— Павальней, той самы рух! Пачніце зноў ад дзвярэй: спачатку ступаеце адзін крок, назад — толькі адзін — і спыняецеся, секунд на пятнаццаць-дваццаць. Потым зноў, задам, адыходзіце да стала, але намнога павальней.
Ізноў чалавек ля дзвярэй, павярнуўся да іх тварам — гэта значыць, па-ранейшаму — спінай да залы. Здаецца, ён намагаецца нешта пачуць — тое, што адбываецца там, па той бок. У зале не чуваць ні гуку. Не азіраючыся, чалавек ступае адзін раз — назад — і нерухомее. Праз нейкі час — зноў, задам, пачынае адыходзіць да стала, дзе яго чакае твор, — вельмі павольна, роўнай, бязгучнай хадой, ступае дробна, не зводзіць вочы з дзвярэй. Рухаецца па прамой, увесь час з аднолькавай хуткасцю. Ногі ледзь варушацца, цела — абсалютна нерухомае, абедзве рукі — таксама, крыху разведзеныя, не датыкаюцца да бакоў, ледзь прыкметна сагнутыя.
Наблізіўшыся да стала, ён кладзе правую руку на рог і, каб абысці стол з левага боку, трошкі мяняе напрамак руху. Цяпер, мацаючы край стала, ён ідзе перпендыкулярна рампе... потым, калі мінае рог, — паралельна... і зноў сядае на крэсла, засланяе шырокаю спінай паперу, якая ляжыць перад ім.
Глядзіць на паперу, потым — на чырвоныя фіранкі акна, потым зноў — на дзверы; і, пазіраючы ў гэты бок, невыразна прамаўляе некалькі словаў, чатыры ці пяць.
— Гучней! — кажа рупар у зале.
— Тут, зноў, маё жыццё, цяпер... — прамаўляе натуральны голас — голас чалавека на сцэне.
— Гучней! — кажа рупар.
— Тут, зноў, маё жыццё, цяпер... — паўтарае чалавек, павышаючы голас.
Потым зноў схіляецца над творам.
Анры дэ Рэнье
Тайна графіні Барбары
Чалавек, дзіўную споведзь якога вы зараз прачытаеце, быў з вядомай венецыянскай сям'і. Кажу — быў, таму што за некалькі тыдняў да таго, як я пазнаёміўся з дакументам, які прапаноўваю вашай увазе, аўтар яго памёр у шпіталі на востраве Сан Сэрвола, дзе ён знаходзіўся ў зняволенні доўгія гады.
Няма ніякіх сумненняў, што менавіта гэтая акалічнасць, яна, і толькі яна дазволіла пану С., шаноўнаму дырэктару лякарні, у якой знаходзіліся псіхічна хворыя людзі, пазнаёміць мяне з гэтай сімпатычнай лухтою. Праўда, я меў да яго найлепшыя рэкамендацыі маіх знакамітых старэйшых калег, і псіхамедыцынскія даследаванні, дзеля якіх я і з'явіўся ў шпіталь, былі гарантыяй маіх добрых намераў. Ён ведаў, што я не стану злоўжываць прызнаннямі нябожчыка, яго былога пансіянера. Таму ён без ваганняў задаволіў маю просьбу зняць з дакумента, які я цяпер публікую, копію.
Зрэшты, я раблю гэта, нічога не баючыся, бо падзеі, пра якія ідзе ў дакуменце гаворка, адбыліся дваццаць пяць гадоў таму. І роўна дваццаць мінула з тае пары, калі назіранні, якімі я жыў тады (пазней мною самім і спыненыя), прывялі мяне ў Горад Дожаў. У той час назіранні гэтыя да таго захаплялі мяне, што мне і ў галаву не прыходзіла любавацца маляўнічымі, паэтычнай прыгажосці выдатнасцямі Венецыі. Я спехам, мімаходзь агледзеў яе помнікі і ні разу і не падумаў аддацца салодкаму і вытанчанаму адпачынку, які прапаноўвае свайму шчасліваму госцю гэты адзіны ў свеце горад, дзе можна амаль што цалкам забыцца на сучаснае жыццё.
Сярод столькіх пекных помнікаў, якія я бачыў упершыню ў жыцці, я быў заняты толькі сваёю працай. Цяпер я гляджу на ўсё зусім інакш і, прызнаюся, з пэўнай пагардаю згадваю былога наведніка Венецыі, які жыў у ёй, як і ў любым іншым горадзе, для якога базіліка святога Марка была толькі адной з многіх падобных адна на адну мясцін і які нават Палац Дожаў акідваў няўважным позіркам. Але, я дайшоў у рэдкай сваёй абыякавасці да таго, што пасяліўся побач з вакзалам! Выбіраючы жытло, я ўлічыў толькі яго ўтульнасць і невысокую цану. З гэтых прызнанняў вы добра бачыце, што пачуццё прыгажосці было ўва мне ў тыя гады атрафіравана настолькі, што самымі цікавымі мясцінамі былі для мяне ў Венецыі кавярня Фларыяна, шэрбет якой быў вельмі мне даспадобы, Лідо, дзе я любіў купацца, і востраў Сан Сэрвола, дзе шаноўны дырэктар размешчанай на ім лякарні даваў мне, зацікаўлены маімі даследаваннямі, свае дужа каштоўныя парады.
Ах, што за мілы чалавек быў гэты сіньёр С!.. Я дагэтуль са шчымліваю асалодаю згадваю нашы гамонкі ў яго рабочым кабінеце на востраве вар'ятаў. Вокны гэтага пакоя выходзілі на тэрасу з трыма рознага росту кіпарысамі, адкуль адкрываўся шырокі від на лагуну, у накірунку Маламока і К'ёджы. Мы часта спыняліся, каб пагаварыць, менавіта на тэрасе. Там заўсёды была дзівосная цішыня, якую зрэдку парушалі крыкі з аддзялення цяжкахворых або, у гадзіны адліву, важданіна пацукоў, незлічоная процьма якіх кішэла ў ціне ля падножжа муроў.
Пад час аднае з такіх гамонак на тэрасе і перадаў мне пан С. дакумент, які вы зараз прачытаеце і які я пераклаў са зробленай копіі.
ЛЯКАРНЯ-ВАР'ЯТНЯ НА САН СЭРВОЛА
12 траўня 18.. года
«Цяпер, калі я пэўна і канчаткова прызнаны вар'ятам і запратораны ў гэтую лякарню, напэўна, да скону маіх дзён, нічога болей не замінае мне праўдзіва і дакладна расказаць пра падзею, пасля якой я і трапіў сюды.
Александр Иванович Куприн , Константин Дмитриевич Ушинский , Михаил Михайлович Пришвин , Николай Семенович Лесков , Сергей Тимофеевич Аксаков , Юрий Павлович Казаков
Детская литература / Проза для детей / Природа и животные / Малые литературные формы прозы: рассказы, эссе, новеллы, феерия / Внеклассное чтение