Читаем Гронкі гневу полностью

Эл падвёў грузавік да самых дзвярэй доміка. Верхнія пасажыры саскочылі з машыны і пачалі разгублена азірацца па баках. Да доміка падышлі двое шэрыфавых памагатых. Яны пільна ўглядаліся кожнаму мужчыну ў твар.

— Прозвішча?

— Джоўд, — нецярпліва адказаў Том. — Скажыце, што тут у вас адбываецца?

Адзін палісмен выняў з кішэні доўгі спіс.

— У мяне такое не значыцца. Табе яно ніколі на вочы не траплялася? Правер па нумары машыны.

— Не, такога ў мяне няма. Як быццам усё ў парадку.

— Цяпер слухайце. Не рабіце нам ніякіх непрыемнасцей. Займайцеся сваёй справай, не лезьце, куды вас не просяць, і ўсё будзе добра. — Абодва палісмены крута павярнуліся і пайшлі. У канцы пясчанай вулачкі яны селі на скрыні, адкуль маглі назіраць за ўсім радам домікаў.

Том доўга глядзеў на іх.

— Гэта каб мы адчувалі сябе як дома.

Маці адчыніла дзверы і ўвайшла ў домік. Падлога заплюхана салам. У адзіным пакоіку стаяла ржавая жалезная печка — і больш нічога. Ножкамі ёй служылі дзве цагліны, іржавы бляшаны комін быў прасунуты праз дзірку ў столі-даху. У пакоі моцна пахла падгарэлым салам і потам. Ружа Сарона стала каля маці.

— І тут мы будзем жыць?

Памаўчаўшы трохі, маці адказала:

— Ну а дзе ж? Памыем, і не так ужо і кепска будзе. Трэба тут добра паскрэбці.

— У палатцы лепш, — сказала Ружа Сарона.

— Тут падлога ёсць, — нагадала ёй маці. — А ў дождж працякаць не будзе. — Яна павярнулася да дзвярэй. — Разгружацца трэба.

Мужчыны моўчкі знімалі паклажу з грузавіка. Нейкае трывожнае пачуццё авалодала імі. Вялікі прамавугольнік домікаў-скрынь маўчаў. Па вулачцы прайшла жанчына, але нават не зірнула на прыезджых. Галава ў яе была апушчаная, падол бруднай сарпінкавай сукенкі абтрапаўся і вісеў шматкамі.

Агульная паныласць перадалася Руці і Ўінфілду. Яны не кінуліся разведваць новае месца — стаялі каля самага грузавіка, каля дарослых, і тужліва паглядалі на пыльную вулачку — то ў адзін бок глянуць, то ў другі. Уінфілд падабраў з зямлі кавалак пакавальнага дроту, перагнуў яго некалькі разоў і зламаў. Тады загнуў кароткі абломак каленцам і пачаў круціць яго ў руцэ.

Калі Том з бацькам пачалі пераносіць матрацы ў дом, да грузавіка падышоў канторшчык у зелянковых штанах і ў сіняй кашулі з чорным гальштукам. Праз тоўстыя шкельцы акуляраў у сярэбранай аправе вызіралі блізарукія, пачырванелыя вочы, зрэнкі іх глядзелі пільна, ва ўпор, як агеньчыкі начных ліхтароў. Канторшчык выцягнуў шыю, разглядаючы Тома.

— Трэба ўнесці вас у спіс, — сказаў ён. — Колькі чалавек пойдзе працаваць?

— Нас чацвёра мужчын, — адказаў Том. — А праца цяжкая?

— Збор персікаў. Аплата здзельная. Пяць цэнтаў за скрыню.

— Можна і дзецям збіраць?

— Чаму ж не. Толькі каб акуратна.

У дзвярах паказалася маці.

— Вось прыбяру і таксама пайду памагу. Нам няма чаго есці, містэр. Нам заплацяць адразу?

— Не, грошай адразу не дадуць. Але можна браць у крэдыт у краме на тое, што вам налічаць.

— Дык хадзем, чаго марудзіць, — сказаў Том. — Я сёння да ночы хачу мяса з хлебам паесці. Куды нам ісці, містэр?

— Я сам іду туды. Ідзіце са мной.

