— У мяне яшчэ ёсць дзве ці тры... Рэшта прададзена, вам гэта добра вядома. Вы ж пастаўляеце мне зусім мала карцін.
— Тады, можа, вы мне растлумачыце, як раптам сталася, што за карціну, якая паўгода назад каштавала дзесяць — дванаццаць мільёнаў, цяпер у Друо даюць ад сілы мільён?
— Таму, што я не магу падтрымліваць такія цэны. Я не магу выкупіць карціну за дванаццаць мільёнаў, гэта немагчыма. Зрэшты, калі я куплю, то ўсе выкінуць свае карціны на рынак і ўтворыцца заганнае кола. Калі нават дапусціць, што я куплю адну ці дзве, то дваццаць купіць я не змагу.
— Але нашто тады заключаць кантракт, калі камісіянер не датрымліваецца сваіх абавязацельстваў?
— Я не магу. Іх ужо сталі мне вяртаць. Як, скажыце, я магу купляць іх за тую цану, за якую прадаў? Нават за палову цаны не магу.
— Яшчэ добра, што музеі не прадаюць, — з горыччу сказаў Дуаен.
— Так, але я вам не сказаў, што васемнаццатага мае адбыцца аўкцыён у Версалі і там будуць прадстаўлены чатыры вашыя карціны, сярод якіх «Зорны маятнік». Гэта карціна, якая яшчэ тры месяцы назад каштавала дзесяць ці дванаццаць мільёнаў.
— Каму гэтыя карціны належаць?
— Ну, я не ведаю. Гэта ўсё з калекцыі таго антыквара, які прадаў іх невядома каму. Я не разумею, чаму вас гэта турбуе. Справы могуць пайсці трохі горш, нават значна, але пры тых рэцэнзіях у друку, якія вы мелі на працягу двух гадоў, тых цэнах, якія на вас былі, і выстаўках, нават калі справы пойдуць значна горш, то ў гэтым няма нічога драматычнага. Цяпер наогул мала хто прадае.
— Сачыце за распродажам васемнаццатага, — сказаў Дуаен.
Увечары галубы з яблыкамі мелі неверагодны поспех, а калекцыя Элы папоўнілася чатырма невялічкімі кактусамі. Але Дуаену было не па сабе. Жуж званіў, што яму прапаноўваюць карціну Дуаена па не такой ужо і вялікай цане. А Муаўр з абурэннем распавядаў, што адзін маклер прапанаваў яму два мільёны за палатно, за якое летась даваў у тры разы больш.
— Я не хацеў прадаваць, — сказаў Муаўр, — нашае шчасце, што мы не практычныя людзі.
Усе замаўчалі і задумаліся. Прыйшоў Партэн, хоць ён па-ранейшаму ненавідзеў Муаўра. Ён лічыць, што трэба цясней згуртавацца. Ён чуў, што пра Дуаена кажуць небяспечныя рэчы. Хаця ўсе яны старанна трымаліся ў баку ад палітыкі, але не маглі не думаць, што нейкі час у іх на сценах віселі карціны іхняга сябра, якія сталі скарбамі і якія цяпер рабіліся тым, чым былі, ці амаль тым, калі так будзе працягвацца.
— Гэта проста жахліва, уся гэтая спекуляцыя... — сказаў Партэн. — Людзі ставяцца да мастакоў, як да акцый на біржы. Грошы не павінны ніколі быць замяшаныя тут.
— На нашых вачах нікчэмнасці, мастакі накшталт Кервэна, страшэнна падняліся ў цане, — сказаў Муаўр. — Я нічога не маю супраць бедалагі, вечны яму спакой, але ж гэты жывапіс, у сутнасці, не ўяўляе сабой нічога, нічога, нічога.
— Хто гэта? — спытаўся Дуаен.
— Яшчэ крыху соўсу? — сказала Эла.
— Дзякаваць богу, Дуаен стаіць у баку ад гэтых брудных гісторый, — сказаў Партэн. — Жуж мне сёння казаў, што, нягледзячы на ўсё, пазіцыі Дуаена моцныя. За ім стаяць усе музеі, якія набылі яго карціны. Калі цэны ўпадуць...
— Калі цэны ўпадуць, то ўпаду і я, — сказаў Дуаен. — Гэта недарэчна, але яно так. Таму я не ўпаду.
— Брава, — сказала Эла.
Яны, не без захаплення, пераглянуліся. Дуаен пацэліў у кропку. Яго нічога не пахісне, нават самая страшная спекуляцыя. Пытанне, як дзейнічаць, перад ім не стаіць. Ён ставіць палатно на мальберт. Усе садзяцца паўколам. Праз нейкі момант, вельмі насычаны, калі ўсе маўчаць, пачынаецца доўгая размова пра карціну.
З гэтага дня Дуаен пачаў скупляць уласныя карціны. Два разы на месяц ён хадзіў на аўкцыён, дзе плаціў вельмі высокія цэны. Адчуванне нейкай адрынутасці надавала цяпер суботнім вячэрам яшчэ большую палкасць захаплення, нібы Дуаен падняўся на неба ці на Галгофу і зноў спусціўся да сваіх верных вучняў. Сам ён знаходзіў таемнае задавальненне, купляючы за такую цану карціны, вельмі падобныя да тых, якія ён толькі што намаляваў. Але яны цаніліся ў Парыжы ўсё менш і менш, бо ніхто, акрамя ягоных сяброў, яго не падтрымліваў. Часам іх купляў недасведчаны або вельмі заўзяты калекцыянер. На шчасце, нягледзячы на ўсе аферы вакол мастака, нешта ўсё-такі застаецца і ад яго самога.
Калі грошы скончыліся, Дуаен стаў эканоміць, каб купляць, і нават пазычаць.
— Дзякуй богу, — казала Эла, — што гэтая гісторыя здарылася з такім чалавекам, як ён. Калі б гэта звалілася на пасрэднага мастака, той бы ўжо ніколі не падняўся.
Тым часам у Парыжы толькі і гаварылі, што пра мастака Кервэна, які памёр на дасвецці свайго поспеху і вялікая выстаўка творчасці якога рыхтавалася.
Ален Роб-Грые
Сцэна
Калі заслона адчыняецца, першае, што відаць з залы — паміж чырвонымі аксамітнымі крысамі, якія паволі разыходзяцца ў бакі, — першае, што відаць, — чалавек. Ён сядзіць за рабочым сталом пасярод ярка асветленай сцэны, спінай да гледачоў.
Александр Иванович Куприн , Константин Дмитриевич Ушинский , Михаил Михайлович Пришвин , Николай Семенович Лесков , Сергей Тимофеевич Аксаков , Юрий Павлович Казаков
Детская литература / Проза для детей / Природа и животные / Малые литературные формы прозы: рассказы, эссе, новеллы, феерия / Внеклассное чтение