Читаем Гронкі гневу полностью

Том глянуў на бацьку:

— Што за д'ябальшчына?

Бацька паціснуў плячамі. Ён разглядаў лагер. Перад адной палаткай стаяў стары «б'юік» са знятым капотам. Нейкі малады чалавек прыціраў клапаны і, круцячы корбу, раз-пораз кідаў позірк на грузавік Джоўдаў. Яны заўважылі, што ён цішком пасмейваецца. Калі барадач схаваўся за дзяругай, малады чалавек кінуў працу і падышоў да Джоўдаў.

— Здарова! — павітаўся ён, і яго блакітныя вочы весела бліснулі. — Ну, пазнаёміліся з нашым мэрам?

— Што з ім такое? — запытаўся Том.

Малады чалавек хмыкнуў:

— Ды нічога. Ён такі самы чокнуты, як мы з табой. Можа, трохі горшы, хто ведае.

Бацька сказаў:

— Я толькі спытаўся ў яго, ці можна тут стаць на прывал.

Малады чалавек выцер замасленыя рукі аб штаны.

— Ну, канешне, можна. Чаму ж не? Вы нядаўна сюды прыехалі?

— Ага, — адказаў Том. — Толькі сёння раніцай.

— Першы раз у Гувервілі?

— У якім Гувервілі?

— Ды вось у гэтым самым.

— А-а… — працягнуў Том. — Мы толькі што пад'ехалі.

Уінфілд і Руці вярнуліся, несучы ўдваіх вядро вады.

Маці сказала:

— Давайце раскладвацца. Я зусім знемаглася. Можа, тут адпачнём.

Бацька і дзядзька Джон залезлі на грузавік і пачалі знімаць з яго брызент і матрацы.

Том падышоў да маладога чалавека і пайшоў з ім да машыны, якую той рамантаваў. Шліфавальны станочак ляжаў на блоку, а на вакуумным бачку прымасцілася бляшанка з наждачным саставам. Том запытаўся:

— А што з ім за чорт, з гэтым барадачом?

Малады чалавек узяў сваю корбу і зноў пачаў прыціраць клапан да гнязда.

— З мэрам? А бог яго ведае. Напэўна, ачмурэў.

— Як гэта — ачмурэў?

— Яго, пэўна, палісмены так заганялі, што яшчэ і цяпер у яго ў мазгах кручэнне.

— А нашто ганяць такога?

Малады чалавек адклаў убок корбу і глянуў Тому проста ў вочы.

— А бог іх ведае, — сказаў ён. — Ты толькі што прыехаў. Можа, ты разважыш, у чым тут справа. Адны так гавораць, другія гэтак. Вось пажывеш крыху на адным месцы, а там заявіцца шэрыфскі памагаты і пагоніць цябе далей. — Ён прыпадняў клапан і змазаў гняздо наждачнай масай.

— А навошта?

— Кажу ж табе — не ведаю. Некаторыя тлумачаць гэта тым, што яны нібыта не хочуць, каб мы ў выбарах удзельнічалі, вось і ганяюць з месца на месца. А іншыя кажуць — каб не даваць нам дапамогі. А яшчэ я такое чуў: каб мы не маглі разам сабрацца і арганізавацца. Я ўвесь час на колах — адусюль гоняць. Пачакай, на сабе адчуеш.

— Мы не бадзягі якія, — упарціўся Том. — Мы працы шукаем. Мы гатовыя на любую работу.

Малады чалавек на момант кінуў прыладжваць корбу да шліца клапана і здзіўлена глянуў на Тома.

— Працы шукаеце? А-а… шукаеце працы… А ўсе астатнія чаго, па-твойму, шукаюць? Алмазаў? Я сабе ўжо ўвесь зад ушчэнт сцёр, а чаго я шукаю, як ты думаеш? — Ён крутнуў корбу ўзад і ўперад.

Том паглядзеў на панылыя палаткі, на розную старызну і хлам каля іх, на дапатопныя машыны, на праляжаныя, камлякаватыя матрацы, вынесеныя на сонца, на закураныя бляшанкі над чорнымі ад дыму ямамі, дзе гатавалі ежу, і ціха запытаўся:

— Дык работы няма?

