Читаем Французская навела XX стагоддзя полностью

Калі яны наблізіліся настолькі, што можна было пачуць словы, Бальдучы крыкнуў: «Цэлую гадзіну ўбіў, каб прайсці тры кіламетры ад Эль-Амёра!» Дару не адказаў. Ён стаяў, квадратны і каржакаваты ў сваім вязаным нацельніку, і глядзеў, як яны падымаюцца па схіле. Араб ні разу не ўзняў галавы. «Прывітанне, — сказаў Дару, калі яны падышлі да пляца. — Хадзіце пагрэйцеся». Не выпускаючы вяроўкі, Бальдучы марудна злез з каня. Ён усміхнуўся настаўніку сваімі натапыранымі вусамі. Яго маленькія цёмныя вочкі пад навіслым смуглявым ілбом і пасечаны зморшчынамі рот надавалі яму руплівы і ўважлівы выгляд. Дару ўзяў лейцы, завёў каня пад павець і вярнуўся да прышлых, якія ўжо чакалі яго ў школе. Ён правёў іх у пакой. «Зараз напалю ў класе, — сказаў ён. — Там будзе лацвей». Калі настаўнік вярнуўся ў пакой, Бальдучы сядзеў на канапе. Ён ужо развязаў вяроўку, на якой прывёў араба, і цяпер той мясціўся на кукішках каля грубкі і глядзеў у акно. Рукі ў яго былі па-ранейшаму звязаныя, накручаная на галаву ануча з'ехала на патыліцу. Спачатку Дару ўбачыў толькі яго вялізныя вусны, тоўстыя і гладкія, амаль як у мурына, аднак нос быў прамы і вочы блішчалі, нібы ў ліхаманцы. З-пад турбана відаць быў упарты лоб, і ўвесь яго твар, прапалены сонцам і крыху збялелы на холадзе, выяўляў адначасна трывогу і непакорнасць. Араб павярнуўся і глянуў настаўніку проста ў вочы. Яго выгляд уразіў Дару. «Ідзіце туды, — сказаў ён, — я зараз зраблю вам гарбаты з мятай». — «Дзякуй, — адказаў Бальдучы. — Ну і работка, ліха яе. Хутчэй бы ўжо пенсія». І ён звярнуўся па-арабску да арыштанта: «Гэй ты, хадзем». Араб устаў і, трымаючы перад сабой звязаныя кулакі, паволі пайшоў у клас.

Разам з гарбатай Дару прынёс адно крэсла. Але Бальдучы ўжо сядзеў за першай вучнёўскай партай, а араб туліўся каля настаўніцкага памоста, павярнуўшыся тварам да печкі, што стаяла паміж пісьмовым сталом і акном. Падаючы арыштанту шклянку з гарбатай, Дару збянтэжана зірнуў на яго звязаныя рукі. «Можа, яго ўжо развязаць?» — «Вядома, — адгукнуўся Бальдучы. — Гэта я толькі так, на дарогу». Ён ужо хацеў быў падняцца. Але Дару паставіў шклянку на падлогу і ўкленчыў перад арабам. Той моўчкі глядзеў на яго сваімі ліхаманкавымі вачыма. Калі рукі вызваліліся, араб пацёр набраклыя запясці, узяў шклянку і пачаў сёрбаць пякучую гарбату хапаткімі глыткамі.

— Так, — сказаў Дару. — Ну і куды гэта вы кіруеце?

Бальдучы выцягнуў вусы са шклянкі:

— Сюды, сынку..

— Вось дык вучні! Будзеце тут начаваць?

— Не. Я зараз вяртаюся ў Эль-Амёр. А ты даставіш таварыша ў Тынгіт. Там яго чакаюць у акруговым судзе.

Бальдучы глядзеў на Дару з лёгкай сяброўскай усмешкай.

— Ты што гэта надумаў? — сказаў настаўнік. — Ты часам не кпіш з мяне?

— Не, сынку. Такі загад.

— Загад? Ды я ж не... — Дару запнуўся, ён не хацеў пакрыўдзіць старога карсіканца. — Урэшце, гэта не мой абавязак.

