Ці не знаёмае нам пачуццё падарожніка, які нарэшце дабраўся перад змярканнем да доўгачаканага места і з пагорку ўзіраецца ў каляровую пляму гарадскога краявіду: дамкі, храмы, сады… А за спінай у цемрадзі губляецца тракт.
На сваім шляху падарожнік мусіў пераадольваць і вадзяныя перашкоды, калі, зразумела, сам не выпраўляўся на плытах ці витинах
. Добра, калі былі масты. Але часам і на іх адбываліся прыкрыя здарэнні, як з панам Юрыем Рамановічам, які …месеца июля… едучы до Менска… и далей на Русь по потребах своих, гды перееждчаючы реку… ось передняя зламала и весь воз у воду упал. За которым упаденем речей немало се помачало и попсовано в тлумоку, межы которыми речами и листов немало было, которые помокли… І таму давялося небараку пасля перажытага цягнуцца да менскага враду і там перад падстаростам Адамам Салагубам обтежливе жаловать и оповедать, паказваючы листов помоклых немало. Справе магла б дапамагчы наяўнасць вазовай скрыні, якую падарожныя часам вазілі з сабой, замыкаючы на адмысловы ключ. Звычайна ў іх вазілі масянжовыя і цынавыя ліхтары, сёдлы, гусарскія страмёны… Іншая справа, што разам з такой скрыняй усе рэчы ды паперы маглі папросту пайьці на дно, ды там і застацца.* * *
Дарога ратавала, хавала, губіла, паглынала, вабіла. Была роспаччу і надзеяй. Магла быць і была шляхам у нябыт.
…З Ушы да Краснага Сяла, ад Койданава да Вертнікаў, з Трусавіч да Радашкавіч, з Паняціч да Белых Лужаў, з Ячанкі до Слуцка, з Менску да Наваградку, з Вільні да Маладзечна, Вялікая з Ракава да Менску, з Ракава да Іслачы, з Менску да Міханавіч і да Дукор, з Луцку да Менску, з Радашкавіч да Краснага сяла, з Менску да Вільні, дарога Слуцкая, гасцінец вялікі звыклы Віленскі, гасцінец з Быхава да Магілёва, гасцінец Радашкаўскі, дарога Вялікая Свіслачская, дарога з Кобрына да Гарадка… “Дарога – палимпсест, тора чалавечай гісторыі, што на ёй выдрукоўваюць адныя, сціраюць, выдрукоўваючы сваё, другія
” (Алесь Разанаў).Чарадзейства
Чур неба, чур зямля,
Чур звезды, чур луна
А ты, акаянная, стой,
Ні з места
(З народнага)Начамі цепліліся дзе-нідзе ў хатах лучыны, карчомнае вогнішча прываблівала начных матылёў і выпадковых падарожнікаў, агеньчыкі вандроўных паходняў то з’яўляліся, то губляліся за блізкімі і далёкімі пагоркамі ды ў гушчарах. Панавала ноч, і з кожнага кута хаты і поля, двара і лесу выпаўзала цёмная і таямнічая невядомасць. Пачынаючы з самага свитаня, гды до роботы люди вставали,
і аж до нешпорной гадины на іх абрыналіся тыя самыя жахі і ўяўленні, адно схаваныя пры яркім дні ў самыя неверагодныя лабірынты свядомасці. Бабы-чаровницы, бабы лихие, чародейницы, ведмы адначасова лячылі і калечылі, насылалі паморкі, хваробу кадук припал, варажылі, рабілі кепствы, трымалі астатніх у трымценні і павазе да сябе. Часам нават суд аказваўся бездапаможным перад гэтай праявай, бо складаўся з людцоў розных, якія самі неаднаразова шукалі паратунку ад начной цемры дый нечуваных дзівосаў ці то ў вечаровай малітве, ці то з кремнем и огнивом ля пракаветнага дубу.Нечаканая бяда прыйшла ў дом слонімскага мешчаніна Гаўрылы Навышэвіча ў той момант, калі ў дом ягонай суседкі Іванавай Таўстаногай, которая… в одном доме мешкае, одно в особливой избе,
пасялілася баба-чараўніца Аўдоцця Алешкавая са Студзяніцы, якую гасцінная суседка ховала потаемне в избе своей. А нагода хавання ад чужых вачэй, відаць, была пільная, бо пра бабу тую людзі злое казалі, бо ў подозрени чаровном была. Намовы а прыпуженя людские чинила.