух незнаёмцаў. Іх не было відаць. Значыць, яны ўжо падымаліся па адхоне. Неба цяпер было не такое хмурнае, як учора: уначы снег перастаў, і раніца занялася шэрым, золкім святлом. Але добра так і не развіднела. А другой гадзіне, калі хмары падняліся вышэй, дзень, можна сказаць, толькі пачынаўся. Зрэшты, і гэта было добра — мінулыя тры дні снег валіў суцэльнай сцяной у апраметнай цемры, і часам падвойныя дзверы ў класе скаланаліся ад рэзкіх удараў ветру. Дару гадзінамі сядзеў тады ў сваім пакойчыку і адно зрэдку выходзіў пад павець, каб дагледзець курэй ці ўзяць вугалю. На шчасце, за тры дні да навалы грузавічок з Таджыда, найбліжэйшай вёскі на поўнач ад школы, прывёз прадукты. Праз сорак восем гадзін ён меўся прыехаць ізноў.
Дару, праўда, і так было з чым пераседзець аблогу. У яго маленькім пакоі ляжаў таўшчэзны мех пшаніцы, якую кіраўніцтва пакінула яму ў запас, каб ён раздаваў яе вучням з тых сем'яў, што найбольш пацярпелі ад засухі. А пацярпелі ўсе, бо ўсе яны былі бедныя. Штодзень Дару даваў малым па жменьцы зерня. І цяпер, у гэтыя ліхія дні, ім вельмі яго не ставала. Мабыць, увечары прыйдзе чый-небудзь бацька ці старэйшы брат — тады ён зможа даць зерня ім. Трэба было неяк перакідацца да наступнага ўраджаю, пра іншае гаворкі не было. З Францыі цяпер прыходзілі караблі са збожжам, і самае цяжкае ўжо засталося ззаду. Але забыцца на гэтую галечу, на гэтыя натоўпы прывідаў у рыззі, якія бадзяліся па спаленых сонцам, згалелых узгор'ях, дзе глеба трэскаецца і пражыцца ад спёкі, а камень пад нагой ператвараецца ў пыл, — забыцца на ўсё гэта было немагчыма. Авечкі тады гінулі тысячамі, паміралі і людзі — тут і там, паўсюль, хоць паведамлялі пра гэта не заўсёды.
У гэтай занядбанай школе ён жыў амаль як манах, зрэшты, задаволены сваім суровым жыццём і тым малым, што ў яго было. А цяпер, калі паўсюль была такая галеча, ён наогул адчуў сябе панам, маючы чатыры мураваныя сцяны, вузкую канапу, паліцы з габляваных дошак, студню і штомесячнае забеспячэнне ежай і пітною вадой. І вось раптам — гэты снег, без папярэджання, без дажджу, са спёкі ў холад. Такая гэта была краіна — жорсткая сама па сабе, нават без тых людзей, што яе насялялі, хоць і з людзьмі было не лягчэй. Але Дару тут нарадзіўся. І ў любым іншым месцы ён адчуваў бы сябе ў выгнанні.
Ён выйшаў на пляц перад школай. Двое былі ўжо на сярэдзіне схілу. Ён пазнаў конніка, гэта быў стары жандар Бальдучы, з якім настаўнік даўно быў знаёмы. На доўгай вяроўцы Бальдучы вёў араба, які ішоў ззаду са звязанымі рукамі, апусціўшы галаву. Жандар прывітаўся жэстам, але Дару не адказаў, пільна прыглядаючыся да незнаёмага. Араб быў апрануты ў доўгі, некалі сіні халат, на нагах паверх шкарпэтак з грубай нячэсанай воўны былі прывязаныя шлапакі, а галаву абвінаў вузкі кароткі шматок анучы. Яны рухаліся марудна, Бальдучы прытрымліваў каня, каб не параніць араба.
Александр Иванович Куприн , Константин Дмитриевич Ушинский , Михаил Михайлович Пришвин , Николай Семенович Лесков , Сергей Тимофеевич Аксаков , Юрий Павлович Казаков
Детская литература / Проза для детей / Природа и животные / Малые литературные формы прозы: рассказы, эссе, новеллы, феерия / Внеклассное чтение