– Василю, дей Каревичу, для чого ты мене, будучи в дому чоловека пана Яна Ковальского Матейца, лаял?
На то, дей Василей поведил:
– Мила пани, дай покой. Як я тебе не лаял, так с тобой нидзе на беседах не седал, а чого тобе потреба, прийди до мене до дому.
Яна, бьючи руку об руку, мовила:
– Мало дей тебе того, але еще и больш буде! Бо я тебе того не опущу…
І тая сустрэча, і біццё рукі аб руку даліся Васілю ў знакі: “…у доме моем великие кривды и шкоды… в побитю и выздыханю статку деюцца”,—
паведаміў ён судовым ураднікам дый усім ахвочым да чужых справаў.Суседскія дачыненні найчасцей высякалі іскру, калі справа даходзіла да сварак і звадаў. Суседам зямяніна Матфея Васілевіча з маёнтку Рэзанаўскі быў зямянін Фёдар Рэзан, які разам са сваёй служэбніцай Хрысцінай штораз болей задзіралі дый крыўдзілі свайго суседа і ягоную жонку Марыну. Варта было ёй з’явіцца ля брамы свайго двара, як яны абодва словы неучтивыми непочтивай славе ее даткливыми сороматили, одповедь и похвалку на здорове ее чинили
. Не міналі і самога гаспадара, абяцаючы яму апроч іншага, што нос ягоны неўзабаве зазябне, а таксама клалі праклён на дом, маёмасць, чэлядзь і быдла. Асабліва шчыравала Хрысціна на адрас Марыны: “Маю я на тебе добрую прымову!”Узаемныя абвінавачванні ў чарадзействе часам прыводзілі скаржнікаў ў суд па чарзе, дзе кожны бок, препомнивши боязни Божое и встыду людского
, вінаваціў адзін аднаго ў адным і тым жа. Так, зямянін з Менску Валентый Панятоўскі, скарыстаўшы адсутнасць мужа сваёй суседкі, татаркі Жугры Маскоўкі, абвінаваціў яе ў падкладанні нейкіх таемных знакаў паміж бярвеннямі новабудовы на сваім падворку. Вярнуўшыся з Вільні, татарын Ісуп Ліпка, абурыўшыся такімі паводзінамі, рынуўся да суду, баронячы гонар ды годнасць сваёй сям’і: “Жона дей моя, яко учстивая шляхтянка, дому доброго, таковое отповеди и похвалки не чинила. А яко дей я маю… певную ведомость од суседов околичных, иж того дня над змерканем сам пан Понятовский межи того бервеня… сам якиесь знаки почынившы…” А да таго ж, той пан Панятоўскі сам неаднойчы кляў татарскую сям’ю дый пагражаў небяспечна: “Иж дей тебе, Липка, забью и згинеш, як пес… тут на том грунте Шульжынском, ты, Ісуп, и жона твоя не разжывецца и леда часа вас пазабиваю и огнем двор ваш спалю и внивеч оберну!”Часам суседскія дачыненні маглі скончыцца трагічна. Так зямяне са Слонімшчыны Еранім Звер і Марына Зверавая не здолелі дараваць уяўных вінаў сваёй суседкі, няспынна чынілі пахвалкі на яе здароўе і нават …трутизну задати чынили,
пасля чаго зняможаная суседка, будучы вже хорою, сходечи з сего света волала, же ни от кого оного, одно от тое Зверовое з сего света сходить… Баяліся зачуру дый злога суроку і святары. Ці дарэмная напрасліца і празмерная абачлівасць, ці пераляканасць і звычайная забабоннасць вымусілі скардзіцца слонімскага прачысценскага папа айца Сямёна на даўгінаўскага падданага Лаўрыша: “У суботу прошлую месеца марца… тот Лаврыш быв в дому моем, не маючи никоторое потребы, а бывши, шол проч, а скоро он выйшал. Таго ж часу па нем знайшли у избе моей ЖОЛУД РАССКЕПЕНЫЙ, што дей розумеем ЗАЧАР и для того жона моя есть хвора”. Пасля разбору справы суд прызнаў Лаўрыша вольным, бо той здолеў даказаць, што прыходзіў да дому святара па просфіркі на памінанне жонкі, і да таго ж, быў не адзін, а самдруг з цесцем Лук’янам.