Читаем Гронкі гневу полностью

— Я стараюся адолець сябе, — сказаў ён, — і не магу. Усё нутро выядае.

Ззаду яго Ружа Сарона, млявая, выйшла з палаткі.

— Дзе ж гэта Коні? — з раздражненнем запыталася яна. — Нешта даўно яго не бачу. Дзе ён прапаў?

— Ён мне на вочы не пападаўся, — адказала маці. — Убачу, пашлю да цябе.

— Мне нездаровіцца, — сказала Ружа Сарона, — а ён пакінуў мяне адну.

Маці паглядзела на апухлы твар дачкі.

— Ты плакала, — сказала яна.

Слёзы зноў нагарнуліся на вочы Ружы Сарона.

Маці рашуча сказала:

— Вазьмі сябе ў рукі. Ты не адна — нас многа. Вазьмі сябе ў рукі. Ідзі сюды абяры бульбу. Няма чаго шкадаваць сябе.

Ружа Сарона адступіла назад пад брызент. Яна старалася ўнікнуць строгага погляду матчыных вачэй, але ён прымусіў яе пабрысці да вогнішча.

— А чаго ён пайшоў? — сказала яна, але слёз ужо не было.

— Вазьміся за справу. А то сядзіш адна ў палатцы і шкадуеш сама сябе. Мне не было калі ўзяцца за цябе. Цяпер ужо вазьмуся. Вось табе нож і бярыся за бульбу.

Ружа Сарона паслухмяна апусцілася на калені каля вогнішча. Са злосцю сказала:

— Няхай толькі прыйдзе. Я яму ўжо задам.

Губы ў маці расцягнуліся ва ўсмешцы:

— Ён і набіць цябе можа. Сама на гэта напрошваешся — ныеш, песцішся. Калі ён і ўваб'е ў цябе крыху розуму, я толькі дзякуй яму скажу.

Вочы ў Ружы Сарона ўспыхнулі абурэннем, але яна змоўчала.

Дзядзька Джон сваім шырокім вялікім пальцам загнаў іржавы цвік глыбока ў зямлю.

— Я мушу ўсё расказаць, — прагаварыў ён.

Бацька сказаў:

— Ну і расказвай, каб цябе чэрці! Каго ты забіў?

Дзядзька Джон запусціў палец у кішэньку для гадзінніка на сваіх сініх джынсах і вывудзіў адтуль перагнутую папалам зашмальцаваную грашовую паперку. Расправіў яе і паказаў бацьку:

— Пяць даляраў.

— Украў? — запытаўся бацька.

— Не, яны мае. Утаіў.

— Яны ж твае, дык што?

— А тое, што я не меў права іх утойваць.

— Я тут нешта ніякага грэху не бачу, — умяшалася маці. — Яны ж твае.

Дзядзька Джон паволі загаварыў:

— Не ў тым справа, што я іх утаіў. Я ўтаіў іх, каб напіцца. Я ведаў, што прыйдзе час, калі мяне пацягне выпіць, так засмыліць нутро, што адно выйсце — напіцца. Думаў, яшчэ не пара, а тут… прапаведнік узяў і аддаўся паліцыі, каб выратаваць Тома.

Бацька зноў паківаў галавой, потым нахіліў яе набок, каб лепш чуць. Руці падабралася на локцях яшчэ бліжэй, паўзком, як шчаня, Уінфілд — за ёю. Ружа Сарона кончыкам нажа выкалупнула глыбокае вочка з бульбіны. Вячэрняе сутонне згусцілася і стала яшчэ сінейшым.

Маці рэзка, суха сказала:

— Не разумею, чаму гэта табе абавязкова трэба напівацца праз тое, што прапаведнік выручыў Тома.

Джон сумна адказаў:

— Сам не ўцямлю. Вельмі ўжо цяжка на душы. Ён так проста на гэта пайшоў. Ступіў наперад і кажа: «Гэта я зрабіў». І яго забралі і павезлі. А я пайду нап'юся.

Бацька ўсё пакручваў галавой:

— Ну навошта ўсё гэта гаварыць. На тваім месцы я проста пайшоў бы і напіўся, калі так ужо табе закарцела.

