Гэта злачынства, якому няма апраўдання. Гэта гора, якога нельга вымераць ніякімі слязьмі. Гэта паражэнне, якое зрынае ў прах усе нашы дасягненні. Урадлівая глеба, роўныя рады дрэў, моцныя ствалы і спелыя фрукты. А дзеці паміраюць ад пелагры, яны павінны памерці, бо апельсіны не прыносяць прыбытку. І следчыя выдаюць даведкі — смерць у выніку недаядання; таму што ежа павінна гніць, таму што ежу гнояць наўмысна.
Людзі прыходзяць з сеткамі вылоўліваць бульбу з рэчкі, але ахоўнікі гоняць іх прэч; людзі прыязджаюць на бразгатлівых аўтамабілях па выкінутыя апельсіны, але яны ўжо апырсканыя газаю. І людзі анямела стаяць, пазіраюць на бульбу, што праплывае міма, чуюць віск свіней, якіх колюць і засыпаюць вапнай у ямах, глядзяць на апельсінавыя горы, што апаўзаюць, ператвараючыся ў гнілую жыжу; і ў вачах у людзей — паражэнне; у вачах галодных дзяцей нарастае гнеў. У душах людзей наліваюцца і спеюць гронкі гневу — цяжкія гронкі, і яны ўсё наліваюцца і цяжэюць.
Раздзел дваццаць шосты
Неяк вечарам ва Ўідпэтчскім лагеры, калі доўгія перыстыя аблокі навіслі над тым месцам, дзе за гарызонт апусцілася сонца, палымнеючы па краях ад яго водсветаў, сям'я Джоўдаў доўга не разыходзілася пасля вячэры, маці не адразу ўзялася за посуд.
— Нешта трэба рабіць, — сказала яна і вачамі паказала на Ўінфілда. — Зірніце на яго. — Усе павярнулі галовы да хлопчыка. — Ён тузаецца і круціцца ў сне. Бачыце, які бледны? — Усе сарамліва апусцілі галовы. — На адных праснаках сядзіць. Мы тут ужо месяц. Том папрацаваў усяго пяць дзён. А астатнія? Скрабяцеся недзе цэлымі днямі, а работы ніяк не знойдзеце. І шчыра пагаварыць баіцеся. Грошы канчаюцца. А вы баіцеся пагаварыць. Павячэраеце — і хто куды. Духу не хапае пагаварыць начыстату. А трэба. Разашарна ўжо хутка разродзіцца, а зірніце, якая яна бледная. Прыйшоў час пагаварыць. І няхай ніхто з вас не падымаецца з месца, пакуль мы не абмяркуем, як далей жыць. Сала засталося на адзін дзень, мукі — на два, і яшчэ ёсць з дзесятак бульбін. Вось і пасядзіце, паварушыце мазгамі!
Усе маўчалі, пазіраючы сабе пад ногі. Бацька счышчаў складаным ножыкам гразь з-пад сваіх тоўстых пазногцяў. Дзядзька Джон паторгаў адшчэпленую трэску на скрыні, на якой сядзеў. Том ушчыкнуў пальцамі ніжнюю губу і адцягнуў яе ад зубоў.
Ён адпусціў губу і ціха прамовіў:
— Мы шукаем, ма. Ходзім паўсюль пеша, бо бензіну не набярэшся. Заходзім у кожныя вароты, у кожны дом, хоць і ведаем — без толку. Цяжка на душы. Шукаць работу і ведаць — усё роўна нічога не знойдзеш.
Маці гнеўна сказала:
— Якое вы маеце права падаць духам? Сям'я гіне. Няма ў вас такога права.
Бацька ўважліва агледзеў выскрабены пазногаць.
— Давядзецца ехаць адсюль, — сказаў ён. — Вельмі не хочацца, а давядзецца. Лагер добры, і людзі тут добрыя. Усё баімся, што трапім у які-небудзь новы гувервіль.
— Раз трэба, дык трэба. Галоўнае — каб есці было што.
Умяшаўся Эл:
— Бензін у мяне ёсць — цэлы бак. Не хацеў толькі вам казаць.
Том усміхнуўся:
— Эл у нас хоць і шалапут, а, бывае, цяміць.
— Ну, думайце, — сказала маці. — Больш я не магу глядзець, як сям'я галадае. Сала ў мяне на адзін дзень. І ўсё. Разашарна абрадзіцца, яе трэба добра карміць. Думайце!
— Тут вада гарачая, туалеты… — пачаў бацька.
— Туалетамі сыты не будзеш.
Том сказаў:
— Сёння прыязджаў адзін, клікаў нас у Мэрысвіль. Фрукты збіраць.
— Чаму ж нам туды не паехаць? — рашуча запыталася маці.
— Сам не ведаю, — адказаў Том. — Нешта не спадабаўся мне гэты чалавек. Вельмі ўжо ўгаворваў. А плата якая, не сказаў.
Маці прамовіла:
— Едзем. Едзем у Мэрысвіль. Няважна, колькі заплацяць. Едзем.
— Вельмі ўжо далёка, — сказаў Том. — На бензін не хопіць. Не дабяромся. Вось ты, ма, кажаш — думайце. А я толькі і раблю, што думаю. Увесь час думаю.
Дзядзька Джон сказаў:
— Тут адзін гаварыў, быццам хутка пачнуць бавоўну збіраць у Туларэ. Ад лагера, кажа, недалёка.
— Трэба ехаць адсюль, і як мага хутчэй. Хоць лагер добры, а я тут усё роўна больш не застануся. — Маці падхапіла вядро і пайшла ў санітарны блок па гарачую ваду.
— Маці ў нас зусім нейкая незгаворлівая стала, — сказаў Том. — Даўно ўжо яе такой злоснай не бачыў. Аж кіпіць.
Бацька з палёгкай уздыхнуў:
— Што ж, яна хоць начыстую загаварыла. Я ўжо колькі начэй не сплю, галава разрываецца. А цяпер можна ўсё адкрыта абмеркаваць.
Маці вярнулася з поўным вядром вады, ад якой ішла пара.
— Ну што, падумалі? — патрабавальна запыталася яна.
— Усё яшчэ вырашаем, — адказаў Том. — А што, калі і праўда на поўнач рушыць — туды, дзе бавоўна? Тут мы ўжо ўсё абшнарылі. Нічога тут не знойдзеш, гэта ясна. Давайце, можа, адразу і пагрузімся, паедзем на поўнач. Якраз паспеем да самага збору. Мне так і карціць ужо адчуць пад рукой бавоўну. Бак у цябе поўны, Эл?
— Амаль поўны — дзвюх цаляў не хапае да верху.
— Думаю, даедзем.
Маці занесла талерку над вядром.
— Ну дык як? — запыталася яна.
Том сказаў:
— Тваё ўзяло, ма. Здаецца, едзем. Так, тата?
— Трэба, думаю, ехаць, — адказаў бацька.
Маці перавяла на яго позірк.
— Калі?
— Марудзіць нельга. Можна і заўтра рана.
— Раніцай і паедзем. Я ж сказала вам, колькі ў нас засталося.