Читаем Гронкі гневу полностью

І вось яны пажаніліся, і тады ўсё выйшла наверх, і тыя, хто з іх здзекаваўся, таксама пра ўсё даведаліся. Адзін пыхлівы малойчык раней і слова да іх сказаць не хацеў, а тут багацей гэты раптам заяўляецца да яго ў цыліндры, дык той ледзь не ўпаў непрытомны. Ну ледзь не абамлеў. А яшчэ кінахроніку паказвалі, як нямецкія салдаты ногі на маршы высока задзіраюць — смехата адна.


А калі ў каго было хоць трохі грошай, заўсёды можна было выпіць. Раздражненне мінала, па целе цяпло разлівалася. Знікала пачуццё адзіноты, бо цяпер было лёгка засяліць сваё ўяўленне сябрамі, лёгка ворагаў адшукаць і расправіцца з імі. Сядзіць каля канавы, і яму здаецца, што зямля стала мяккая, як пух. Няўдачы ўжо не так крояць душу, і будучыня не навісае так грозна над ім. І голад не падкрадаецца да яго, і ўвесь свет мяккі і ласкавы, і чалавек лёгка дасягае мэты свайго падарожжа. Зоркі надзіва блізкія, неба пяшчотнае. Смерць — прыяцелька, а сон родны брат смерці. Вяртаецца мінулае — дзяўчына са стройнымі нагамі, яна некалі танцавала там, дома… Конь… даўным-даўно… Конь і сядло. Скура на сядле ціснёная. Калі гэта было! Вось пашукаць бы якую-небудзь дзяўчыну, пагаварыць з ёю. Як было б цудоўна! Можа, нават і ноч разам правесці. А як цёпла тут… І зоркі зусім блізка, і смутак і радасць таксама блізка адно ад аднаго, зусім зліліся разам. Вось каб так і застацца п'яным на ўсё астатняе жыццё. Хто кажа, што гэта дрэнна? Хто смее такое сказаць? Прапаведнікі?.. Дык у іх жа ж сваё ап'яненне. Худыя, бясплодныя жанчыны?.. дык адкуль ім, няшчасным, ведаць. Староннікі рэформ?.. але ж яны не ўмеюць угрызацца ў жыццё і нічога пра яго не ведаюць. Не… зоркі цяпер такія блізкія, слаўныя, я парадніўся з усім светам. І ўсё на свеце святое — усё, нават я.

Губны гармонік заўсёды можна насіць з сабой. Выняў з задняй кішэні штаноў, пастукаў аб далонь, каб вытрасці смецце, кішэнную труху, тытунёвую пацяруху, — вось і гатова. На гармоніку ўсё можна — і тоненькі, як у трысняговай дудачцы голас, а вось акорды, а вось мелодыя з акампанементам. Сагнутымі пальцамі мяняеш гучанне, і гукі то стогнуць, то рыдаюць, як у валынкі, то робяцца густымі, глыбокімі, як у аргана, ці пранізлівымі і журботнымі, як у трысняговых дудачак горцаў. Пайграў і зноў схаваў гармонік у кішэню. Ён заўсёды з табой, заўсёды ў цябе ў кішэні. А калі іграеш, вучышся новым прыёмам, новым спосабам змяняць тон далонямі, сціскаеш яго губамі — і ніхто цябе гэтаму не вучыць. Практыкуешся ўсюды, дзе прыйдзецца, — часам дзе-небудзь на адзіноце з сабою ў цяні гарачым поўднем, часам каля сваёй палаткі пасля вячэры, калі жанчыны мыюць посуд. Нага лёгка адбівае такт. Бровы то лезуць угору, то зноў апускаюцца ўніз у лад рытму. А калі і згубіш свой гармонік ці паламаеш яго — бяда невялікая. За чвэрць даляра купіш сабе новы.

Гітара даражэйшая. На ёй трэба доўга вучыцца. На кончыках пальцаў левай рукі павінны быць мазольныя наросты. На вялікім пальцы правай — арагавелы мазоль. Расцягвай пальцы левай рукі, расцягвай іх, як павук ногі, каб дацягнуцца да цвёрдых накладак на ладах.

