Мне прыйшлося чакаць, пакуль Адаарда вернецца з Рыма, куды ён паехаў на нейкае тэатральнае відовішча. Урэшце дзень сустрэчы настаў. Адаарда згадзіўся прыняць мяне ў шэсць гадзін. А палове шостай я рушыў да Палаца Грыманэлі.
Я дбайна падрыхтаваўся. У кішэні ў мяне быў кляп і надзейная вяроўка, не забыўся я і пра рэвальвер. Быў я вельмі спакойны. Турбавала хіба што адна толькі думка: дзе прыме мяне Адаарда — у курыльным пакоі або ў галерэі з фрэскамі? Лепш было б каб у курыльні, больш аддаленай ад астатніх памяшканняў, у якіх маглі знаходзіцца людзі, але я быў гатовы і да размовы ў галерэі. У любым выпадку я быў упэўнены ў поспеху. Адаарда не стане зацята супраціўляцца, і пасля таго, як я завалодаю тайнаю, ён, мусібыць, нават даруе мне абраныя мною сродкі.
З такімі думкамі я дайшоў да Палаца Грыманэлі. Слуга прывёў мяне ў галерэю. Дайшоўшы да верху лесвіцы, ён спусціўся ўніз. Я ціха ўвайшоў. Адаарда стаяў якраз каля фрэскі Лонгі, разглядаючы яе з такою ўвагаю, што я здолеў падысці да яго зусім непрыкмечаным. Ён і крыкнуць не паспеў, як ляжаў ужо з кляпам у роце на падлозе. Выцершы з лоба пот, я выняў рэвальвер і стаў тлумачыць, чаго дамагаюся. Чым больш я гаварыў, тым больш Адаарда бляднеў. Здавалася, ён і не слухаў мяне, а вочы яго ўтупіліся ў нейкую кропку на сцяне. Тое, што я ўбачыў, уяўляла сабою відовішча настолькі жахлівае, што рэвальвер выпаў з маёй рукі і я здранцвеў ад жаху.
На фрэсцы спакваля ажывала на нашых вачах графіня Барбара! Спачатку яна варухнула адным пальцам, потым — запясцем, пасля — рукою, затым — другой, нарэшце павярнула раптам галаву, ступіла ўперад адзін крок, другі... Я бачыў, як кіравалася яна да мяне. Але, гэта было так — графіня Барбара сыходзіла са сцяны! Сцяны, на якой яе нерухомы вобраз заставаўся на працягу ста пяцідзесяці гадоў у палоне фарбаў. Сумненняў быць не магло: на тым месцы, якое займала яна на фрэсцы, віднелася цяпер велізарная белая пляма. Графіня Барбара сама сышла ўніз абараніць таямніцу, за якую некалі, бясспрэчна, яна і прадала сваю душу д'яблу. Цяпер яна была за два крокі ад мяне. Раптам я адчуў на сваім плячы ледзяны холад яе цяжкай рукі. Вочы яе загадна праціналі ўсю маю істоту.
Калі я апрытомнеў, то быў ужо прывязаны рамянямі да ложка. Адаарда гаманіў з сівабародым панам, шаноўным доктарам лякарні на Сан Сэрвола. Мае бацькі былі побач са мною — яны плакалі. На маленькім століку ляжалі кляп, вяроўка і рэвальвер. На маё шчасце, я быў прызнаны вар'ятам, інакш гэтыя рэчавыя доказы маглі б прывесці мяне да канца шмат горшага.
А які ж час назад мне так мала заставалася да разгадкі вялікае тайны!.. Калі б не гэтая праклятая графіня...»
Ужо шмат гадоў прайшло з тае пары, як загубіліся сярод мноства маіх папер прызнанні пансіянера з вострава Сан Сэрвола, калі месяц назад я прыехаў, каб адпачыць, на два тыдні ў Венецыю.
Аднаго разу, прагульваючыся па плошчы святога Марка, я сустрэў свайго сябра Жуля д'Эскулака.
— Хадзем, зірнем на фрэскі Лонгі з Палаца Грыманэлі, якія мне прапаноўваюць купіць, — сказаў ён мне. — Граф Адаарда памёр нядаўна ў Лондане, і дзеці яго прадаюць іх. Яны нагадваюць фрэскі з Палаца Грасі.
Грыманэлі! Я адразу звярнуў увагу на гэтае імя. Дзе я яго чуў?
Я пайшоў разам з сябрам.
— Шкада толькі, — сказаў ён мне па дарозе, — што фрэска вельмі папсаваная: на ёй не стае адной постаці. Здаецца, гэта здарылася гадоў дваццаць таму. Сцяна не то трэснула, не то аблупілася. Гэтыя венецыянцы такія нядбайныя, а граф даўно ўжо не жыў у сваім палацы!
Мы прыйшлі ў палац. Знаходзіўся ён у Сан Стаз, зусім непадалёк ад Вялікага Канала. Вартаўнік правёў нас наверх.
Фрэска Лонгі займала цэлы перасценак галерэі. На ёй была выява людзей за картачным сталом. У сярэдзіне, на самай справе, бялела вялікая пляма.
Тады я і ўспомніў. На месцы гэтае плямы колісь можна было ўбачыць графіню Барбару...
І ў той час як Жуль д'Эскулак размаўляў на тутэйшай гаворцы з вартаўніком, я адчуваў, пазіраючы на фрэску і згадваючы перапісаны некалі дакумент, жудасную збянтэжанасць.
Франсуаза Саган
Італійскае неба
Вечарэла. Мілесу здавалася, што неба памірае. Толькі на фоне чорнага сілуэта ўзгорка свяцілася адна белая палоска.
Мілес уздыхнуў, яго рука пацягнулася да бутэлькі з каньяком. Гэта быў цудоўны залацісты французскі каньяк, ад якога адразу станавілася цёпла. Усе іншыя напіткі Мілесу здаваліся халоднымі, і ён ніколі іх не піў. Гэты ж адзіны... Аднак гэта ўжо была чацвёртая ці пятая порцыя, і жонка запратэставала:
— Мілес! Прашу цябе. Ты ўжо п'яны. Ты не ўтрымаеш ракетку. Мы ж запрасілі Сіместраў на партыю, і яны будуць гуляць адны. Досыць ужо табе піць.
Мілес, трымаючы бутэльку, заплюшчыў вочы, у якіх неяк раптам з'явілася стома.
— Мая дарагая Маргарэт, — пачаў ён, — калі ты дапусціш...
І ён спыніўся. Вось ужо 10 гадоў, як ён гуляў у тэніс, гаварыў «хэло», паляпваў сяброў па плячы, чытаў газету ў сваім клубе — і яна ніколі не дапускала, што ён мог стаміцца.
— Вось і Сіместры, — сказала Маргарэт. — Трымайся! Прашу цябе! У такой паважанай сям'і, як наша...
Александр Иванович Куприн , Константин Дмитриевич Ушинский , Михаил Михайлович Пришвин , Николай Семенович Лесков , Сергей Тимофеевич Аксаков , Юрий Павлович Казаков
Детская литература / Проза для детей / Природа и животные / Малые литературные формы прозы: рассказы, эссе, новеллы, феерия / Внеклассное чтение