Читаем Гронкі гневу полностью

Том запаліў папяроску.

— Я многа думаў — ехаць, не ехаць. Госпадзі, хутчэй бы ўжо асесці дзе-небудзь.

Джул узяў у яго свой пачак.

— Нядобра нам жывецца, — сказаў ён. — У мяне дачка маленькая. Думаў, прыеду ў Каліфорнію, у школу яе пашлю. Ды дзе там! На адным месцы мы доўга не затрымліваемся. Пажывеш дзе-небудзь трохі, і трэба цягнуцца далей.

— Хоць бы нам у гэтыя гувервілі зноў трапляць не давялося, — сказаў Том. — Я ў адным нацярпеўся страху.

— А што, шэрыфавы памагатыя ганялі?

— Баяўся, каб не забіць каго з іх, — адказаў Том. — Мы і пабылі ў тым лагеры зусім нядоўга, але я проста кіпеў увесь. Прыехаў палісмен і забраў прыяцеля майго так, нізашто — ён фараону гэтаму слова ўпоперак сказаў. Я ўвесь кіпеў, ледзь стрымаўся.

— А ты баставаў калі-небудзь? — пацікавіўся Ўілі.

— Не, ніколі.

— Я ўсё думаю: чаму шэрыфскія агенты не пранікаюць у наш лагер, не арудуюць тут? Думаеш, гэты маленькі з канторы ім перашкода? Не, сэр!

— Тады што ж? — запытаўся Джул.

— Вось я табе і скажу: тое, што мы ўсе заадно. Калі палісмен захоча каго-небудзь загрэбці, ён павінен перабраць увесь лагер. А на гэта ў яго духу не хопіць. Бо варта нам толькі раз крыкнуць, і ўмомант чалавек дзвесце прыбяжыць. Нядаўна адзін арганізатар выступаў у нас тут, каля дарогі. Гэтак паўсюль можна рабіць, кажа. Трымайцеся толькі гуртам. З дзвюма сотнямі людзей жарты дрэнныя. Шэрыфавы людзі толькі адзіночак вылоўліваюць.

— Ну, а што, калі і будзе саюз? — сказаў Джул. — Трэба ж, каб у яго важакі былі. А схопяць важака, і куды дзеўся твой саюз?

— Што ж, — адказаў Уілі, — калі-небудзь давядзецца над гэтым падумаць. Я тут цэлы ўжо год, а заработная плата ўсё падае і падае. Цяпер сям'ю ніяк не пракорміш сваёй працай, і з дня на дзень усё горш робіцца. Што ж нам, сядзець склаўшы рукі і з голаду паміраць? Проста не ведаю, што рабіць. Гаспадар коней корміць, нават калі яны без работы стаяць, — як міленькі. А вось калі на яго людзі працуюць, пляваць ён на іх хацеў. Выходзіць, коні яму куды даражэйшыя за людзей. Не разумею я гэтага.

— Мне ўжо і думаць абрыдла, — сказаў Джул. — А думаць трэба. У мяне вось дачка маленькая. Самі ведаеце — прыгажуня. Ёй нават тут прыз за прыгажосць далі. А што з ёю далей будзе? На вачах худзее. Вынесці гэтага не магу. Такая прыгожая… Я не вытрымаю, учыню што-небудзь.

— Што? — запытаўся Ўілі. — Што ты ўчыніш? Пойдзеш красці? У турму сядзеш. Заб'еш каго? На шыбеніцу пойдзеш.

— Не ведаю, — сказаў Джул. — У галаве ўсё блытаецца, як падумаю. Проста ў галаве ўсё блытаецца.

— А мне запомняцца гэтыя танцы, — сказаў Том. — Нідзе яшчэ я такіх прыстойных не бачыў. Што ж, спаць ужо час класціся. Ну, будзьце здаровы. Дзе-небудзь яшчэ, можа, стрэнемся.

— Абавязкова, — сказаў Джул.

— Ну, усяго добрага. — Том пайшоў ад іх, і яго паглынула цемра.


У палатцы Джоўдаў Руці і Ўінфілд ляжалі ў цемры на адным матрацы, побач з маці. Руці прашаптала:

— Ма!

— Што табе? Ты не спіш?

— Ма… а там… ну куды мы едзем, кракет будзе?

— Адкуль я ведаю. Спі. Заўтра рана ад'язджаем.

