Читаем Гронкі гневу полностью

— Мы з жонкай выехалі разам з усімі нашымі, — сказаў ён. — Там, дома, нам і ў галаву не прыйшло б ад сваіх адбівацца. Проста пра такое мы і думаць не маглі. Але калі мы ўсёй сям'ёй заехалі крыху далей на поўнач, я вярнуўся сюды, а яны рушылі далей, і цяпер адзін бог ведае, куды іх занесла. З таго часу я іх усё шукаю, паўсюль пра іх пытаюся. — Флойд абхопліваў гайкі ключом і раўнамерна падкручваў адну за адной.

Том апусціўся на кукішкі каля машыны і кінуў беглы позірк на рады палатак, між якіх была пратаптана ў траве сцяжынка.

— Не, даражэнькі, — сказаў ён, — маці цябе не адпусціць.

— А, па-мойму, аднаму лягчэй працу знайсці.

— Можа, і лягчэй, толькі яна згоды не дасць.

Да лагера падкацілі дзве перапоўненыя машыны, у людзей, што сядзелі ў іх, выгляд быў панылы. Флойд падняў вочы, але не спытаўся, ці добра з'ездзілі. На іх запыленых тварах адбіваліся смутак і адначасова ўпартасць. Сонца хілілася на захад, і жоўтае яго святло залівала Гувервіль і вярбняк за ім. Дзеці пачалі выходзіць з палатак і разбрыдацца па лагеры. Жанчыны таксама выходзілі і браліся распальваць маленькія вогнішчы. Мужчыны збіраліся невялікімі групамі і, прысеўшы на кукішкі, заводзілі гаворку.

Новенькі двухмесны «шэўрале» з'ехаў з шашы і пакіраваў у самы цэнтр лагера. Ён спыніўся сярод палатак. Том запытаўся:

— Каго гэта яшчэ прынесла. З выгляду яны не тутэйшыя.

— Не ведаю, — адказаў Флойд. — Можа, паліцыя.

Дзверцы адчыніліся, з машыны выйшаў чалавек і стаў каля яе. Яго спадарожнік застаўся ў кабіне. Мужчыны, што сядзелі на кукішках, скіравалі позіркі на прыезджых, і гутарка спынілася. Жанчыны, якія разводзілі агонь, употай зіркалі на бліскучую легкавушку. Дзеці пачалі падбірацца да яе самымі мудрагелістымі абходнымі шляхамі, кружачы сярод палатак.

Флойд паклаў ключ. Том падняўся на ногі. Эл выцер рукі аб штаны. Усе трое падышлі да «шэўрале». На чалавеку, які выйшаў з машыны, былі штаны колеру хакі і фланелевая кашуля. На галаве мяккі шыракаполы капялюш. У нагруднай кішэні за загарадкай з вечных ручак і жоўтых алоўкаў тырчаў стосік паперак, з задняй кішэні штаноў вытыркаўся блакнот у металічных вокладках. Ён падышоў да адной групы мужчын, што сядзелі на кукішках, і тыя ўзнялі на яго вочы насцярожана і моўчкі. Яны сачылі за ім, не зварухнуўшыся з месца; бялкі вачэй у іх паблісквалі пад зрэнкамі, бо яны глядзелі ўгору, не падымаючы галавы. Том, Эл і Флойд няспешна, быццам шпацыруючы, падышлі бліжэй.

Чалавек запытаўся:

— Хочаце атрымаць работу? — Усе пазіралі на яго па-ранейшаму моўчкі і насцярожана. А з усяго лагера сюды цягнуліся ўжо і іншыя мужчыны.

Нарэшце адзін з тых, што сядзелі на кукішках, адказаў:

— Вядома ж, хочам. А дзе яна, работа?

— Акруга Туларэ. Там пачынаецца збор фруктаў. Патрэбна шмат людзей.

Загаварыў Флойд:

— Вы самі наймаеце?

— Сам. Я ўзяў падрад.

Людзі збіліся вакол яго цеснай кучкай. Нейкі чалавек у камбінезоне зняў з галавы свой чорны капялюш і пальцамі зачасаў назад доўгія чорныя валасы.