— Гэх! Ну дык што з таго? На вайне даводзіцца выконваць усе абавязкі.

— Тады я пачакаю, пакуль аб'явяць вайну.

Бальдучы паківаў галавой.

— Добра. Але загад ёсць загад, і цябе ён датычыцца таксама. Яны, здаецца, пачынаюць варушыцца. Ходзяць чуткі, што неўзабаве будзе паўстанне. Так што ўсе мы, можна лічыць, мабілізаваныя.

У Дару быў па-ранейшаму ўпарты выгляд.

— Слухай, сынку, — сказаў Бальдучы, — ты мне вельмі падабаешся, але ж ты разумей. Нас у Эль-Амёры нейкі тузін, а вартаваць мы павінны па ўсёй акрузе. Мне трэба вярнуцца. Мне сказалі даверыць гэтага шалахвоста табе і адразу вяртацца. Мы не маглі яго трымаць у сябе. Яны там, у ягонай вёсцы, пачалі хвалявацца і хацелі яго ў нас адбіць. Таму ты заўтра ж павінен завесці яго ў Тынгіт. Што такому асілку, як ты, нейкія дваццаць кіламетраў. А потым — вернешся, і будуць у цябе зноў твае вучні і спакойнае жыццё.

Было чуваць, як за сцяной пырхае і стукае капытамі конь. Дару глядзеў праз акно. Надвор'е прыкметна лепшала, па заснежаным узгор'і разлівалася святло. Калі ўвесь снег растане, сонца запануе зноў і будзе гэтак жа паліць каменныя прасторы. І зноў дзень за днём спякотнае неба будзе сляпіць задушлівым святлом самотны абшар, дзе нічога не нагадвае пра існаванне чалавека.

— Слухай, — сказаў настаўнік і павярнуўся да Бальдучы, — а што ён такое зрабіў? — І раней, чым жандар разявіў рот, запытаўся: — Ён гаворыць па-французску?

— Не, ніводнага слова. Мы шукалі яго больш за месяц, але ён хаваўся. Гэты шчанюк забіў свайго стрыечнага брата.

— Ён супраць нас?

— Не думаю. Але хто іх ведае...

— За што ж ён забіў?

— Крэўныя справы, па-мойму. Здаецца, адзін быў вінаваты другому зерня. Але гэта яшчэ не пэўна. Карацей, зарэзаў свайго брата, як авечку, ведаеш — так, нажом: ш-шах!..

Бальдучы зрабіў рух, нібы праводзіць сабе лязом па горле, і гэта прыцягнула ўвагу араба, які з трывогай зірнуў на жандара. І раптам Дару апанаваў гнеў, ён ненавідзеў гэтага араба, ён ненавідзеў усіх людзей за іх агідную злосць, за іх неспатольную лютасць, за іх прагу крыві.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Кавказ
Кавказ

Какое доселе волшебное слово — Кавказ! Как веет от него неизгладимыми для всего русского народа воспоминаниями; как ярка мечта, вспыхивающая в душе при этом имени, мечта непобедимая ни пошлостью вседневной, ни суровым расчетом! ...... Оно требует уважения к себе, потому что сознает свою силу, боевую и культурную. Лезгинские племена, населяющие Дагестан, обладают серьезными способностями и к сельскому хозяйству, и к торговле (особенно кази-кумухцы), и к прикладным художествам; их кустарные изделия издревле славятся во всей Передней Азии. К земле они прилагают столько вдумчивого труда, сколько русскому крестьянину и не снилось .... ... Если человеку с сердцем симпатичны мусульмане-азербайджанцы, то жители Дагестана еще более вызывают сочувствие. В них много истинного благородства: мужество, верность слову, редкая прямота. Многие племена, например, считают убийство из засады позорным, и у них есть пословица, гласящая, что «врагу надо смотреть в глаза»....

Александр Дюма , Василий Львович Величко , Иван Алексеевич Бунин , Тарас Григорьевич Шевченко , Яков Аркадьевич Гордин

Поэзия / Путешествия и география / Проза / Историческая проза / Малые литературные формы прозы: рассказы, эссе, новеллы, феерия