Читаем Гронкі гневу полностью

Уінфілд сказаў:

— Та, я хачу злезці.

Том глянуў на яго.

— Не шкодзіла б усіх спусціць да цемнаты. — Ён збавіў хуткасць і спыніў машыну. Уінфілд саскочыў на зямлю і памачыўся на краі шашы. Том высунуўся з кабіны. — Яшчэ каму трэба?

— Пацерпім, — адгукнуўся дзядзька Джон.

Бацька сказаў:

— Ты, Уінфілд, лезь наверх. У мяне ногі знямелі цябе трымаць. — Хлопчык зашпіліў штаны, паслухмяна ўскараскаўся на грузавік па заднім борце і пералез на карачках цераз бабчын матрац бліжэй да Руці.

Машына ішла насустрач нізкаму сонцу, якое ўжо дакранулася краем да няроўнай рысы гарызонту, заліўшы густой чырванню ўсю пустыню.

Руці сказала Ўінфілду:

— Што, прагналі?

— Я сам не захацеў. Тут лепш. Там легчы няма дзе.

— Толькі сядзі ціха, не балбачы, — сказала Руці, — бо я хачу заснуць — прачнуся, а мы ўжо на месцы! Так Том сказаў. Цікава будзе паглядзець — прыгожы, кажуць, край.

Сонца зайшло, пакінуўшы на небе вялікі зіхатлівы круг. Пад брызентам стала цёмна, як у тунелі з прасветлінамі ў абодвух канцах, трохвугольнымі прасветлінамі.

Коні і Ружа Сарона сядзелі, прыхінуўшыся да кабіны, і гарачы вецер, які ўрываўся пад навес, біў ім у патыліцу, а брызент ляпаў і гуў, як барабан, у іх над галавой. Яны ціха перамаўляліся пад ляпанне брызенту, каб ніхто іх не чуў. Коні паварочваў галаву і шаптаў жонцы на вуха, і Ружа Сарона, адказваючы, рабіла тое самае. Яна сказала:

— Мы адно толькі робім — едзем і едзем, і, здаецца, ніколі канца гэтаму не будзе. Мне надакучыла.

Коні павярнуўся да яе вуха:

— Можа, раніцай… Ты б хацела, каб мы пабылі адны? — У змроку ён пагладзіў рукою яе бядро.

Яна сказала:

— Не трэба. А то я завядуся, як шлюха. Кінь. — І павярнулася вухам да яго, каб пачуць, што ён адкажа.

— Можа… калі ўсе заснуць.

— Можа… — сказала Ружа Сарона, — Толькі пачакай, пакуль заснуць.

— Я больш не магу, — сказаў Коні.

— Ведаю. Я таксама. Давай пагаворым, як там усё будзе, а ты адсунься, пакуль галава ў мяне не закружылася.

Коні крыху адсунуўся.

— Значыць, адразу, як прыедзем, я пачну вучыцца вечарамі, — сказаў ён. Ружа Сарона глыбока ўздыхнула. — Я дастану кніжачку такую, дзе ўсё пра гэта гаворыцца, выражу з яе падпісны бланк і адразу пашлю.

— А чакаць доўга давядзецца?

— Чаго чакаць?

— Калі ты пачнеш зарабляць вялікія грошы і ў нас будзе лёд.

— Гэта цяжка сказаць, — важна прамовіў Коні. — Загадзя сказаць не магу. Да Каляд, а то і раней, думаю, вывучуся.

— Ты вывучышся, і мы купім сабе лёд і ўсё астатняе, так?

Коні хмыкнуў:

— Гэта ў цябе ад спёкі. Нашто табе лёд на Каляды?

Ружа Сарона ўсміхнулася:

— І праўда. Але так хочацца, каб ён у нас заўсёды быў. Ну, перастань. А то я завядуся!