— Колькі плаціць будзеце? — запытаўся ён.

— Цяпер дакладна сказаць не магу. Цэнтаў трыццаць, думаю.

— Чаму не можаце сказаць дакладна? У вас жа падрад, ці не так?

— Правільна, — адказаў чалавек у штанах колеру хакі. — Але ўсё залежыць ад цаны на фрукты. Можа, трохі больш, можа, трохі і менш.

Флойд выступіў наперад і спакойна сказаў:

— Я паеду, містэр. Вы падрадчык, у вас павінен быць патэнт. Пакажыце яго, а потым выпішыце нам нарад і каб там было сказана, якая работа, дзе будзем працаваць, калі і колькі будуць нам плаціць, і падпішыце яго. Тады паедзем.

Падрадчык кінуў на яго злосны позірк:

— Ты мяне не вучы, як мне справы свае весці.

Флойд сказаў:

— Калі мы едзем да вас працаваць, гэта і нашы справы таксама.

— Ты мяне не вучы. Я паведамляю вам, што патрэбны людзі.

— А колькі людзей і якая плата, пра гэта вы маўчок.

— Што за чорт! Ды я сам яшчэ не ведаю.

— Раз не ведаеце, значыць, не маеце права людзей наймаць.

— У мяне ёсць поўнае права весці свае справы так, як я лічу неабходным. Калі вам больш даспадобы адседжваць тут задніцы — воля ваша. Я наймаю на работу ў акругу Туларэ. Мне шмат рабочых там патрэбна.

Флойд павярнуўся да натоўпу мужчын. Цяпер ужо яны ўсе стаялі і моўчкі пераводзілі позіркі з падрадчыка на Флойда і наадварот. Флойд сказаў:

— Я ўжо два разы так нарываўся. Яму, можа, трэба тысяча чалавек. А ён набярэ туды тысяч пяць і будзе плаціць па пятнаццаць цэнтаў за гадзіну. І вы, бедалагі, згодзіцеся, бо жываты ў вас пустыя. Калі ён хоча наняць людзей, няхай наймае і няхай напіша ўсё на паперы і паставіць там плату. Папрасіце, няхай дакумент пакажа. Без патэнта наймаць людзей ён права не мае.

Падрадчык павярнуўся да «шэўрале» і крыкнуў:

— Джо!

Яго спадарожнік выглянуў з кабіны, адчыніў дзверцы і выйшаў. На ім былі верхавыя брыджы і высокія чаравікі на шнуроўцы. Збоку на поясе-патранташы вісела цяжкая рэвальверная кабура. Да карычневай кашулі быў прышпілены знак шэрыфскага памагатага — металічная зорка. Ён ступаў няспешна, уразвалку. На твары яго іграла рэдзенькая ўсмешка.

— У чым справа? — Кабура хадзіла ўзад і ўперад па бядры.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй
Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй

«Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй» — это очень веселая книга, содержащая цвет зарубежной и отечественной юмористической прозы 19–21 века.Тут есть замечательные произведения, созданные такими «королями смеха» как Аркадий Аверченко, Саша Черный, Влас Дорошевич, Антон Чехов, Илья Ильф, Джером Клапка Джером, О. Генри и др.◦Не менее веселыми и задорными, нежели у классиков, являются включенные в книгу рассказы современных авторов — Михаила Блехмана и Семена Каминского. Также в сборник вошли смешные истории от «серьезных» писателей, к примеру Федора Достоевского и Леонида Андреева, чьи юмористические произведения остались практически неизвестны современному читателю.Тематика книги очень разнообразна: она включает массу комических случаев, приключившихся с деятелями культуры и журналистами, детишками и барышнями, бандитами, военными и бизнесменами, а также с простыми скромными обывателями. Читатель вволю посмеется над потешными инструкциями и советами, обучающими его искусству рекламы, пения и воспитанию подрастающего поколения.

Вацлав Вацлавович Воровский , Всеволод Михайлович Гаршин , Ефим Давидович Зозуля , Михаил Блехман , Михаил Евграфович Салтыков-Щедрин

Проза / Классическая проза / Юмор / Юмористическая проза / Прочий юмор