— Лепш застанемся, тут ёсць кракет, а там?

— Ш-шш!..

— Ма, Уінфілд вечарам набіў аднаго хлопчыка.

— Дрэнна зрабіў.

— Ага, дрэнна. Я яму так і сказала. Ён яго па носе ляснуў. Кроў так і хлынула, а божа мой!

— Не трэба так гаварыць. Так гаварыць нядобра.

Уінфілд павярнуўся тварам да іх.

— Ён абазваў нас Окі! — з абурэннем сказаў ён. — А пра сябе кажа: я не Окі, я з Арэгона, а вы паганыя Окі. Ну я яму і даў.

— Ш-шш… Дрэнна зрабіў. Ад яго мянушак табе шкоды ніякай.

— А я не хачу, каб ён абзываў нас, — са злосцю сказаў Уінфілд.

— Ш-ш… Спіце.

Руці сказала:

— Ты бачыла б — кроў як хлыне, усю кашулю яму заліла.

Маці высунула руку з-пад коўдры і лёгенька ўдарыла Руці пальцам па шчацэ. Дзяўчынка замерла на міг, потым зашмыгала носам і ціха заплакала.


У санітарным блоку, у дзвюх суседніх кабінках, сядзелі бацька і дзядзька Джон.

— Хоць напаследак добра пасядзім, — сказаў бацька. — Добрая прыбіральня. Памятаеш, як малыя напалохаліся, калі першы раз ваду спусцілі?

— Я і сам адчуваў сябе ніякавата, — сказаў дзядзька Джон. Ён акуратна падцягнуў штаны да каленяў. — Кепска мне. Адчуваю, што хутка зноў саграшу.

— Не саграшыш. Ты ж зусім без грошай. Мацуйся. Грэх абыдзецца даляры ў два, не менш, а ў нас такіх грошай няма.

— Няма. Але ў мяне думкі грэшныя.

— Ну што ж. Думаць можна і бясплатна.

— Усё роўна грэх.

— Затое куды танней.

— Ты з грэхам не жартуй.

— Я не жартую. Давай грашы. Ты заўсёды носішся са сваімі грахамі, якраз калі чорт ведае што робіцца.

— Гэта праўда, — сказаў дзядзька Джон. — Са мной заўсёды так. Але вы і паловы маіх грахоў не ведаеце.

— Ну і трымай іх пры сабе.

— Вось і з гэтымі ўнітазамі так — сяджу, а сам адчуваю — грэх.

— Тады ідзі ў кусты. Ну, падцягвай штаны, і пойдзем хоць трохі паспім. — Бацька надзеў на плечы шлейкі камбінезона і зашпіліў спражку. Потым спусціў ваду і доўга стаяў, задуменна пазіраючы, як яна бурліць у ракавіне.


Было яшчэ цёмна, калі маці разбудзіла сваю сям'ю. Праз расчыненыя дзверы санітарных блокаў сачылася кволае святло дзяжурных начных лямпачак. З суседніх палатак даносіліся разнастайныя гукі пахрапвання.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй
Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй

«Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй» — это очень веселая книга, содержащая цвет зарубежной и отечественной юмористической прозы 19–21 века.Тут есть замечательные произведения, созданные такими «королями смеха» как Аркадий Аверченко, Саша Черный, Влас Дорошевич, Антон Чехов, Илья Ильф, Джером Клапка Джером, О. Генри и др.◦Не менее веселыми и задорными, нежели у классиков, являются включенные в книгу рассказы современных авторов — Михаила Блехмана и Семена Каминского. Также в сборник вошли смешные истории от «серьезных» писателей, к примеру Федора Достоевского и Леонида Андреева, чьи юмористические произведения остались практически неизвестны современному читателю.Тематика книги очень разнообразна: она включает массу комических случаев, приключившихся с деятелями культуры и журналистами, детишками и барышнями, бандитами, военными и бизнесменами, а также с простыми скромными обывателями. Читатель вволю посмеется над потешными инструкциями и советами, обучающими его искусству рекламы, пения и воспитанию подрастающего поколения.

Вацлав Вацлавович Воровский , Всеволод Михайлович Гаршин , Ефим Давидович Зозуля , Михаил Блехман , Михаил Евграфович Салтыков-Щедрин

Проза / Классическая проза / Юмор / Юмористическая проза / Прочий юмор