— Пакуль што не. Можа, пазней. Цяпер тут ніякіх ураджаяў не збіраюць. Вінаграду рана, бавоўне таксама яшчэ рана. Мы далей едзем, вось толькі клапаны прытру. У мяне жонка і дзеці малыя. Мы чулі, далей на поўнач праца ёсць. На поўнач і паедзем, да Салінаса, што недалёка ад узбярэжжа.

Том бачыў, як дзядзька Джон, бацька і прапаведнік нацягваюць на жэрдкі брызент, а маці, апусціўшыся пад ім на калені, змятае пыл з матрацаў. Новых суседзяў кальцом абкружылі людзі, басаногія, мурзатыя, і моўчкі сачылі, як яны асталёўваюцца. Том сказаў:

— Там у нас раздавалі лісткі — такія аранжавыя. У іх пісалася, што тут патрэбна многа народу на збор ураджаю.

Малады чалавек засмяяўся:

— Тут кажуць, трыста тысяч такіх, як мы, і іду ў заклад, што сярод іх не знойдзецца і адной сям'і, якая не бачыла гэтых лісткоў.

— Так, але калі ім не патрэбныя людзі, навошта яны друкуюць такое?

— А ты паварушы, паварушы мазгамі.

— Добра, але ўсё ж скажы.

— Слухай, — сказаў малады чалавек. — Дапусцім, ты прапануеш работу, а ахвотнік на яе знайшоўся толькі адзін. Значыць, колькі ён запросіць, столькі ты яму і дасі. А дапусцім, ахвотнікаў сотня. — Ён адклаў інструмент убок. Пагляд яго пасуравеў, голас загучаў рэзка: — Дапусцім, сто чалавек хочуць атрымаць гэту работу. І дапусцім, у іх ёсць дзеці, і дзеці сядзяць галодныя. За паршывы дзесяціцэнтавік іх можна накарміць маісавай кашай. Дапусцім нават, што і за пяць купіш дзецям міску чаго-небудзь. І такіх, як ён, цэлая сотня. Прапануй ім пяць цэнтаў, і яны з-за гэтай нікелевай манеты горла адзін аднаму перагрызуць. Ведаеш, колькі мне плацілі на апошнім месцы? Пятнаццаць цэнтаў у гадзіну. За дзесяць гадзін паўтара даляра, а жыць там паблізу не дазвалялі. На адну дарогу колькі бензіну перапаліш. — Ён душыўся ад гневу, вочы гарэлі нянавісцю. — Вось таму лісткі гэтыя і друкуюць. А на тыя грошы, якія гаспадары зэканомяць, плацячы па пятнаццаць цэнтаў за цяжкую працу ў полі, можна чортаву процьму такіх лісткоў навыпускаць.

Том сказаў:

— Во дзярмо.

Малады чалавек з'едліва засмяяўся:

— А ты пажыві тут крыху і, калі ўчуеш дзе водар ружаў, пакліч мяне, я таксама панюхаю.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй
Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй

«Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй» — это очень веселая книга, содержащая цвет зарубежной и отечественной юмористической прозы 19–21 века.Тут есть замечательные произведения, созданные такими «королями смеха» как Аркадий Аверченко, Саша Черный, Влас Дорошевич, Антон Чехов, Илья Ильф, Джером Клапка Джером, О. Генри и др.◦Не менее веселыми и задорными, нежели у классиков, являются включенные в книгу рассказы современных авторов — Михаила Блехмана и Семена Каминского. Также в сборник вошли смешные истории от «серьезных» писателей, к примеру Федора Достоевского и Леонида Андреева, чьи юмористические произведения остались практически неизвестны современному читателю.Тематика книги очень разнообразна: она включает массу комических случаев, приключившихся с деятелями культуры и журналистами, детишками и барышнями, бандитами, военными и бизнесменами, а также с простыми скромными обывателями. Читатель вволю посмеется над потешными инструкциями и советами, обучающими его искусству рекламы, пения и воспитанию подрастающего поколения.

Вацлав Вацлавович Воровский , Всеволод Михайлович Гаршин , Ефим Давидович Зозуля , Михаил Блехман , Михаил Евграфович Салтыков-Щедрин

Проза / Классическая проза / Юмор / Юмористическая проза / Прочий юмор