— Я даўно ўжо мог бы зняць грэх з душы, — тужліва сказаў дзядзька Джон. — Але ўпусціў выпадак. Не ўхапіўся за яго… прамаргаў. Паслухай! У цябе ёсць грошы, дай мне два даляры.

Бацька без ахвоты палез у кішэню і выцягнуў скураны мяшэчак.

— Каб напіцца, сямі даляраў мнагавата. Ты што, шампанскую вадзіцу жлукціць будзеш?

Дзядзька Джон падаў яму сваю пяцідаляравую паперку.

— Вось вазьмі, а мне два даляры дай. Я і з двух сп'янею. Не хачу браць яшчэ адзін грэх на душу — марнатраўства. Што ёсць, тое і патрачу. Заўсёды так раблю.

Бацька ўзяў брудную паперку і даў яму два сярэбраныя даляры.

— На, бяры. Раз чалавеку трэба, значыць, трэба. Ні ў кога няма столькі розуму, каб вучыць другога.

Дзядзька Джон узяў абедзве манеты.

— Ты не зазлуеш? Ты разумееш, што мне гэта трэба?

— Ну што ты, далібог, — сказаў бацька. — Ты сам ведаеш, што табе трэба рабіць.

— Іначай я ніяк не перабуду ночы, — сказаў дзядзька Джон і павярнуўся да маці. — Ты не пакрыўдзішся на мяне?

Маці не падняла галавы.

— Не, — мякка адказала яна. — Не. Ідзі ж.

Дзядзька Джон падняўся на ногі і як сам не свой пайшоў ад палаткі і знік у прыцемку. Ён падняўся на шашу і перайшоў яе каля бакалейнай крамы. Перад сеткаватымі дзвярамі ён зняў з галавы капялюш, шпурнуў яго ў пыл і прытаптаў абцасам у знак самаасуджэння. Так і пакінуўшы скамечаны, брудны капялюш на зямлі, ён увайшоў у краму і адразу пакіраваў да паліц, на якіх за драцяной сеткай стаялі бутэлькі віскі.

Бацька, маці і дзеці глядзелі ўслед дзядзьку Джону, пакуль ён не знік з вачэй. Ружа Сарона ў знак абурэння не падымала вачэй ад бульбы.

— Небарака Джон, — сказала маці. — Можа, лепш было… ды не… думаю, што не. Ніколі не бачыла, каб чалавек так гараваў.

Руці перавалілася на бок, бліжэй да Ўінфілда, прыцягнула яго да сябе за вуха і прашаптала:

— Я зараз буду п'яная.

Уінфілд пырхнуў і заціснуў рот далонню. Стрымліваючы дыханне, каб не рагатнуць, дзеці хуценька адпаўзлі з пабарвавелымі ад натугі тварамі. Апынуўшыся за палаткай, яны ўскочылі і з віскам пусціліся да вербаў. Схаваўшыся там, яны зайшліся ад смеху. Руці скасіла вочы, расслабіла цела, высунула язык і пачала пахаджаць, пахістваючыся з боку на бок і аступаючыся.

— Я п'яная, — сказала яна.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй
Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй

«Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй» — это очень веселая книга, содержащая цвет зарубежной и отечественной юмористической прозы 19–21 века.Тут есть замечательные произведения, созданные такими «королями смеха» как Аркадий Аверченко, Саша Черный, Влас Дорошевич, Антон Чехов, Илья Ильф, Джером Клапка Джером, О. Генри и др.◦Не менее веселыми и задорными, нежели у классиков, являются включенные в книгу рассказы современных авторов — Михаила Блехмана и Семена Каминского. Также в сборник вошли смешные истории от «серьезных» писателей, к примеру Федора Достоевского и Леонида Андреева, чьи юмористические произведения остались практически неизвестны современному читателю.Тематика книги очень разнообразна: она включает массу комических случаев, приключившихся с деятелями культуры и журналистами, детишками и барышнями, бандитами, военными и бизнесменами, а также с простыми скромными обывателями. Читатель вволю посмеется над потешными инструкциями и советами, обучающими его искусству рекламы, пения и воспитанию подрастающего поколения.

Вацлав Вацлавович Воровский , Всеволод Михайлович Гаршин , Ефим Давидович Зозуля , Михаил Блехман , Михаил Евграфович Салтыков-Щедрин

Проза / Классическая проза / Юмор / Юмористическая проза / Прочий юмор