Читаем Французская навела XX стагоддзя полностью

Дару ўстаў, з класнага пакоя не даносілася ніякіх гукаў. Настаўнік здзівіўся той шчырай радасці, якая ахапіла яго пры адной толькі думцы, што араб уцёк, што ён зноў застаўся адзін і яму нічога не трэба вырашаць. Але вязень быў на месцы. Ён толькі лёг і выпрастаўся на ўвесь рост паміж печчу і сталом. Ён ляжаў з расплюшчанымі вачыма, утаропіўшы позірк у столь. У такой паставе яго тоўстыя вусны асабліва кідаліся ў вочы і надавалі яму насуплены і незадаволены выгляд. «Хадзі, — паклікаў Дару. Араб устаў і падаўся за ім. У пакоі настаўнік паказаў яму на крэсла, што стаяла побач са сталом, каля акна. Араб сеў, па-ранейшаму гледзячы на Дару.

— Есці хочаш?

— Хачу, — адказаў вязень.

Дару паставіў на стол дзве талеркі, паклаў відэльцы. Потым узяў мукі, алею, замясіў у місе і запаліў маленькую газавую плітку. Пакуль праснак пёкся, ён пайшоў пад паветку, прынёс сыру, яек, смокваў і згушчанага малака. Праснак быў гатовы. Ён паклаў яго астыць на падаконнік і падагрэў разведзенае вадой малако. Разбоўтваючы ў малацэ яйкі, ён выпадкова крануў рэвальвер, які ляжаў у правай кішэні. Тады ён адставіў місу, прайшоў у класны пакой і засунуў рэвальвер у шуфляду пісьмовага стала. Вярнуўшыся, ён заўважыў, што на дварэ пачынае цямнець. Ён запаліў святло і паклаў арабу яечні. «Еш», — сказаў ён. Той узяў кавалак праснака, хацеў ужо есці, але не стаў.

— А ты? — спытаўся ён.

— Еш. Я зараз таксама буду.

Тоўстыя вусны трошкі растуліліся, араб вагаўся. Але нарэшце рашуча ўкусіў праснак.

Падсілкаваўшыся, ён зноў глядзеў на настаўніка.

— Гэта ты — суддзя?

— Не, ты ў мяне застанешся да заўтра.

— Чаму ты ясі са мной?

— Таму, што галодны.

Араб змоўк. Дару падняўся і выйшаў. Ён прынёс з-пад павеці раскладны ложак, паставіў яго перпендыкулярна да свайго, паміж сталом і грубкай. З вялізнага чамадана, які стаяў у куце замест паліцы пад розныя паперы, ён дастаў два прасцірадлы і паслаў іх на прынесеным ложку. Потым выпрастаўся, адчуў, што цяпер можна адпачыць, і сеў на канапу. Усё было зроблена, усё было падрыхтавана. Заставалася адно: глядзець на араба. І ён глядзеў, намагаючыся ўявіць сабе яго твар у гневе. Яму гэта не ўдавалася. Ён бачыў толькі яго цёмныя і адначасова бліскучыя вочы і вялікі, нібыта ў жывёліны, рот.

— Чаму ты яго забіў? — спытаўся Дару і здзівіўся варожасці свайго голасу.

Араб адвёў вочы.

— Ён хацеў уцячы. Я пабег за ім.

Ён зноў зірнуў на настаўніка, і ў яго вачах можна было прачытаць нешта накшталт пакутлівага пытання.

— Што цяпер са мной зробяць?

— Табе страшна?

Араб увесь напружыўся і зноў адвёў вочы.

— Ты шкадуеш, што забіў?

Араб зірнуў на Дару, разявіўшы рот. Было відаць, што ён не разумее. Дару гэта пачынала злаваць. Але разам з тым ён адчуваў сябе неяк няёмка, ненатуральна, заціснутым сваім дзябёлым целам паміж двух ложкаў.

— Кладзіся, — нецярпліва сказаў ён. — Гэты ложак табе.

Араб не варухнуўся. Ён гукнуў Дару:

— Скажы...

Настаўнік зірнуў на яго.

— Жандар заўтра вернецца?

— Не ведаю.

— А ты пойдзеш з намі?