Сутонне перайшло ў цемру, і лагоднае неба над пустыняй усыпалі зоркі — калючыя, вострыя, з рэдкімі кароткімі і доўгімі промнямі. І гарачыня стала іншая. Пакуль сонца стаяла ў небе, гарачыня хвастала, працінала наскрозь, а цяпер яна падымалася знізу, ад зямлі, і шчыльна ахінала людзей. Загарэліся фары, і цьмяна завіднеўся наперадзе кавалак шашы і паласа пустыні абапал яе. Час ад часу ўдалечыні паблісквалі вочы якой-небудзь жывёліны, але самой яе не было відаць. Пад брызентам цяпер зрабілася зусім цёмна. Дзядзька Джон і прапаведнік ляжалі, скурчыўшыся і апіраючыся на локці, пасярэдзіне грузавіка і глядзелі на дарогу праз задні трохкутны праём навеса. Бліжэй да задняга борта яны бачылі два няясныя выступы — гэта былі бабка і маці; маці раз-пораз варушылася, і ў праёме мільгалі абрысы яе рукі.

Дзядзька Джон загаварыў з прапаведнікам.

— Кейсі, — сказаў ён, — ты павінен ведаць, што з гэтым рабіць.

— З чым?

— Не ведаю, — адказаў дзядзька Джон.

Кейсі сказаў:

— Нялёгкую ты мне задачу задаў!

— Ты ж быў прапаведнікам.

— Паслухай, Джон, усе мне тыцкаюць — прапаведнік, прапаведнік… А прапаведнік такі самы чалавек, як і ўсе іншыя.

— То так, але… ён… чалавек асаблівы, інакш які ж ён прапаведнік. Я вось што хацеў спытацца… як па-твойму, можа так быць, што прыносіш людзям няшчасце?

— Не ведаю. Не ведаю.

— Ну, разумееш… была ў мяне жонка… прыгожая, добрая. Неяк ноччу забалеў у яе жывот. І папрасіла яна: «Прывядзі доктара». А я кажу: «Яшчэ чаго. Ты проста аб'елася». — Дзядзька Джон паклаў руку на калена прапаведніку і пачаў узірацца ў цемры ў яго твар. — Як яна на мяне паглядзела! Усю ноч стагнала і назаўтра днём памерла. — Прапаведнік нешта прамармытаў. — Разумееш? — гаварыў далей Джон. — Я забіў яе. І з таго дня ўсё стараўся выкупіць сваю віну, рабіць дабро… усё больш дзецям. І жыць захацеў дабром, а не магу. Напіваюся, распуснічаю.

— Усе распуснічаюць, — сказаў Кейсі. — Я таксама.

— То так, але ў цябе няма грэху на душы.

Кейсі мякка сказаў:

— Як няма — ёсць. Усе не без грэху. Грэх — гэта тое, у чым ты не адчуваеш упэўненасці. А тых, хто ва ўсім упэўнены і не ведае за сабой грахоў, тых сукіных сыноў я, на месцы бога, гнаў бы выспяткам у зад з царства нябеснага. Цярпець іх не магу!

Дзядзька Джон сказаў:

— У мяне такое адчуванне, быццам я сваім родным няшчасце прыношу. Думаю, ці не пайсці ад іх. Гэтак жыць больш не магу.

Кейсі адказаў адразу:

Перейти на страницу:

Похожие книги

Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй
Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй

«Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй» — это очень веселая книга, содержащая цвет зарубежной и отечественной юмористической прозы 19–21 века.Тут есть замечательные произведения, созданные такими «королями смеха» как Аркадий Аверченко, Саша Черный, Влас Дорошевич, Антон Чехов, Илья Ильф, Джером Клапка Джером, О. Генри и др.◦Не менее веселыми и задорными, нежели у классиков, являются включенные в книгу рассказы современных авторов — Михаила Блехмана и Семена Каминского. Также в сборник вошли смешные истории от «серьезных» писателей, к примеру Федора Достоевского и Леонида Андреева, чьи юмористические произведения остались практически неизвестны современному читателю.Тематика книги очень разнообразна: она включает массу комических случаев, приключившихся с деятелями культуры и журналистами, детишками и барышнями, бандитами, военными и бизнесменами, а также с простыми скромными обывателями. Читатель вволю посмеется над потешными инструкциями и советами, обучающими его искусству рекламы, пения и воспитанию подрастающего поколения.

Вацлав Вацлавович Воровский , Всеволод Михайлович Гаршин , Ефим Давидович Зозуля , Михаил Блехман , Михаил Евграфович Салтыков-Щедрин

Проза / Классическая проза / Юмор / Юмористическая проза / Прочий юмор