Том, бацька, Эл і дзядзька Джон пакрочылі следам за канторшчыкам па пясчанай вулачцы, увайшлі ў сад і апынуліся сярод персікавых дрэў. Вузкае лісце ўжо зажаўцелася. Персікі абсыпалі галіны маленькімі залаціста-чырвонымі шарыкамі. Сярод дрэў узвышаліся піраміды пустых скрынь. Людзі снавалі па садзе — рвалі персікі ў вёдры, з вёдраў перакладалі ў скрыні, адносілі поўныя скрыні на прыёмачны пункт, а там, каля грузавікоў, іх чакалі прыёмшчыкі, якія ставілі адзнакі супраць прозвішча зборшчыка.

— Яшчэ чацвярых прывёў, — сказаў канторшчык у акулярах.

— Добра. Раней калі-небудзь збіралі?

— Не, ніколі, — адказаў Том.

— Рабіце ўсё акуратна. Каб не было ні пабітых, ні ападу. А самі паб'яце — не прымем. Вунь вёдры, бярыце.

Том падняў трохгалонавае вядро і агледзеў яго.

— Усё дно дзіравае.

— Правільна, — сказаў блізарукі канторшчык. — Гэта каб не кралі. Ну, вунь ваш рад, пачынайце.

Чацвёра Джоўдаў узялі па вядру і пайшлі да персікавых дрэў.

— Яны тут марна час не трацяць, — сказаў Том.

— Прасвяты божа! — прастагнаў Эл. — Я лепш у гаражы працаваў бы.

Бацька пакорліва ішоў за Томам, але тут ён раптам рэзка павярнуўся да Эла.

— Кінь ты гэтыя штучкі! — сказаў ён. — І енчыш, і жалішся, і стогнеш. Працаваць трэба. Глядзі, не такі ты ўжо вялікі, магу і адлупцаваць.

Кроў кінулася ў твар Элу. Ён увесь кіпеў ад злосці.

Том падышоў да яго:

— Перастань, Эл. Хлеб і мяса. Трэба на іх зарабіць.

Яны абіралі з дрэў персікі і кідалі ў вёдры. Том вельмі спяшаўся — не хадзіў, а бегаў. Адно вядро да верху, яшчэ адно. З вядра ён высыпаў персікі ў скрыню. Трэцяе вядро. Скрыня напоўнілася да краёў.

— Пяціцэнтавік зарабіў, — сказаў Том весела, падняў на плечы скрыню і панёс на прыёмачны пункт. — Тут на пяць цэнтаў, — абвясціў ён прыёмшчыку.

Той зазірнуў у скрыню, перавярнуў некалькі персікаў.

— Стаў вунь туды. Не пойдуць, — сказаў ён. — Казаў табе — не пабі. Ты проста з вядра ў скрыню вывальваў? Амаль усе да аднаго пабітыя. Прыняць не магу. Іх трэба класці асцярожненька, а так толькі марна час траціш — ні цэнта не атрымаеш.

— Як гэта так?.. Во халера…

Перейти на страницу:

Похожие книги

Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй
Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй

«Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй» — это очень веселая книга, содержащая цвет зарубежной и отечественной юмористической прозы 19–21 века.Тут есть замечательные произведения, созданные такими «королями смеха» как Аркадий Аверченко, Саша Черный, Влас Дорошевич, Антон Чехов, Илья Ильф, Джером Клапка Джером, О. Генри и др.◦Не менее веселыми и задорными, нежели у классиков, являются включенные в книгу рассказы современных авторов — Михаила Блехмана и Семена Каминского. Также в сборник вошли смешные истории от «серьезных» писателей, к примеру Федора Достоевского и Леонида Андреева, чьи юмористические произведения остались практически неизвестны современному читателю.Тематика книги очень разнообразна: она включает массу комических случаев, приключившихся с деятелями культуры и журналистами, детишками и барышнями, бандитами, военными и бизнесменами, а также с простыми скромными обывателями. Читатель вволю посмеется над потешными инструкциями и советами, обучающими его искусству рекламы, пения и воспитанию подрастающего поколения.

Вацлав Вацлавович Воровский , Всеволод Михайлович Гаршин , Ефим Давидович Зозуля , Михаил Блехман , Михаил Евграфович Салтыков-Щедрин

Проза / Классическая проза / Юмор / Юмористическая проза / Прочий юмор