— Не ведаю. Чаму цябе гэта цікавіць?

Вязень устаў і лёг проста на прасцірадлы нагамі да акна. Святло ад лямпачкі біла яму ў вочы, і ён іх адразу заплюшчыў.

— Чаму цябе гэта цікавіць? — паўтарыў Дару, устаўшы з ложка.

Араб расплюшчыў вочы і глядзеў на яго, намагаючыся не міргаць пад яркім электрычным святлом.

— Хадзем з намі, — сказаў ён.

Была сярэдзіна ночы. Але Дару ўсё яшчэ не спаў. Перад тым як легчы ў ложак, ён цалкам раздзеўся, бо звычайна спаў голы. Аднак калі ён застаўся без вопраткі, яго чамусьці апанавала нерашучасць. Ён адчуў сябе безабаронным, і яму захацелася адзецца зноў. Урэшце ён толькі паціснуў плячыма: з ім здаралася ўсякае, і калі спатрэбіцца, ён скруціць гэтага араба ў абаранак. Ён мог назіраць за ім са свайго ложка і бачыў, як араб па-ранейшаму нерухома ляжыць на спіне і рэзкае святло б'е яму ў заплюшчаныя вочы. Дару патушыў лямпачку, і ўвесь пакой адразу патануў у сляпым чорным змроку. Але патроху ноч зноў ажыла за акном, дзе ціха плыло бяззорнае неба. Хутка настаўнік разгледзеў распасцёртае побач цела араба. Той па-ранейшаму не варушыўся, але здавалася, што вочы ў яго расплюшчаныя. Лёгкі ветрык гуляў вакол школы. Мабыць, ён разгоніць хмары, і тады зноў вернецца сонца.

Уначы вецер памацнеў. Крыху паквакталі куры, потым сціхлі. Араб павярнуўся на бок, спінай да Дару, і настаўніку здалося, што ён застагнаў. Дару пачаў прыслухоўвацца да яго дыхання, якое зрабілася больш роўным і глыбокім. Ён чуў яго блізкі подых і мроіў, хоць так і не мог заснуць. Яго бянтэжыла прысутнасць гэтага араба ў пакоі, дзе вось ужо год ён спаў адзін. Яна бянтэжыла яго і таму, што азначала пэўную еднасць з арыштантам, еднасць, якую ён не мог прыняць у гэтых абставінах і якую добра ведаў. Людзі, якім даводзіцца спаць у адным пакоі, салдаты ці вязні, злучаюцца паміж сабою дзіўнаю, таямнічаю сувяззю; скінуўшы з сябе разам з вопраткай свае абарончыя даспехі і нягледзячы на ўсю сваю рознасць, яны нібыта яднаюцца ў адзінай спрадвечнай суполцы стомы і сну. Але Дару схамянуўся, яму не падабалася ўсё гэта глупства, трэба было спаць.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Кавказ
Кавказ

Какое доселе волшебное слово — Кавказ! Как веет от него неизгладимыми для всего русского народа воспоминаниями; как ярка мечта, вспыхивающая в душе при этом имени, мечта непобедимая ни пошлостью вседневной, ни суровым расчетом! ...... Оно требует уважения к себе, потому что сознает свою силу, боевую и культурную. Лезгинские племена, населяющие Дагестан, обладают серьезными способностями и к сельскому хозяйству, и к торговле (особенно кази-кумухцы), и к прикладным художествам; их кустарные изделия издревле славятся во всей Передней Азии. К земле они прилагают столько вдумчивого труда, сколько русскому крестьянину и не снилось .... ... Если человеку с сердцем симпатичны мусульмане-азербайджанцы, то жители Дагестана еще более вызывают сочувствие. В них много истинного благородства: мужество, верность слову, редкая прямота. Многие племена, например, считают убийство из засады позорным, и у них есть пословица, гласящая, что «врагу надо смотреть в глаза»....

Александр Дюма , Василий Львович Величко , Иван Алексеевич Бунин , Тарас Григорьевич Шевченко , Яков Аркадьевич Гордин

Поэзия / Путешествия и география / Проза / Историческая проза / Малые литературные формы прозы: рассказы, эссе, новеллы, феерия