Читаем Французская навела XX стагоддзя полностью

Яны ішлі ўжо гадзіну і нарэшце спыніліся перадыхнуць пад спічастай вапняковай скалой. Паўсюль хутка раставаў снег, сонца імгненна высмоктвала лужыны і на вачах падмятала ўзгор'е, якое патроху сохла і пачынала дрыжаць у сонечных промнях, як і само паветра. Калі яны зноў рушылі ў дарогу, зямля звінела ў іх пад нагамі. Час ад часу, з радасным крыкам разразаючы паветра, перад імі праляталі птушкі. Дару дыхаў глыбока, набіраючы поўныя грудзі свежых струменяў сонца. Калі ён глядзеў на гэты шырокі, так добра вядомы яму абшар, які ўжо амаль цалкам жаўцеў пад блакітным купалам неба, у ім нараджалася ні з чым не параўнанае захапленне. Яны ішлі яшчэ з гадзіну, увесь час спускаючыся на поўдзень, і нарэшце апынуліся на невялікім пляскатым пагорку са старых патрушчаных скал. Адсюль узгор'е пачынала спускацца і на ўсходзе пераходзіла ў нізкую раўніну з рэдкімі кволымі дрэўцамі, а на поўдні дыбілася няўклюдным нагрувашчваннем скал, якія надавалі краявіду расшкуматаны і здратаваны выгляд.

Дару агледзеўся. Над даляглядам было толькі неба, нідзе не было відаць ніводнай жывой душы. Ён павярнуўся да араба, які глядзеў на яго і нічога не разумеў. Дару падаў яму мяшэчак. «На, — сказаў ён. — Тут смоквы, хлеб і цукар. Табе хопіць на два дні. І вось яшчэ тысяча франкаў». Араб узяў мяшэчак і грошы і разгублена прыціснуў іх да грудзей. «Цяпер глядзі туды, — сказаў настаўнік і павярнуўся, паказваючы на ўсход. — Гэта дарога ў Тынгіт. Датуль дзве гадзіны хады. У Тынгіце — прэфектура і паліцыя. Цябе там чакаюць». Араб глядзеў на ўсход, па-ранейшаму прыціскаючы да грудзей мяшэчак і грошы. Дару ўзяў яго за руку і бесцырымонна павярнуў на дзевяноста градусаў. Каля падножжа пагорка, на якім яны стаялі, была відаць ледзь прыкметная сцяжынка, якая вяла на поўдзень. «Гэтая сцяжынка перасякае ўзгор'е. Праз дзень ты дойдзеш да палёў і знойдзеш там качэўнікаў. Паводле сваіх законаў яны прымуць цябе і дадуць прытулак». Араб павярнуўся да Дару, і на твары ў яго ўзнікла нешта накшталт панікі. «Слухай», — сказаў ён. Але Дару пакруціў галавой. «Маўчы, не трэба нічога казаць. Цяпер я пакідаю цябе аднаго». Ён павярнуўся спінаю да араба і ступіў некалькі крокаў да школы, потым спыніўся, яшчэ раз нерашуча зірнуў назад і нарэшце пайшоў. Нейкі час ён чуў толькі гук сваіх крокаў па мёрзлай зямлі. Ён не азіраўся. Але праз некалькі хвілін усё ж не вытрымаў і павярнуў галаву. З апушчанымі рукамі араб стаяў на тым самым месцы на краі пагорка і глядзеў настаўніку ўслед. Дару адчуў, як да горла падкаціў камяк. Але ён толькі нервова вылаяўся, шырока махнуў рукой і рушыў далей. Ён ужо быў далёка, калі спыніўся і паглядзеў зноў. На пагорку нікога не было.

Дару занепакоіўся. Сонца ўзышло даволі высока і пачынала ўжо прыпякаць. Настаўнік павярнуў назад. Спачатку ён ішоў нерашуча, але потым усё хутчэй, і пакуль дабраўся да пагорка, увесь уваўрэў. Ён стрымгалоў узляцеў на вяршыню і спыніўся, пераводзячы дых. На поўдні скалістыя палі рэзка акрэсліваліся на фоне блакітнага неба, а на ўсходзе па-над раўнінай ужо пачынала ўзнімацца спякотнае мроіва. І недзе там, у гэтай празрыстай смузе, Дару з болем у сэрцы ўбачыў араба, які марудна цягнуўся па дарозе ў выгнанне.

