Але на печы ў гатавальніку зашумела вада. Дару наліў Бальдучы яшчэ шклянку, потым нерашуча спыніўся, гледзячы на араба, але наліў гарбаты і яму. Той пачаў піць з ранейшаю прагай. Калі ён узняў рукі, крыссе халата трошкі разышлося, і Дару ўбачыў яго худыя і жылаватыя грудзі.
— Дзякуй табе, хлопча, — сказаў Бальдучы. — Ну, цяпер я пабег.
Ён устаў і рушыў да араба, выцягваючы з кішэні матузок.
— Што ты хочаш рабіць? — суха запытаўся Дару.
Бальдучы збянтэжана паказаў вяроўку.
— Не варта.
Стары жандар нерашуча сказаў:
— Як сабе хочаш. Але, спадзяюся, у цябе ёсць зброя?
— Паляўнічая стрэльба.
— Дзе?
— У чамадане.
— Я б табе раіў трымаць яе побач з ложкам.
— Навошта? Мне няма чаго баяцца.
— Дурны ты, сынку? Калі яны ўздымуцца, літасці нікому не будзе: для іх мы ўсе аднаго поля ягадкі.
— Я абаранюся, у мяне будзе час, каб заўважыць іх яшчэ здалёк.
Бальдучы засмяяўся, але раптам яго яшчэ белыя зубы схаваліся за шчэццю вусоў.
— У цябе будзе час? Ну-ну. Што я і кажу. Ты заўсёды быў трошкі ненармальны. За гэта я цябе і люблю, мой сын быў такі самы.
Кажучы гэта, ён выцягнуў рэвальвер і паклаў яго на стол.
— Вазьмі сабе. Каб даехаць да Эль-Амёра, мне два не спатрэбяцца.
Рэвальвер блішчаў на чорнай фарбе стала. Бальдучы павярнуўся да настаўніка, і той адчуў, як ад жандара тхне скурай і конскім потам.
— Слухай, Бальдучы, — нечакана сказаў Дару, — мне агідна ўсё гэта, і гэты твой хлопец — перш за ўсё. Але я яго не павяду. Біцца — няхай, я згодны, калі тое спатрэбіцца. Але не гэта.
Стары жандар стаяў побач і строга глядзеў яму ў твар.
— Ты кажаш глупства, — павольна прамовіў ён. — Мне гэта таксама не падабаецца. Вязаць чалавека вяроўкай не прывыкнеш ніколі, ніякія гады тут не дапамогуць. І часам нават робіцца сорамна, так, сорамна. Але ж нельга дазволіць ім рабіць усё, што яны хочуць.
— Я не павяду яго, — паўтарыў Дару.
— Гэта загад, сынку. Я паўтараю табе: загад.
— Я чую. Дык паўтары ім тое, што сказаў табе я: я яго не павяду.
Было відаць, як Бальдучы напружыўся, шукаючы слоў. Ён пазіраў то на араба, то на Дару і нарэшце вырашыў:
— Не. Я нічога ім не скажу. Калі хочаш падкласці нам свінню, калі ласка, я цябе не выдам. У мяне ёсць загад даставіць арыштаванага табе, што я і зрабіў. Зараз ты мне падпішаш паперку.
— У гэтым няма патрэбы. Я не буду адмаўляць, што ты пакінуў араба ў мяне.
— Не крыўдуй. Я ведаю, што ты скажаш праўду. Ты ж тутэйшы, і ты сапраўдны мужчына. Але трэба падпісаць — такое правіла.
Дару выцягнуў шуфляду, дастаў маленькую кантовую бутэлечку з фіялетавым чарнілам, чырвоную драўляную ручку са звычайным вучнёўскім пяром, якім карыстаўся, каб выводзіць узоры прыгожых літар, і паставіў подпіс. Жандар акуратна згарнуў паперу, паклаў яе ў пулярэс і пайшоў да дзвярэй.
— Я правяду цябе, — сказаў Дару.
— Не трэба, — адмовіўся Бальдучы. — Цяпер ужо не варта паказваць сваю ветлівасць. Ты звяважыў мяне.
Ён зірнуў на араба, які нерухома сядзеў на тым самым месцы, сумна ўздыхнуў і павярнуў да дзвярэй. «Бывай, сынку», — сказаў ён. Дзверы грукнулі. Бальдучы прайшоў пад акном і знік. Снег прыглушаў яго крокі. За перагародкай павеці страпянуўся конь, заквакталі куры. Праз нейкі час Бальдучы зноў прайшоў пад акном, ведучы за лейцы каня. Ён ішоў да стромы і не азіраўся. Неўзабаве ён знік, потым схаваўся і конь. Было чуваць, як па строме пакаціўся вялізны камень. Дару вярнуўся да вязня. Той сядзеў па-ранейшаму нерухома, не зводзячы з настаўніка вачэй. «Чакай», — сказаў Дару па-арабску і рушыў да пакоя. Ужо збіраючыся пераступіць цераз парог, ён перадумаў, вярнуўся да стала, узяў рэвальвер і засунуў яго ў кішэню. Потым не азіраючыся пайшоў да сябе.
Ён доўга ляжаў на канапе, назіраючы, як неба паступова пачынае цямнець, і прыслухоўваўся да цішыні. Першыя дні, калі ён прыехаў сюды пасля вайны, яму цяжка было адчуваць гэтую цішыню. Ён прасіў месца ў маленькім гарадку каля падножжа спічастых вяршынь, што аддзялялі пустэльню ад высокіх узгор'яў. Там ішла мяжа з вечным летам, накрэсленая скалістымі мурамі, зялёнымі і чорнымі з поўначы і ружовымі і бэзавымі з поўдня. Яму далі месца болей на поўнач, на гэтым узгор'і. Спачатку ён цяжка пераносіў самоту і беспрытульнасць гэтых голых абшараў, дзе жылі адны камяні. Барозны часам маглі навесці на думку, што некаму прыйшло ў галаву займацца тут земляробствам, але разоры рабіліся толькі дзеля таго, каб нарадзіць у нейкі дзень новы камень, прыдатны на будаўніцтва. Тут аралі, каб пасля збіраць каменне. Іншы раз, калі ў навакольных лагчынах збіраўся тонкі слой глебы, мясцовыя жыхары саскрабалі яго, каб угноіць зямлю ў чэзлых садках сваіх вёсак. І так было паўсюль, каменне займала тры чвэрткі гэтай краіны. Тут нараджаліся, квітнелі і потым знікалі гарады, жылі, любілі ці ненавідзелі і ўрэшце паміралі людзі. У гэтай пустэльні ніхто, ні ён, ні гэты араб не значылі нічога. І ўсё ж Дару ведаў, што далёка ад гэтых краёў, на чужыне, яны не здолелі б знайсці сабе людскага жыцця.
Александр Иванович Куприн , Константин Дмитриевич Ушинский , Михаил Михайлович Пришвин , Николай Семенович Лесков , Сергей Тимофеевич Аксаков , Юрий Павлович Казаков
Детская литература / Проза для детей / Природа и животные / Малые литературные формы прозы: рассказы, эссе, новеллы, феерия / Внеклассное чтение