Скрыня гэтая ў мяне ад бацькі. Я быў яшчэ клапом, як ён паказваў мне «до». А калі я навучыўся і зайграў на гітары не горш за яго, ён ужо амаль ніколі за яе не браўся. Бывала, сядзе на парозе, слухае і такт нагамі адбівае. Прабуеш трэмала, а ён хмурыць бровы, пакуль у мяне не атрымаецца, а тады адкінецца на вушак і галавой ківае. «Іграй, кажа, старайся». Добрая гітара. Бачыш, як выскраблася дэка? А колькі на ёй было сыграна песень — мільён, вось і выдзеўблася ўся. Калі-небудзь трэсне і ўваліцца, як яечная шкарлупіна. А паправіць яе, нават крануць нельга — тон страціць. Вечарам пайграю на ёй, а вунь у суседняй палатцы ў аднаго ёсць губны гармонік. Разам добра выходзіць.

Скрыпка рэдка ў каго ёсць, на ёй цяжка навучыцца. Ні ладоў на ёй, ні павучыць няма каму.

Паслухаю вось таго старога, а потым сам падбіраю. Не паказвае, як браць двайныя ноты. Сакрэт, кажа. А я падгледзеў. Вось як ён гэта робіць.

Вішчыць, як вецер, жвавая, нервовая, пранізлівая.

Яна ў мяне не надта каб. Аддаў за яе два даляры. А тут адзін расказваў: ёсць скрыпкі, якім па чатырыста год, гук сакавіты, як віскі. Кажа, цана такім пяцьдзесят-шэсцьдзесят даляраў. Ну што я скажу? Мусіць, маніць. Вісклівая яна ў мяне, старая шэльма. Што вам сыграць? Хочаце танец? Толькі смычок натру каніфоллю. Вось запілікае, ого! За мілю чутно будзе.

Вечарам іграюць усе тры разам — гармонік, скрыпка і гітара. Іграюць кадрылю, б'юць абцасамі людзі падлогу, і тоўстыя гулкія струны гітары пульсуюць, як сэрца, хрыпла гучаць акорды гармоніка, высока забірае і вішчыць скрыпка. Вось зайгралі кадрылю «Куранё», ногі тупаюць па дошках, і цыбаты юнак робіць тры хуткія па, рукі свабодна вісяць уздоўж цела. Яго абступаюць з усіх бакоў, і пачынаецца танец — глухія ўдары падэшваў, давай прыстуквай абцасамі. Круцяцца парамі, абняўшы адно аднаго за талію. Валасы ўпалі на лоб, дыханне перарывістае. А цяпер паварот у другі бок.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй
Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй

«Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй» — это очень веселая книга, содержащая цвет зарубежной и отечественной юмористической прозы 19–21 века.Тут есть замечательные произведения, созданные такими «королями смеха» как Аркадий Аверченко, Саша Черный, Влас Дорошевич, Антон Чехов, Илья Ильф, Джером Клапка Джером, О. Генри и др.◦Не менее веселыми и задорными, нежели у классиков, являются включенные в книгу рассказы современных авторов — Михаила Блехмана и Семена Каминского. Также в сборник вошли смешные истории от «серьезных» писателей, к примеру Федора Достоевского и Леонида Андреева, чьи юмористические произведения остались практически неизвестны современному читателю.Тематика книги очень разнообразна: она включает массу комических случаев, приключившихся с деятелями культуры и журналистами, детишками и барышнями, бандитами, военными и бизнесменами, а также с простыми скромными обывателями. Читатель вволю посмеется над потешными инструкциями и советами, обучающими его искусству рекламы, пения и воспитанию подрастающего поколения.

Вацлав Вацлавович Воровский , Всеволод Михайлович Гаршин , Ефим Давидович Зозуля , Михаил Блехман , Михаил Евграфович Салтыков-Щедрин

Проза / Классическая проза / Юмор / Юмористическая проза / Прочий юмор