Пазней, у класе, настаўнік стаяў каля акна і глядзеў кудысьці перад сабой, не заўважаючы зыркага жоўтага святла, якое абрыналася з высокага неба і запаўняла ўвесь горны абшар. Ззаду на чорнай дошцы між звілін французскіх рэк чыясьці няўмелая рука накрэмзала крэйдаю надпіс, які ён толькі што прачытаў: «Ты выдаў нашага брата. Ты заплаціш за гэта». Дару глядзеў на неба, на ўзгор'е і туды, дзе за даляглядам нябачныя землі распасціраліся да самага мора. У гэтым бязмежным краі, які ён некалі так любіў, ён быў адзін.


Бэрнар Клавэль

Бізун

Мішэлю Борвічу


Цырк братоў Зэпіно прыехаў на плошчу якраз раніцай. Поль Нанервіч бачыў, як выплылі фургончыкі на рагу Гран-ру і дарогі на Раан і спыніліся потым ля тытунёвай крамы. Ён падышоў бліжэй. Была субота, і плошча хутка напаўнялася людзьмі. У натоўпе Поль пазнаў некалькі рабочых з цагельні. Побач з ім стаяў стары Перэс, які трымаў у руках гаспадарчую сумку, адкуль вытыркаліся цыбуліны. Стары Перэс працаваў разам з Полем у адным цэху на абпалцы цэглы. Амаль за 30 гадоў працы цела Перэса набыло нейкі шэры, зямлісты колер. Чалавек высах, і нават на яго вачах ужо не было ніякіх прыкмет вільгаці, а калі яго павекі варушыліся, то здавалася, што вось-вось пачуеш шоргат пясчынак. Поль нячутна наблізіўся да Перэса і дакрануўся да яго сумкі. Стары павярнуўся і ўсміхнуўся.

— Здароў, палячок.

У вуснах Перэса гэтае слова не мела нічога абразлівага. Поль ведаў гэта і таксама ўсміхнуўся.

— Дык што, — працягваў стары, — пойдзеш у цырк вечарам?

Поль паціснуў плячамі.

— Гэта ж не цырк, а так, вандроўнікі.

— Ну чаму, проста маленькі, але ўсё ж цырк.

— Ды яно, відаць, так.

— Вось да вайны часта прыязджаў цырк. У іх тады былі добрыя нумары. Цяпер, мусіць, ім стала цяжэй. Цяпер — тэлевізар, кіно, а ім гэта не на руку.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Кавказ
Кавказ

Какое доселе волшебное слово — Кавказ! Как веет от него неизгладимыми для всего русского народа воспоминаниями; как ярка мечта, вспыхивающая в душе при этом имени, мечта непобедимая ни пошлостью вседневной, ни суровым расчетом! ...... Оно требует уважения к себе, потому что сознает свою силу, боевую и культурную. Лезгинские племена, населяющие Дагестан, обладают серьезными способностями и к сельскому хозяйству, и к торговле (особенно кази-кумухцы), и к прикладным художествам; их кустарные изделия издревле славятся во всей Передней Азии. К земле они прилагают столько вдумчивого труда, сколько русскому крестьянину и не снилось .... ... Если человеку с сердцем симпатичны мусульмане-азербайджанцы, то жители Дагестана еще более вызывают сочувствие. В них много истинного благородства: мужество, верность слову, редкая прямота. Многие племена, например, считают убийство из засады позорным, и у них есть пословица, гласящая, что «врагу надо смотреть в глаза»....

Александр Дюма , Василий Львович Величко , Иван Алексеевич Бунин , Тарас Григорьевич Шевченко , Яков Аркадьевич Гордин

Поэзия / Путешествия и география / Проза / Историческая проза / Малые литературные формы прозы: рассказы, эссе, новеллы, феерия